Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узрост крымінальнай адказнасьці для хакераў зьнізілі да 14 гадоў


Таксама з 14 гадоў пачынаецца крымінальная адказнасьць за ўхіленьне ад абмежаваньня волі.

У Беларусі зьніжаны ўзрост крымінальнай адказнасьці па шэрагу злачынстваў, распавёў намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валер Міцкевіч на pravo.by. У прыватнасьці, з 16 да 14 гадоў зьніжаны ўзрост крымінальнай адказнасьці за крадзеж з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі (артыкул 212) і ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі (артыкул 415).

За крадзеж з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе штрафу, арышту на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаваньня ці пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў. У выпадку, калі яго ўчыніла група асобаў ці калі зафіксаваны несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, — абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў. У буйным памеры — ад 3 да 10 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці, у асабліва буйным — ад 6 да 15 гадоў з канфіскацыяй.

«Гэта абумоўлена ростам колькасьці такіх злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, — тлумачыць Міцкевіч зьніжэньне ўзросту адказнасьці. — Хацеў бы падкрэсьліць, што падлеткі, якія праз адставаньне ў псыхічным разьвіцьці не ўсьведамляюць фактычны характар ці грамадзкую небясьпеку свайго дзеяньня, у сілу агульных палажэньняў крымінальнага кодэксу да адказнасьці прыцягвацца ня будуць».

Але разам са зьніжэньнем узросту крымінальнай адказнасьці крадзеж з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі трапіў у лік злачынстваў, па якіх асоба, якая іх учыніла, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі зьявілася з пакаяньнем, актыўна спрыяла выяўленьню злачынства і цалкам кампэнсавала нанесеную шкоду. Таксама гэткае злачынства, учыненае сваякамі або блізкімі асобамі пацярпелага, прапануецца аднесьці да спраў прыватнага абвінавачваньня, па якіх крымінальны перасьлед пачынаецца толькі па патрабаваньні пацярпелага. Маўляў, па крадзяжах з банкаўскіх картак у такіх выпадках пацярпелыя часта ня хочуць прыцягваць родзічаў да крымінальнай адказнасьці.

Міцкевіч адзначае, што карысьлівае хакерства — разнавіднасьць крадзяжу, за якую крымінальная адказнасьць з 14 гадоў была прадугледжаная яшчэ ў 1960-м годзе і захаваная ў дзейным Крымінальным кодэксе Беларусі.

«Зразумела, што адмысловай нормы аб адказнасьці за крадзеж шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі ў крымінальным кодэксе 1960 году быць не магло. Аднак, вылучыўшы ў 1999 годзе ў асобны склад адказнасьць за названыя дзеі, заканадаўца не адкарэктаваў адпаведным чынам мінімальны ўзрост прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за іх зьдзяйсьненьне. Такім чынам, прапанаванае законам зьніжэньне ўзросту, зь якога наступае крымінальная адказнасьць паводле артыкула 212 Крымінальнага кодэксу, фактычна абумоўленае неабходнасьцю ўсталяваньня адзіных падыходаў да прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за падобныя па характары дзеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG