Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем


Язэп Драздовіч. Вокладка графічнага альбому „Вільня“. 1930. З сайту drazdovich.by
Язэп Драздовіч. Вокладка графічнага альбому „Вільня“. 1930. З сайту drazdovich.by

Сьцісла:

  • Вільня — спрадвечная назва гораду Вільнюс па-беларуску.
  • Традыцыйныя назвы замежных гарадоў (як Парыж або Беласток у нас) мае кожная мова. Літоўцы называюць беларускія гарады адпаведна ўласнай традыцыі (Gardinas, Smurgainys).
  • Vìlnia першая назва гораду і ў літоўскіх гаворках. Яна ад рэчкі з той самай назвай. Vilnius — пазьнейшае ўтварэньне.
  • У нашым фальклёры і літаратуры (скажам, у „Новай зямлі“ Коласа) вобраз Вільні займае годнае месца.
  • Мы не пакрыўдзім нашых суседзяў, называючы горад беларускім імем.

У „Новай зямлі“ Якуба Коласа ёсьць разьдзел "Дзядзька ў Вільні":

Антось да Вільні пад’яжджае
I свой гарнíтур папраўляе.

Усе гэтую паэму ў школе, так бы мовіць, праходзілі. І бывалі людзі, якія да размовы са мной не падазравалі, што Коласава Вільня і цяперашні Вільнюс — гэта той самы горад. І што прыяжджаючы на тамтэйшы вакзал, яны ідуць тымі самымі тунэлямі, што й дзядзька Антось.

У кожнай мове нямала свойскіх найменьняў для тых гарадоў, паселішчаў і рэк, што цяпер за мяжой. Пагатоў межы пашырэньня моваў (былыя ці актуальныя) не заўсёды супадаюць зь дзяржаўнымі. Дзе былі або жывуць дагэтуль беларускія дыялекты, былі і ёсьць беларускія геаграфічныя найменьні.

Ці ня крыўдзім мы суседзяў, называючы паселішчы ў суседніх дзяржавах па-беларуску — Гайнаўка, Беласток, Сьвянцяны, Дзьвінск, Вялíж? Ня думаю. Назвам такім сотні гадоў, яны традыцыйныя. Дарэчы, французы не крыўдуюць, калі мы іхную сталіцу шмат вякоў завём не „Пары“, а Парыж.

Пагатоў па-літоўску некаторыя гарады ў Беларусі таксама завуцца традыцыйна з інакшымі асновамі: Горадня — Gardinas, Смаргоні — Smurgainys, Наваградак — Naugardukas, Іўе — Yvija... (Увага: формы Minskas, Pinskas або Lepelis — ня зьмененыя, не „літуанізаваныя“, а маюць звычайны канчатак назоўнага склону мужчынскага роду -as/-is: іначай іх па-літоўску не праскланяеш).

Вільня — гэта ж і па-літоўску!

Для многіх будзе адкрыцьцём, што форма Вільня — таксама і літоўская.

„Гэтае словаўжываньне яшчэ сустракаецца і ў нашы дні (каля Рамігалы, Гелванаў, Шэдувы, Гервятаў і ў іншых месцах)“. Няма сумневаў, што форма Vìlnia — рэальны факт жывой мовы. Латыскае Viļņa [Вільня] гэта толькі пацьвярджае“,

піша найбольш аўтарытэтны літоўскі тапаніміст Аляксандрас Ванаґас.

Вось жа Vìlnia — першасная, найбольш старажытная назва гораду ў літоўскіх гаворках і, відавочна, у беларускіх. Адкуль яна?

Вільня на Вільні

Часта ў нашым рэгіёне назва гораду, разьмешчанага на ўпадзеньні меншай ракі ў вялікую, утваралася ад імя гэтай меншай. Напрыклад, на Дзьвіне: Полацак — Палата, Віцебск — Віцьба, Дрыса (цяпер „Верхнядзьвінск“)Дрыса, Дзісна — Дзісна (цяпер рэчка завецца Дзісёнка) і г. д.

Гэтаксама тапанімісты і этымолягі згодныя, што назва гораду Вільня паходзіць ад гідроніма Вільня (Vìlnia). Гэта тая меншая, але быстрая рэчка, левы прыток Вяльлі, якая ўпадае ў яе каля Замку і Гедзімінавай гары, а вышэй аддзяляе Зарэчча — якое многія ведаюць як „рэспубліку Užupis“ — ад Cтарога гораду.

„Памежны знак“ Зарэчча, аддзеленага Віленкай ад Cтарога гораду
„Памежны знак“ Зарэчча, аддзеленага Віленкай ад Cтарога гораду

Сучаснае літоўскае імя рэчкі Vilnẽlė — калька зь яе беларускай памяншальнай назвы Віленка.

Першаю пісьмоваю згадкаю назвы Вільні лічыцца лацінская фраза in civitate nostra regia Vilna dicta (‘у горадзе нашым каралеўскім, Вільняю/Вільнаю званым’) у лісьце Гедзіміна нямецкім гарадам і кляштарам ад 1323 году. У старабеларускіх тэкстах спачатку, з XV стагодзьдзя пачынаючы, суіснавалі Вильня / у Вильни і Вильна / у Вильне (параўнайма дублеты ГораднаГорадня, КоўнаКоўня). Але паступова Вильня запанавала.

Форму Vilnius па-літоўску пачалі ўжываць прыблізна зь XVII ст. (М. Даўкша ў сваёй „Пастыле“ 1600 году). А. Ванагас думае, што яна ўзьнікла пад уплывам польскай назвы Wilno (у літоўскай ніякага роду назоўнікаў няма, у пазычаньнях ён мяняецца на мужчынскі). А Wilno, у сваю чаргу, — ад старабеларускага варыянту Вільна.

Сутокі славянскіх і балцкіх рэк

Вялікая рака, на якой стаіць Вільня, гістарычна па-беларуску завецца Вяльля. Форма Велья была ў старабеларускіх тэкстах, Вяльлёю раку завуць і ў сучасных беларускіх гаворках, адсюль беларуская народная назва гораду Вялейка. З паходжаньня гэта славянская назва, корань той самы, што ў прыметніку вялікі. Вілія, Вілейка — пазьнейшыя зьмены, ад польскіх вэрсіяў гэтых назваў. (Ніжэй за Вільню літоўскамоўныя жыхары здаўна звалі тую самую раку Nerìs, назва балцкая, корань як і ў nerti ‘нырцаваць’.)

А славянская ці балцкая назва меншай рэчкі — Вільні? Больш аргумэнтаў за балцкі корань: vilnyti ‘хвалявацца’, vilnis ‘хваля’.

Але магчымая і славянская вэрсія, параўн. у беларускага дасьледніка мікратапанімікі Івана Яшкіна народны тэрмін вільня ‘улукаткі, крутня, месца, дзе трэба круціцца, віляць на абмежаванай тэрыторыі (напрыклад, ісьці па балотных купінах і інш.); віляньне’. Запісаны, праўда, далекавата — ля Прапойску (цяп. Слаўгарад).

Зрэшты, і ў сучаснай Беларусі мноства гідронімаў балцкага паходжаньня — ад Іслачы да Лошы, ад Гаўі да Лучосы, якія сьведчаць пра балцкі субстратны фон нашае мовы.

Вільня як узор ладу ў народнай мудрасьці

Яшчэ Міхал Фэдэроўскі запісаў пад Ваўкавыскам два варыянты прыказкі, якую можна лічыць квінтэсэнцыяй нацыянальнага мэнталітэту: „Круці жорна пільне, то і тут будзе табе Вільня“. І другі варыянт — эмацыйны, тым, да каго адразу не даходзіць: „Рабі, курва, пільне, то і тут будзе Вільня!“

Фальклярысты 2-й паловы ХХ стагодзьдзя запісалі спакайнейшую вэрсію рабі пільна — і тут (і дома) будзе Вільня. Сталічнага ўзроўню жыцьця і культуры дасягнуць можна ўсюды, калі шмат і сумленна працуеш.

Беларуская літаратурная Vilniana

Яна складзе ладны том выбітных твораў. Колас у згаданай эпічнай паэме Вільню зарыфмаваў:

А першым дзелам справа пільна —
Паехаць трэба ў банк у Вільню...


На Вільнюс ніяк не заменіш ). А Ўладзімер Жылка напісаў сапраўдны гімн Вільні зь вястунскімі ноткамі:

О Вільня, крывіцкая Мэкка!
О места, — ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнас
ьць павекаў,
Узьнята рашуча брыво! (...)

І ты ці чакаеш пад зьдзекам,
Што бомкне ўрачыстая медзь?
О Вільня, крывіцкая М
экка!
Ці варта прарока ты стрэць?

Сучасныя паэты і барды вярнуліся да віленскіх вобразаў. У Зьмітра Бартосіка ў альбоме „Дарога на Вільню“ апеты нават віленскі кот. У Вінцэся Мудрова кніга прозы „Восень у Вільні“ пра падзеі 1939 году. А раней Сяржук Сокалаў-Воюш, які ўпершыню прыехаў быў у Вільню разам са мною, пад уражаньнем пабачанага і адчутага напісаў цыкль паўстанцкіх песень — пра 1863 год у горадзе Каліноўскага.

Міжваенная Вільня памятае імёны выдатных беларусаў. Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ніяк не назваеш „Вільнюскім“, дый патрэбы ў гэтым няма.

Памятныя для мяне і маіх сяброў пешыя падарожжы па Вільні, калі сын аднаго з айцоў БНР — Антона Луцкевіча — Лявон раскрываў нам беларускую гісторыю ледзьве ня кожнага дому, усіх вуліц і пагоркаў. І як добра, што ён пасьпеў напісаць пра гэтыя вандроўкі кнігу.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00
Наўпроставы лінк

Палякі не адмаўляюцца ад уласнага старадаўняга варыянту назвы гораду над Вяльлёй — Wilno. І нам ня трэба саромецца формы Вільня. Нікога яна не пакрыўдзіць і не абурыць. У сваю чаргу і мы мусім з разуменьнем успрымаць, напрыклад, літоўскую назву Горадні Gardinas.

Больш за тое. У вінавальным склоне беларускі назоўнік Вільня і сучасны літоўскі Vilnius супадаюць. Куды едзеш? — У Вільню! Į Vilnių! Даю 100%, што вас зразумее літоўскі памежнік. Для пэўнасьці можаце дадаць — да Каліноўскага.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG