Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне спыняць рэтрансьляцыю расейскага тэлеканалу «Дождь»


Нацыянальная рада па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні абавязала ўсіх украінскіх правайдэраў на працягу месяца спыніць рэтрансьляцыю расейскага тэлеканалу «Дождь» з прычыны непрызнаньня каналам сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ды трансьляцыі расейскай рэклямы.

Адпаведнае рашэньне, ухваленае сёньня на пасяджэньні Нацрады, было абгрунтаванае тым, што ў эфіры дадзенага тэлеканалу адміністрацыйная мяжа паміж Хэрсонскай вобласьцю і Крымам успрымалася як мяжа паміж Украінай ды Расеяй. Апроч таго, на працягу 2016 году Нацрада ня раз фіксавала парушэньні расейскім тэлеканалам украінскага заканадаўства — у ягоным эфіры прысутнічала расейская рэкляма, а журналісты незаконна наведвалі анэксаваны Крым з тэрыторыі Расеі.

У сваю чаргу, генэральны дырэктар тэлеканалу «Дождь» Натальля Сіндзеева, камэнтуючы рашэньне Ўкраіны, заявіла, што тэлеканал працуе ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам.

«Адпаведна артыкулу 65 Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі Рэспубліка Крым ёсьць суб’ектам Расейскай Федэрацыі», — сказала яна.

«Мне вельмі шкада, што Нацрада Ўкраіны ўхваліла такое рашэньне», — дадала гендырэктарка тэлеканалу.

Паводле яе слоў, згодна з умовамі дагавораў з усімі правайдэрамі ва Ўкраіне вяшчаньне «Дождя» па ўсёй тэрыторыі краіны ажыцьцяўляецца праз IP-злучэньне без прамой камэрцыйнай рэклямы, пра што 8 жніўня Нацрада па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Ўкраіны была праінфармаваная.

Натальля Сіндзеева
Натальля Сіндзеева

«Спадзяюся, што наш украінскі глядач знойдзе магчымасьць глядзець „Дождь“ праз наш сайт, нашы прыкладаньні ў Smart TV і іншыя каналы дыстрыбуцыі», — дадала Натальля Сіндзеева.

Украінскія правайдэры рэтрансьлявалі тэлеканал «Дождь» ад сьнежня 2014 году, калі Нацрада па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Ўкраіны прызнала яго адпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным тэлебачаньні і дзейнаму заканадаўству Ўкраіны.

На сёньняшні дзень ва Ўкраіне для рэтрансьляцыі забаронена каля 35 расейскіх тэлеканалаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG