Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 верасьня 2017 году ў Сан-Францыска памёр Віктар Сянькевіч. Адзін толькі пералік асноўных падзей ягонага лёсу ўражвае. Актыўны ўдзел у стварэньні Саюзу Беларускай Моладзі. Адступленьне зь немцамі. Пераход да францускіх партызанаў. Вайна ў Італіі. Сеча пад Монтэ-Касіна. Філязофскі факультэт Мадрыдзкага ўнівэрсытэту. Доктарская дысэртацыя пра пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. Жыцьцё ў Гішпаніі, пераезд у Штаты. Праца на Радыё Свабода — дзякуючы якой гэтага чалавека ведалі ў савецкай Беларусі. А ягоны «Гістарычны каляндар» для многіх стаў акном у праўдзівую гісторыю свайго краю. Таму і не забываецца ягоны псэўданім: Язэп Барэйка.

Язэп Барэйка
Язэп Барэйка

Апошнюю волю гісторыка — быць пахаваным у роднай вёсцы Гірстуны — выканаў ягоны сын Міхаіл, зь якім мы сустрэліся ў дзень пахаваньня і пагутарылі пра апошнія гады жыцьця Язэпа Барэйкі. Міхаіл, маладжавы, падцягнуты, усьмешлівы 65-гадовы мужчына прыехаў на радзіму бацькі з прыгажуняй жонкай — японкай і малодшым сынам. Для мяне было дзівам, што сын Барэйкі не гаворыць па-беларуску. Але дзякуй, што разумее.

— Я пачаў слухаць Радыё Свабода ў 1990 годзе. І для мяне адным з галоўных галасоў быў голас Язэпа Барэйкі. Чым ён жыў апошнія гады?

— Чытаў вельмі шмат. Слухаў навіны. Стараўся ўвесь час трымаць Беларусь блізка да сэрца.

— Ён не зьбіраўся наведаць радзіму?

— Ён заўжды вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. Жыць тут. Калі Савецкі Саюз разваліўся, ён быў гатовы прыехаць. Меў кантакты зь беларускім пасольствам, каб яму далі пашпарт. Бо ён ніколі ніякага грамадзянства ня ўзяў. Ён усё жыцьцё жыў без грамадзянства. Бо хацеў мець толькі беларускае грамадзянства. Пасольства сказала — так. Будзе грамадзянства. Але пасьля, вы ведаеце, Беларусь памянялася. Лукашэнка прыйшоў. І бацька не пагадзіўся прыяжджаць сюды. Чакаў, што зноў памяняецца, але не пасьпеў.

Міхаіл
Міхаіл

— Баюся, што мы таксама можам не пасьпець. Ён падтрымліваў сувязі з дыяспарай?

— Так. У яго быў друг харошы, Янка Сурвіла. Ён памёр 20 гадоў таму. Ён быў вельмі дарослы, калі памёр. 91 год. І вакол былі ўсе дарослыя. Пэўны час ён трымаў кантакты з Васілём Быкавым. Яны часта размаўлялі па тэлефоне.

— Ці слухаў ён Радыё Свабода?

— Пасьля 1991 году прыйшла зусім іншая генэрацыя людзей. Ягоныя сучасьнікі адышлі. Ён стаў больш пісаць для Радыё Ватыкана. Пра рэлігію. Ягоным галоўным прадметам была гісторыя. Ён траціў усе свае грошы на кнігі, на вучобу. Ён зарабляў добрыя грошы на Радыё Свабода. Але мы не жылі на стандарце, які ён зарабляў. Бо столькі траціў на сваё хобі, на сваю Беларусь. Мая мама руская. Яна ўмела чытаць па-беларуску, але рускія кнігі хацела больш чытаць.

Аказваецца, Беларусь у вачах сямейнікаў была дарагім хобі. Сытуацыя нярэдкая і ў самой Беларусі.

— Ён аддаў свае кнігі ў каталіцкі ўнівэрсытэт у Памплоне. Каля дзесяці тысяч кніг. 90 працэнтаў гэтых кніг былі беларускія. Я гэта добра помню, бо мусіў тыя скрыні цягаць з трэцяга паверха ўніз. І нямала кніг ён забраў у Амэрыку. Мы іх аддалі ў публічную бібліятэку Сан-Францыска.

У Італіі
У Італіі

Праца на Радыё Свабода ў вольным сьвеце ў разгар халоднай вайны не была бесклапотнай і бясьпечнай. Пэўны час сямʼя жыла ў франкісцкай Гшпаніі пад аховай паліцыі.

