Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выратаваў палкоўнік-эсэсавец. Неверагодныя гісторыі ўнука ахвяры з «Картатэкі Сталіна»


Неверагодныя гісторыі жыцьця і сьмерці ад хутараніна з-пад Докшыц​.

Гэтага чалавека я ўбачыў, калі ехаў па дарозе зь Вялейкі на Докшыцы. А ён ехаў на ровары з Докшыц. Я, вядома, ня мог не затармазіць, каб палюбавацца ім. Чорнае паліто, кепка, круглыя акуляры і белая доўгая барада. «Няўжо сьвятар?» — падумаў я. Але чаму на ровары? Так павінен выглядаць сапраўдны сьвяты Мікола. Так можа выглядаць стары вясковы настаўнік. Разгаварыліся. Чалавека завуць Сяргей Бабаец. Яму неўзабаве 80 гадоў. І ён не настаўнік, а былы трактарыст. Жыве разам з жонкай на хутары, каля вёскі Краснае Беразіно. У Докшыцы стары езьдзіць кожны тыдзень. Каб набыць у кіёску «Народную Волю» ды «Свободные новости». Даведаўшыся, што я з Радыё Свабода, спадар Сяргей запрасіў мяне на свой хутар. Дзе я пачуў некалькі неверагодных гісторый з жыцьця ягонай сямʼі, якімі і хачу падзяліцца з вамі.

Палкоўнік Камінскі

Першая гісторыя пра тое, як у красавіку 1944-га ён, тады зусім маленькі хлопчык, і яшчэ 70 ягоных аднавяскоўцаў маглі загінуць ад рук нацысцкіх карнікаў. Але іх вызваліў ад сьмерці адзін чалавек, імя якога добра вядомае гісторыкам.

«У нас на Вушаччыне была самая партызаншчына. Прыйдуць да хаты зь лесу. А пасьля машыны едуць нямецкія. Па тыднях, бывала, у лесе сядзелі. Пасьля блякада была. Партызанаў душылі. Дык нас выратаваў Камінскі такі, палкоўнік „Асвабадзіцельнай“ арміі (РОНА — „Русская освободительная народная армия“; на той час уваходзіла ў склад СС. — РС). У 1944 годзе, у канцы красавіка. Мне ўжо гады чатыры было. Раніцай уварваліся ў вёску карнікі. У нямецкай форме, але ня немцы. Гэта літоўцы былі. Усіх на вуліцу павыганялі. І паходнямі пад страху. А стрэхі саламяныя былі. Хаты загарэліся. Усіх сагналі да возера. Чалавек семдзесят было. Старыя, бабы ды дзеці. Мужыкі хто на фронце, хто ў партызанах. Бабы ў голас, але што зробіш? Ідзём. І раптам вершнік на кані ляціць. У нямецкай форме. Гэтыя камандуюць: „Сесьці!“ Селі. Падляцеў. Гэтыя пад казырок. Бо палкоўнік! Ён нешта на іх накрычаў. Ну і падаліся яны ад нас, як сабакі пабітыя. А ён нам кажа: „Ня думайце нікуды разьбягацца. Мы вас эвакуіруем у бясьпечнае месца. Тут будуць вялікія баі“. Завялі нас на тартак. Там стаялі два крытыя нямецкія дызэлі. Малады шафёрчык малых дзяцей пад паху — і ў кузаў. Старым дапамагалі залазіць. І прывезьлі нас у Стары Лепель. Стараста вёскі кажа: „Раскватараваць!“ Нас па хатах раскватаравалі, і тыдні з тры мы там жылі. А пасьля прыйшлі чырвоныя. Вось так. Палкоўнік Камінскі».

Браніслаў Камінскі — стваральнік РОНА, нацысцкі злачынца, якога асабіста ўзнагароджваў Генрых Гімлер. Кіраўнік аднаго з самых вялікіх карных атрадаў. Чалавек, якога расстралялі немцы за зьверствы, учыненыя ягонымі падначаленымі падчас здушэньня Варшаўскага паўстаньня. Што рухала ім, калі ён пашкадаваў жыхароў вёскі Лагі? Пра гэта мы ўжо не даведаемся. Але факт застаецца фактам. Сваім жыцьцём мой суразмоўца абавязаны менавіта Камінскаму.

«Толькі для калхозьнікаў!»

Слова «бальшавікі» Сяргей вымаўляе зь непрыхаванай пагардай. Ягоны дзед па маці, Міна Дарафеевіч, працаваў на заводзе ў Пецярбургу, каб купіць сваю зямлю.

«Памешчык мясцовы ўжо адчуваў, што глупства нейкае будзе. Стаў распрадаваць зямлю. І прадаў дзеду паўвалокі. Гэта 9 гектараў. Там трохі лесу было і бераг ракі. Цешыўся! А пасьля калхозы прыйшлі. Адабралі поле добрае. „Мы табе ў іншым месцы адмераем“. Адмералі пустой пясчанай зямлі за два кілямэтры. А ў краму прывязуць якія анучы ці тканіны. Мама пойдзе. „Толькі для калхозьнікаў! Аднаасобнікам няма“. Прыйдзе дамоў, галосіць. Вось такое шчасьце. Дзед напіўся і ўступіў у калхоз».

Тут з хаты выйшла жонка Сяргея. Вясёлая глухаватая кабета. І ўзнагародзіла мяне новым, дагэтуль ня чутым нідзе словам «дзялуеце».

Нямецкія правакацыі 1941-га

Мы схаваліся ад жонкі ва ўтульнай, чыстай хаце, дзе Сяргей расказаў мне наступную гісторыю. Пра сьмерць свайго бацькі Паўла. Той загінуў у 1941 годзе. На самым пачатку вайны. Вось якія апэрацыі ладзілі гітлераўцы, каб зьнішчыць у зародку супраціў.

«Як прыйшлі немцы, дык быў у Бягомлі прыслужнік нямецкі. Хадзіў па Бягомлі. „Хто хоча, мы празь лінію фронту перавядзём“. Прызначыў пэўны дзень. „Зьбірайцеся“. На гэтую агітацыю і бацька клюнуў. Завёў людзей у лес. „Ідзіце па прамой. А я застаюся тут“. А немцы там ужо чакалі. І як выйшлі на адкрытае поле, запрацавалі аўтаматы. Каторыя кінуліся назад у лес, іх тут сустрэлі. Адзін хлопец 17 гадоў кінуўся ў разорыну і ляжаў. Цэлы застаўся. А астатніх хадзілі дабівалі. На наступны дзень прыехалі на падводах. Пазьбіралі і закапалі ў нейкім карʼеры. У тым ліку і майго бацьку. Гэту гісторыю маёй маці расказаў той чалавек, які выжыў. Перад сваёй сьмерцю расказаў. А дзядуля мой па бацькавай лініі пад Віцебскам ляжыць. Расстраляны як „вораг народу“ ў 1937-м».

Імя з «Картатэкі Сталіна»

У нашай «Картатэцы Сталіна» Язэп Казіміравіч Бабаец пазначаны як Бабаед. Напэўна, энкавэдэшная машыністка дапусьціла памылку, ад чаго прозьвішча ворага народу стала нейкім зусім «варожым». Але ў астатнім картатэка ня хлусіць.

«БАБАЕД Язэп Казімеравіч, нар. 1879 у в. Малая Чарніца Бягомльскага р-ну, паляк, зь сялян, калгасьнік-рахункавод калгасу ў в. Малая Чарніца. Арыштаваны 37.08.24. Асуджаны 37.11.19 пастановай НКВД СССР і Пракурора СССР за шпіянаж, а/с агітацыю паводле арт. 68, 72 КК БССР да ВМП. Расстраляны 37.12.29 у г. Віцебску. 59.08.31 справа пераглядалася ВТ БВА. УКГБ Віцебскай вобл. 12155-П».

За гэтымі сухімі радкамі, за гэтымі датамі паміж жнівеньскім днём арышту і ноччу расстрэлу, перад самым Новым годам, — доўгія месяцы катаваньняў і допытаў, пра жахлівыя дэталі якіх мы ўжо не даведаемся ніколі. Але пра тое, што папярэднічала арышту, мой суразмоўца, унук Язэпа Сяргей Бабаец, ведае выдатна. У кожнага пакутніка 37 году быў свой трагічны шлях. Чалавек ніколі ня ведаў, ня мог нават падумаць, якая падзея жыцьця, часам самая звычайная, можа паслужыць той зачэпкай, якая зацягне ў жорны рэпрэсій. Дык вось у выпадку зь Язэпам Бабайцом той фатальнай падзеяй стала каханьне. Калі малады віленскі паліцыянт Язэп Бабаец закахаўся і ажаніўся зь дзяўчынай з-пад Ашмянаў. Здарылася гэта яшчэ да бальшавіцкага перавароту, але адгукнулася пазьней. Слухаем Сяргея Бабайца.

«Дзед Язэп служыў у царскай арміі, у Віленскім гарнізоне. Адслужыў. Дамоў, у вёску, ехаць не хацелася. Застаўся ў горадзе. Стаў паліцыянтам, гарадавым. Далі яму Ашмяны. Вось там ён і бабулю маю сустрэў, Ганну Дзьмітрыеўну. Пазнаёміліся і пажаніліся. А потым бацька піша: „Я стаў зусім слабы. Прыяжджай, сынок. Пойдзеш на маё месца. Будзеш у памешчыка аканомам“. Пераехаў. А затым што? Зрабілася рэвалюцыя. Ён застаўся на зямлі. Перад гэтай рэвалюцыяй бабуліна сястра пераехала да іх. І яна таксама замуж выйшла ў Чарніцу. А пасьля паўстала граніца. Там, у Ашмянах, маці па дочках непакоіцца. Ні водгуку, ні ліста, нічога няма. Паслала сына. „Сыночак, зьезьдзі! Мо дабярэсься туды“. Ну, сын дабраўся. У Галубіцкай пушчы яго перавялі празь мяжу. Прыйшоў у Чарніцу. Ноч пераначаваў — і назад. І суседзі данесьлі. Што быў нейкі незнаёмы, добра адзеты. Уварваліся ў хату энкавэдысты. „Зьбірайся!“ Забралі летам. Праз паўгода суд. „Польскі шпіён. Расстрэл“. Сталіна я не віню. Болей сваіх».

Сказ пра Пятра Міронавіча

Размова пакрысе перайшла на дзень сёньняшні. Пра які мой суразмоўца дазнаецца з «Народнай Волі» і «Свободных новостей».

«Лукашэнка з Колькам паляцеў у Арабскія Эміраты. У Колькі канікулы. У колькі ж абыходзяцца гэтыя палёты і адпачынкі? Дома не сядзіць. Самы кіраўнік, якога я цаніў, цаню і за сьмерцю буду цаніць, гэта быў Машэраў».

Спадар Сяргей пачаставаў мяне легендаю пра Пятра Міронавіча Машэрава, у якой кіраўнік БССР выступае ў вобразе ідэальнага начальніка.

«Куды ён ні прыедзе, паўсюль гасьцінна сустракаюць. Рэстараны, гасьцініцы! Павязуць ва ўзорныя калгасы. Паказваюць, якое жыцьцё цудоўнае. І яму западозрылася. Ён дае каманду: „Падрыхтуйце верталёт на Брэстчыну“. Яму падрыхтавалі. Туды ўжо званкі пайшлі, каб усё напагатове было. Падняўся ён зь Менску. Троху адляцеўшыся быў. І кажа лётчыку: „Разварочвайся на Віцебск“. Ляцелі над Лепелем. „Давай, — кажа, — прызямлімся“. А тады тут быў такі Качан, першы сакратар райкаму партыі. Тут жа яму далажылі, што ўрадавы верталёт сеў. Ён ужо звоніць у рэстаран. Каб харошы абед быў, тое, другое! Сустрэў, прывёз Машэрава ў райкам. Давай выхваляцца, як усё цудоўна. „З дарогі ж трэба перакусіць! Паедзем у рэстаран!“ А Машэраў: „Мне рэстараны надакучылі. Ці ёсьць сталовая якая ў Лепелі?“ Качан галаву панурыў. „Ну, ёсьць сталовыя. На вакзале, на базары“. Машэраў: „Во! Паехалі на базар! Дзе народ!“ А там шчытавы домік, непафарбаваны, увесь у гразі. Прыехалі. Узялі Качана дрыжыкі. „Што з табой?“ — „Галава, — кажа, — разбалелася“. „Сядай за стол“. І сам пайшоў браць. Першае, другое. Качану паставіў. „Еж!“ — „Не магу, галава баліць“. „А людзі ж ядуць! Могуць!“ Качан сядзеў і зьверам глядзеў на буфэтчыц, на прыбіральшчыцу. Машэраў кажа: „Не глядзі. Кладзі партыйны білет і вызваляй месца“. А Лукашэнка гэтак жа зрабіў бы? Не. Александрыю зрабілі! Крынічкі там Лукашэнкавы! Сьцяжынкі павыкладвалі. Палацы пабудавалі. А жыць ніхто ня хоча. Пэнсіянэры дабіваюць свае гады апошнія. Няма каму ні капаць, ні сеяць».

Ці будуць нейкія быліны складаць пра сёньняшняга кіраўніка? Відаць, успомняць. І ўжо відаць, якія дэталі застануцца ў памяці народнай. Картэжы, Эміраты і безьліч міліцыі.

Усе «Падарожжы свабоды» Зьмітра Бартосіка

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG