Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан перад складаным выбарам: як праходзяць выбары прэзыдэнта ў самай закрытай краіне Цэнтральнай Азіі

На фота: дзейны прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў
На фота: дзейны прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

У нядзелю грамадзяне Туркмэністана прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць і выбраць прэзыдэнта. Пра выбары распавядае тэлеканал «Настоящее Время».

Туркмэністан перад складаным выбарам: як праходзяць выбары прэзыдэнта ў самай закрытай краіне Цэнтральнай Азіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:24 0:00

У сьпісе кандыдатаў дзевяць чалавек, але галоўны кандыдат — цяперашні кіраўнік краіны Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, які носіць афіцыйны тытул «Заступнік». Ён заняў гэты пост 10 гадоў таму, пасьля сьмерці мінулага Туркмэнбашы Сапармурата Ніязава.

На першы погляд, цяперашнія выбары мала адрозьніваюцца ад усіх, якія прайшлі за гэты час. Але толькі на першы погляд. У 2017 годзе працэс абраньня прэзыдэнта Туркмэністана ўпершыню стаў шматпартыйным. Сам дзейны прэзыдэнт вылучаны ад Дэмакратычнай партыі, а сярод яго канкурэнтаў — кандыдаты ад Партыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і ад Аграрнай партыі.

Дзейны прэзыдэнт Туркмэністана піша павучальныя кнігі для грамадзян краіны, займаецца аўтагонкамі, таксама яго ўзвышаюць як майстра верхавой язды, спартоўца, сьпевака і кампазытара. Пры гэтым за апошні год у краіне арыштавалі адразу трох вядомых туркмэнскіх сьпевакоў, а адзін з іх нават прызнаваўся ў сваіх злачынствах у эфіры дзяржаўнага ТВ. Тыя выканаўцы, што засталіся, прафэсіяналізмам не вылучаюцца.

Напярэдадні галасаваньня прэзыдэнт «царскім жэстам» аддаў свой эфірны час на дзяржаўным тэлеканале канкурэнтам па выбарах, каб тыя таксама змаглі правесьці агітацыйную кампанію. Але канкурэнтам гэта мала дапамагло. Хоць Бэрдымухамэдаў і не выступаў з перадвыбарнымі прамовамі, усе трансьляцыі яго сустрэч з насельніцтвам туркмэнская тэлевізія ператварыла ў актыўную перадвыбарчую кампанію прэзыдэнта. Асаблівы ўпор рабіўся на тое, як Бэрдымухамэдаў уручаў падарункі і даваў абяцаньні.

У выніку толькі за апошні перадвыбарчы тыдзень за Бэрдымухамэдава паабяцалі прагаласаваць чабаны, энэргетыкі, супрацоўнікі сілавых структур, спартоўцы і іншыя аўтарытэтныя грамадзяне.

Галоўная інтрыга цяперашніх выбараў — у тым, які менавіта адсотак галасоў набярэ дзейны прэзыдэнт. На першых сваіх выбарах Бэрдымухамэдаў пры ўдзеле шасьці канкурэнтаў набраў 89%. Праз пяць гадоў, ужо сярод васьмі кандыдатаў у прэзыдэнты, ён яшчэ палепшыў свае пазыцыі і атрымаў 97% галасоў выбаршчыкаў. Які вынік пакажа ўсенародна абраны прэзыдэнт у гэты раз — не так ужо важна. Яшчэ ў 2015 годзе ў Ашхабадзе яму пры жыцьці паставілі пазалочаны помнік.

Чытайце яшчэ на «Настоящем времени»: Навошта Туркмэністан уводзіць шматпартыйнасьць

XS
SM
MD
LG