— Быў час напрыканцы 60-х, калі наш дом быў пад аховай гішпанскай паліцыі. Бо некаторыя супрацоўнікі Радыё Свабода былі забітыя ў Нямеччыне. Я памятаю, як каля дома пастаянна дзяжурыла паліцэйская машына. І яго суправаджала ахова, калі ён ішоў на працу. Гэта цягнулася паўтара года. У 1968 і 1969 годзе.

Віктар Сянькевіч быў рэлігійным чалавекам. Шчырым рыма-каталіком. Але адной рэчы ён ня мог дараваць нават пантыфіку.

— Пра Монтэ-Касіна ён расказаў мала. Як там было цяжка, які там быў смурод. Ён быў пакрыўджаны на папу Рымскага. На Яна Паўла ІІ, які ні разу не сказаў, што там былі беларускія салдаты. Як быццам іх не было зусім. Толькі палякі.

А вось зусім нечаканы факт. Беларускі хлопец пасьля страшных баёў у Італіі сталаваўся ў доме Ракеле Мусаліні.

— Мусаліні меў жонку. Павесілі яго з каханкай. Жонка ягоная па вайне жыла ў Італіі. І яна любіла бацьку, варыла яму ежу. Там была база іхнай арміі. Ён вельмі добра яе ўспамінаў, якая яна была добрая жанчына. Калі б яна не была жонкай Мусаліні, ніхто б пра яе ня ведаў. Яна простая жанчына, нічым не знакамітая. Яна, вядома, была нашмат старэйшая за бацьку. Але любіла яму гатаваць.

Краязнаўца Ўладзімер Скрабатун перапісваўся зь Віктарам Сянькевічам да 1997 году. Уладзімер пасьпеў у свой час пагаварыць у Гірстунах з тымі, хто памятаў Сянькевіча.

Уладзімер Скрабатун
Уладзімер Скрабатун

— Я езьдзіў у Гірстуны ў 1993 годзе. Знайшоў гэты дом. Знайшоў нейкую далёкую ягоную сваячку Зоню. «А каб ён адрас даў. Мы б напісалі яму». Я яму паведаміў у лісьце, што сваякі хочуць перапісвацца. Ён адразу адпісаўся: «У мяне вельмі малая пэнсія. І нікому дапамагаць ня буду».

— А хто-небудзь памятае яго па часах Саюзу Беларускай Моладзі?

— Зайшоў да адной цёткі, якая хворая ляжала ў ложку. Я пачаў яе распытваць, ці памятае такога. «Ды помню! Хадзіў тут ва ўніформе. Усе баяліся яго. Мяне ў беларускі запісаў. Я не змагла нават у Польшчу выехаць». Услужыў, карацей. Кляла як магла яго. З полькі запісаў беларускай. Ён мне пісаў, што каля 150 юнакоў і юначак ва ўніформе маршыравалі па Глыбокім. Сьпявалі беларускія песьні. Заходзілі ў царкву, дзе былі беларускія набажэнствы, заходзілі ў касьцёл на беларускія набажэнствы. Добрым словам згадваў ксяндза Антона Зянкевіча, які спрыяў беларусізацыі касьцёла.

На могілкі прыехала радня — чалавек пятнаццаць. З Глыбокага, з Шуміліна, зь Менску. Стары Іван Сінкавец — сын стрыечнага брата нашага героя. Язэпа Барэйку ён ня ведаў.

Іван Сінкавец
Іван Сінкавец

— Я чытаў толькі ягоныя публікацыі. Часопіс «Зважай». Пры савецкай уладзе ён баяўся прыяжджаць. Баяўся, што яго вылічаць. Нават зваротны адрас свой пісаў кудысьці «да запатрабаваньня». Трэба гэта разумець. А напрыканцы жыцьця ўжо ня тое было здароўе.

Побач з магілай маці, Мальвіны Сенкавец, пахавалі скрынкі зь дзьвюма урнамі. Прах Віктара Сянькевіча і ягонай жонкі Ірыны Барташэвіч, якая памерла 11 гадоў таму. Радня кінула па жмені зямлі. І беларускай, і амэрыканскай.

Што ж засталося, акрамя магілы? У пустой вёсцы Гірстуны засталася пустая радавая хата. Застаўся велізарны беларускі кнігазбор у Гішпаніі. А яшчэ застаўся незабыўны голас Язэпа Барэйкі. Як памяць пра часы, калі вольнае беларускае слова слухалі праз савецкія глушылкі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:02 0:00
Наўпроставы лінк

Гістарычны цыкль «На хвалі Свабоды»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG