Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў у шпіталі ў Адэсе


Васіль Парфянкоў

Да параненага Васіля Парфянкова ва Ўкраіну накіроўваюцца актывісты зь Беларусі.

Як паведаміла карэспандэнту Свабоды грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык, паранены на Данбасе беларус Васіль Парфянкоў цяпер на лячэньні ў Адэсе. Вольга Мікалайчык спаслалася на зьвесткі ад украінскай валянтэркі Людмілы, зь якой кантактавала праз інтэрнэт.

«Людміла апякуецца Васілём Парфянковым, гэта яна на фатаздымку ў палаце, дзе ляжыць Васіль. Яна напісала, што ён у Адэсе, што яна памыла ягоныя рэчы, купіла яму садавіны і мабільны тэлефон. Пра ягоны стан напісала, што ногі сур’ёзна параненыя, але жывы будзе і ногі захавае. Маральны стан у яго добры.

Раней былі зьвесткі, што ён у Днепрапятроўску. Магчыма, там, на Дняпры, яму аказалі першую дапамогу, а потым перавезьлі ў Адэсу. Не давяраць гэтай крыніцы ў мяне няма падстаў, да таго ж пакуль Людміла — адзіная крыніца зьвестак пра Васіля. Напісала, што можам прыехаць да яго, яна сустрэне і дапаможа. Яму патрэбная дапамога, тым больш статус беларускіх добраахвотнікаў там дагэтуль няпэўны. Да Васіля ўжо выпраўляюцца актывісты зь Беларусі», — паведаміла Вольга Мікалайчык.

Паводле зьвестак, якія зьявіліся раніцай 18 верасьня ў Фэйсбуку, беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў быў паранены ў баявым сутыкненьні пад вёскай Пяскі непадалёк ад Данецку.

Як паведаміла суполка «Згуртаваньне Патрыётаў», 13 верасьня ў Пясках каля 14:30 адбыўся бой паміж сэпаратыстамі і батальёнам АУН. Былі забітыя тры баевікі, некалькі байцоў АУН атрымалі раненьні. Сярод іх — Васіль Парфянкоў з пазыўным «Сябра».

«Пасьля спрацоўваньня сыгнальнай ракеты хлопцы рушылі на перахоп варожай ДВГ (дывэрсійна-выведнай групы), адбыўся кантактны бой, нашых абстралялі з АГСа (станковы кулямёт — РС), пяцёра параненыя. Хлопцаў даставілі ў шпіталь Днепрапятроўску, адзін у рэанімацыі, астатнія ў стабільным стане — жыць будуць», — адзначаецца ў паведамленьні.

XS
SM
MD
LG