Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў заканадаўцам «ня выплюхнуць дзіця». Што гэта значыць?


У час нарады з праваахоўнікамі і кіраўнікамі ведамстваў нацыянальнай бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтыя ведамствы павінны браць удзел у разьвіцьці эканомікі, у тым ліку сачыць за выкананьнем рэжыму эканоміі і змагацца са злоўжываньнямі, перадае БЕЛТА.

Таксама Лукашэнка нагадаў пра даручэньне генэральнаму пракурору сачыць за спагнаньнем запазычанасьцяў з замежных партнэраў беларускіх кампаніяў, бо «нямала сотняў мільёнаў даляраў боўтаецца за межамі краіны — неаплочаных за пастаўленыя паслугі». Акрамя таго, ён цікавіўся, як кампэнсуецца эканамічная шкода ад злачынстваў.

«Справа не ў закручваньні гаек, — сказаў Лукашэнка. — Ніякіх гаек мы закручваць не зьбіраемся. У сувязі з гэтым яшчэ раз трэба зьвярнуць увагу на прапрацоўку крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Усё лішняе трэба прыбраць. Гэты працэс ідзе. Але, яшчэ раз падкрэсьліваю, прыбіраючы, ня выплюхніце дзіця. Састарэлыя нормы нам не патрэбныя ў нашым заканадаўстве. Новыя павінны спрыяць разьвіцьцю эканомікі, а не тармажэньню».

Лукашэнка выкарыстаў крылатую фразу нямецкага паходжаньня (ням. Das Kind mit dem Bade ausschutten), папулярызацыю якой прыпісваюць Марціну Лютэру. У вэрсіі Лютэра яна гучыць як «Ня варта выплюхваць з ванны з бруднай вадой і само дзіця». Гэта значыць: «Калі нешта крытыкуеш, ня варта за дэталямі забываць пра галоўнае».

Як менавіта будзе перапрацоўвацца заканадаўства адносна эканамічных злачынстваў і ці будуць улічаныя заклікі да дэкрыміналізацыі дзеяньняў, якія не ўяўляюць грамадзкай небясьпекі, дакладна не вядома.

Акрамя эканомікі, Лукашэнка таксама зьвяртаў увагу на барацьбу зь цяжкімі злачынствамі і злачынствамі на вёсцы, правы непаўналетніх, гвалт у сем’ях і барацьбу са злоўжываньнем алькаголем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG