Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Валянцін Тарас. Літаратар зь беларускіх 60-х»


24 чэрвеня ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзэнтацыя кнігі гісторыка, дасьледчыка Анатоля Тараса пра свайго брата пісьменьніка — «Валянцін Тарас. Літаратар зь беларускіх 60-х». На вокладцы — псэўданім Тараса-малодшага Алесь Мінскі.

Кніга выйшла ў сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры».

«Паняцьце „праўда жыцьця“, само слова „праўда“ займаюць прыкметнае месца ў паэзіі, прозе, публіцыстыцы Валянціна Тараса... Ён сьвядома шукаў у сваім жыцьцяпісе знакі часу, спыняўся перад сэмантычнымі глыбінямі падзей і не баяўся прызнацца ў няслушнасьці альбо хібнасьці сваёй былой пазыцыі», — піша ў прадмове да кнігі Міхась Тычына.

«Сярод слаўнай кагорты шасьцідзясятнікаў імя Тараса займае не апошняе месца. Менавіта шасьцідзясятнікі, з энтузіязмам успрыняўшы грамадзкія зьмены, названыя зь лёгкай рукі Ільлі Эрэнбурга „адлігаю“, узяліся за расчыстку літаратурнай тэрыторыі ад завалаў вульгарнага сацыялягізму», — адзначае Тычына.

«Пісаў я кнігу пра свайго старэйшага брата Валянціна нядоўга. Зьбіраўся доўга, а пісаў нядоўга. Я лічу сваім абавязкам прысьвяціць асобнае выданьне свайму старэшаму брату, якога я вельмі любіў. Ён, на мой погляд, быў досыць выбітны літаратар, а таксама адзін зь дзеячаў беларускага новага адраджэньня 90-х гадоў. Тое, што ў мяне ёсьць, на 50% ад старэйшага брата Валянціна, астатнія 50% ад бацькоў, школы, майго атачэньня», — апавёў аўтар кнігі Анатоль Тарас, малодшы брат героя кнігі.

Анатоль Тарас
Анатоль Тарас

Складаецца яна з трох разьдзелаў: «Старонкі біяграфіі», «Творчасьць», і «Грамадзкая дзейнасьць (1986 — 2008 гг.) У ёй шмат фотаздымкаў.

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі

Паэт і сябар Тараса Анатоль Вярцінскі прынёс на прэззэнтацыю газэты «Літаратура і мастацтва» за 1989 год, а таксама зборнік паэзіі «Две тетради», які выйшаў у 1982 годзе. Тады Вярцінскі падкрэсьліў алоўкам радкі, якія яго ўзрушылі. Калі прачытаў зараз на прэзэнтацыі — прысутныя доўга аплядыравалі, настолькі гэтыя пранікнёныя радкі актуальныя і зараз.

Анатоль Тарас і Анатоль Вярцінскі
Анатоль Тарас і Анатоль Вярцінскі

Літаратуразнаўца Арсень Ліс узгадаў, што Валянцін Тарас ня быў аблашчаны ўладай: «Ён быў груба выстаўлены з жорсткай фармулёўкай з часопіса „Нёман“. Рэдактарам „Нёмана“ ў той час быў Андрэй Макаёнак».

Арсень Ліс
Арсень Ліс

Арсень Ліс выказаў меркаваньне, што Валянцін Тарас як паэт быў лепшы, чым празаік, а ягоныя беларускамоўныя вершы лепшыя за расейскамоўныя.

Раіса Баравікова
Раіса Баравікова

Паэтка Раіса Баравікова апавяла, як Валянцін Тарас раскрытыкаваў назоў яе зборніка вершаў, які быў ужо ў плянах выдавецтва. Баравікова хацела назваць кнігу «Адценьні настрою». Тарас даволі жорстка ёй сказаў: «Рая, гэта вельмі дрэнна, адразу ж адчуваецца, што жаночая лірыка. Назаві лепш «Такое кароткае лета». Так паэтка і зрабіла.

Сямён Букчын
Сямён Букчын

Рэдактар кнігі Сямён Букчын кажа, што калі б Валянцін Тарас ня быў пісьменьнікам, паэтам, публіцыстам, ён бы абавязкова быў артыстам. Тарас так добра парадыраваў пісьменьнікаў, сваіх сяброў, так цікава распавядаў гісторыі, што, як сказаў Букчын, «Іраклі Андронікаў адпачывае...»

«З артыстызмам зьвязана тонкасьць літаратара, непрымальнасьць пэўных людзей і пэўных зьяваў», — адзначыў Сямён Букчын.

Valiantsin Taras
Valiantsin Taras

Валянцін Тарас (1930 — 2009) — таленавіты беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык і грамадзкі дзеяч. Аўтар шасьці зборнікаў паэзіі, шасьці кніг прозы, дзясятка сцэнараў фільмаў, больш за 100 публіцыстычных артыкулаў. Валянцін Тарас перакладаў творы Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, раман Маркеса «Восень патрыярха».

Кніга пра Валянціна Тараса — 35-я ў сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Заснаваў сэрыю Анатоль Тарас два гады таму. Самая першая брашура была прысьвечана мастаку, графіку Міхаілу Андрыёлі, выйшлі кнігі пра літаратара, дасьледчыка Ўладзіслава Сыракомлю, гісторыка Міколу Ермаловіча, рэжысэра Міхаіла Пташука, географа Аркадзя Смоліча, дырыжора, заснавальніка капэлы Рыгора Шырму, мовазнаўцу Вацлава Ластоўскага ды іншых. Мяркуецца, што ўсе 100 кніжак выйдуць да траўня 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG