Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-гадовы Віталь Цітоў стаў пераможцам апытаньня БелаПАН «Беларус году — 2017»


Віталь Цітоў
Віталь Цітоў

16-гадовы першакурсьнік Менскага дзяржаўнага прафэсійнага ліцэю № 9 аўтамабілебудаваньня Віталь Цітоў стаў пераможцам апытаньня «Беларус году — 2017», праведзенага ў студзені інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН. 28 кастрычніка на той час 15-гадовы падлетак выратаваў дзевяцігадовага Антона Драздоўскага, які тануў у Сьвіслачы.

Цітоў атрымаў 25 балаў (5 першых месцаў і 5 другіх). За першае месца налічваліся 3 ачкі, за другое — 2, за трэцяе — 1.

Хто ўвайшоў у дзясятку

  1. Віталь Цітоў;
  2. Зьміцер Дашкевіч, адзін зь лідэраў апазыцыі ​— 21 бал (5, 2, 2), Павал Калавур, старшыня праўленьня Нацыянальнага банка — 20 балаў (5, 2, 1).
  3. Уладзімір Макей, міністар замежных спраў (19 балаў);
  4. Віктар Пракапеня, IT-прадпрымальнік, адзін з ініцыятараў дэкрэту прэзыдэнта № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» (18);
  5. Аляксандар Лукашэнка (13)​;
  6. Віялета Скварцова, лёгкаатлетка, якая пакінула найвышэйшую ступень пʼедэстала гонару праз выкананьне чужога гімна (13);
  7. Ніна Шыдлоўская, старшыня рады міжнароднага грамадзкага абʼяднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», грамадзкая прадстаўніца семʼяў фігурантаў «справы патрыётаў» (13);
  8. Сьвятлана Коржыч, маці загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча (12);
  9. Глеб Лабадзенка, ініцыятар курсаў беларускай мовы «Мова нанова» (10);
  10. зборны вобраз «(не)дармаеда» (10).

Хто ўдзельнічаў у апытаньні

Апытаньне было праведзена сярод 70 вядомых людзей у сфэры палітыкі, эканомікі, культуры, мэдыя і інш. Ім было прапанавана назваць тройку кандыдатаў. Калі рэспандэнту цяжка было назваць траіх, дазвалялася назваць двух або аднаго, таксама можна было назваць некалькі прэтэндэнтаў на адно месца.

Сярод удзельнікаў апытаньня — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Вадзім Дзевятоўскі, музыкант Лявон Вольскі, драматург і кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык, IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня, галоўныя рэдактары газэт «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч і «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч.

Віталя Цітова ў сваіх адказах назвалі Алена Анісім, навуковец і дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў, гендырэктар агенцтва «Минск-Новости» Кацярына Дубінская, дырэктарка камунікацыйнага агенцтва «АГТ-Беларусь» Ірына Імсагулова, галоўны рэдактар газэт «Прессбол» Сяргей Кайко, паэт Уладзімер Някляеў, дырэктар Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ Давыд Ротман, галоўны рэдактар «Народнай газеты» Ігар Савосьценка, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі і эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

Упершыню апытаньне «Беларус году» было праведзена ў 2015 годзе сярод 50 экспэртаў. Яго пераможцам стала ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

У 2016-м беларусам году быў названы Зьміцер Дашкевіч (60 рэспандэнтаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG