Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясковы ВІЧ: небясьпечны вірус вандруе па «мядзьведжых кутках» Беларусі


Вірус імунадэфіцыту чалавека пад мікраскопам, ілюстрацыйнае фота

У Жлобінскім раёне ў 64 вясковых паселішчах зафіксаваныя выпадкі ВІЧ-інфэкцыі. Яшчэ нядаўна СНІД лічыўся нібыта «гарадзкой» хваробай.

Пандэмія ВІЧ — як дзьве вайны

Эпідэмію інфэкцыі, выкліканай вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), параўноўваюць іншы раз зь дзьвюма ўсясьветнымі войнамі — па колькасьці ахвяраў і шкодзе, нанесенай грамадзтву.

У Беларусі сумнае лідэрства сталіцы ВІЧ/СНІД належыць 70-тысячнаму Сьветлагорску — гораду хімікаў, будаўнікоў, энэргетыкаў, нафтавікоў. З 23,7 тысячы ВІЧ-інфікаваных грамадзянаў, якія жывуць у Беларусі, на Сьветлагорск прыпадае блізу 4 тысяч. У суседнім Жлобіне зь сярэдзіны 90-х зарэгістравана 1622 выпадкі захворваньня на ВІЧ.

У чвэрці — вясковая прапіска

Да нядаўняга часу лічылася, што небясьпечная хвароба мае перадусім гарадзкую «прапіску». Дэталёвае вывучэньне сытуацыі ў Жлобінскім раёне калі не абвергла цалкам такую думку, то моцна пахіснула. Пра гэта, прынамсі, сьведчыць статыстыка, пададзеная Жлобінскім цэнтральным раённым шпіталем паводле стану на пачатак верасьня 2017 году. З 67 вёсак і паселішчаў толькі ў трох няма ВІЧ-інфікаваных жыхароў. Ва ўсіх астатніх — ёсьць.

Дабрагошча, архіўнае фота
Дабрагошча, архіўнае фота

Прыкладам, у аграгарадку Луцкім такіх 21, у Нівах — 14, у Чырвоным Беразе — 13, у Мормалі і Малевічах — па 10, у Антонаўцы, Папаратным, Пірэвічах — па 5, у Калыбаўцы — 4, у Кабанаўцы — 3, у Атрубах, Зарэччы, Албе — па 1.

Лекар-інфэкцыяніст Вераніка Нікалаенка такі «ўсплёск» тлумачыць скрынінгавымі захадамі мэдычных установаў, высілкі якіх скіраваныя на раньняе выяўленьне захворваньняў.

«Міграцыя насельніцтва высокая, таму ВІЧ і трапляе ў вёску. Зь іншага боку, людзі не заўсёды дбаюць пра засьцярогу: бальшыня пацыентаў заразіліся палавым шляхам», — кажа інфэкцыяніст Нікалаенка.

Кабанаўка, архіўнае фота
Кабанаўка, архіўнае фота

На ўліку ў кабінэце інфэкцыйных захворваньняў у Жлобіне цяпер стаяць 1105 чалавек — 1 працэнт ад усяго насельніцтва раёну. Зь іх у горадзе жывуць 853, у вёсцы — 270. Чацьвёртую частку сярод ВІЧ-інфікаваных складаюць наркаманы. Палавым шляхам «здабылі» сабе статус заражаных вірусам імунадэфіцыту 73,3 адсотка пацыентаў.

«Унутры людзей зашмат абыякавасьці да сябе»

У вёсцы Саланое выяўлена 12 ВІЧ-інфікаваных жыхароў. Па зьвестках мясцовых мэдыкаў, некалькі чалавек «прывезьлі» небясьпечную інфэкцыю зь месцаў пазбаўленьня волі, у астатніх паходжаньне яе ня высьветлена.

«Гэта можа нават здарыцца і падчас пераліваньня крыві. Але найбольш людзей заражаюцца, канечне, праз палавыя сувязі. Таму мы, дзе толькі можам, тлумачым, асабліва маладым, пра засьцярогу, узважаныя дачыненьні з партнэрамі», — кажуць у мясцовым фэльчарска-акушэрскім пункце.

Старшыня Саланецкага сельскага савету Ігар Пякурын перакананы, што ў іхнім паселішчы наркаманы вывеліся: адны зьехалі, іншыя выправіліся ў лепшы сьвет. Найбольшыя праблемы — ад неразборлівых любошчаў.

«Горад ад нас недалёка — людзі снуюць туды-сюды. Без аглядкі знаходзяць сабе пары — і нажываюць праблемы. Мы пра ВІЧ стэнды афармляем, мэдыкі гутаркі ў школах праводзяць. Але цяпер унутры людзей зашмат вольнасьці, якая мяжуе з абыякавасьцю да самога сябе. Калі чалавек сам ня дбае пра сваё здароўе, сваю бясьпеку, яму наўрад ці хто дапаможа», — кажа вясковы кіраўнік.

У невялікай вёсцы Дабрагошча, што на краі Жлобінскага раёну, таксама зарэгістравана 9 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі.

«У нас наркаманы — яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Раней тут быў пантонны мост празь Бярэзіну. Можна сказаць, у Сьветлагорск упіраўся. Езьдзілі роварамі, матацыкламі. Нашы ВІЧ-інфікаваныя зь ліку тагачасных наркаманаў, хто быў маладзейшы, атрымліваў тэрапію і выжыў», — кажуць мэдыкі з тутэйшай амбуляторыі.

Любы ўзрост вірусу падуладны

Узрост ВІЧ-інфікаваных у Жлобінскім раёне характэрны для іншых рэгіёнаў. Найбольшую долю хворых складаюць грамадзяне ад 20 да 39 гадоў — агулам 920 чалавек. Трапляюцца, аднак, і пятнаццацігадовыя падлеткі, а таксама пэнсіянэры, якім 67–68 гадоў.

Раённая мэдычная статыстыка сьцьвярджае, што за апошнія два дзесяцігодзьдзі ў горадзе і вёсках памерлі 530 ВІЧ-інфікаваных пацыентаў, у тым ліку трое дзяцей — ад СНІДу. За гэты ж час ад мацярок, якія заражаныя вірусам імунадэфіцыту чалавека, нарадзілася 323 дзіцяці, зь якіх 29 — ВІЧ-інфікаваныя.

І гэтая акалічнасьць дае падставу спэцыялістам сьцьвярджаць, што небясьпечная інфэкцыя будзе ўзнаўляцца і праз будучыя шлюбы інфікаваных маладых людзей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG