Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскага актывіста выклікалі ў міліцыю на ноч


Ігар Грышанаў, архіўнае фота

Напярэдадні аршанскага «Маршу недармаедаў» (які, магчыма, стане першай у горадзе маштабнай акцыі пратэсту за 16 год), каля 22-й гадзіны 11-га сакавіка актывісту Ігару Грышанаву патэлефанаваў чалавек, які назваўся супрацоўнікам міліцыі. Грышанава папрасілі неадкладна прывезьці дакумэнты, якія тычацца стварэньня газавага каапэратыва.

Актывіст, былы старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёну, Грышанаў насамрэч узначальвае газавы каапэратыў, аднак просьба зьявіцца ў пастарунак пад ноч яго зьдзівіла: ён пацікавіўся асобай міліцыянта і высьветліў, што тэлефанаваў супрацоўнік Аршанскага РАУС Максім Забела. Той патлумачыў, што ў яго начное дзяжурства, і яму вельмі зручна прымаць грамадзян у такі позьні час. У якасьці альтэрнатывы міліцыянт прапанаваў актывісту прывезьці дакумэнты а 7-й раніцы.

Гэткія мэтады працы абурылі Грышанава:

«Я пішу заяву ў пракуратуру! Ці гэта нармальна – тэлефанаваць ноччу, ды яшчэ ў выходныя, з суботы на нядзелю, каб я кудысьці нешта адвозіў?»

«Звышпільнасьць» прадстаўніка праваахоўных органаў абурыла актывіста яшчэ й таму, што днямі ён меў нэгатыўны досьвед зносінаў зь міліцыяй з нагоды рабаўніцтва на сваёй аграсядзібе «Пуцяціна»:

Нехта ўлез да мяне а 4-й раніцы і скраў рэчы, ня кажучы ўжо пра вэрхал, што быў утвораны ў маім хатнім музэі. Аднак міліцыя зьявілася толькі а 16-й дня, хаця я выклікаў яе раніцай

«Нехта ўлез да мяне а 4-й раніцы і скраў рэчы, ня кажучы ўжо пра вэрхал, што быў утвораны ў маім хатнім музэі. Аднак міліцыя зьявілася толькі а 16-й дня, хаця я выклікаў яе раніцай. І тое прыехалі пасьля таго, як я паскардзіўся на „гарачую лінію“ ў Віцебск, што мой выклік ігнаруюць… Шукалі адбіткі пальцаў дзьве гадзіны, а потым заявілі, што пры такім надвор’і – а ў музэі няма сталага ацяпленьня – ніякія адбіткі захавацца не маглі. І тут раптам – такая прага дзейнасьці ў міліцыі, што я мушу ехаць да іх проста ноччу!»

Грышанаў вырашыў, што без позвы, па тэлефонным званку ехаць да міліцыянта няма сэнсу: справа з газыфікацыяй не настолькі тэрміновая, каб не пачакаць да панядзелка. Сёньня а 13-й дня ў Воршы абвешчаны «Марш недармаедаў» — актывіст не выключае, што міліцыя проста шукае нагодаў, каб яго затрымаць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG