Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом адмовіўся ствараць групу барацьбы з расейскай прапагандай — Politico

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белы дом выступіў супраць прапановы рэспубліканцаў стварыць у рамках сыстэмы выканаўчых органаў рабочую групу барацьбы з расейскай прапагандай: рашэньне Белага дому выяўлена ў дакумэнце, які трапіў у распараджэньне рэдакцыі, сьцьвярджае Politico.

Як паведамляецца, сэнатар-рэспубліканец Том Котан паспрабаваў прымусіць Белы дом стварыць камісію з прадстаўнікоў розных урадавых ведамстваў для процідзеяньня спробам Расеі «аказваць схаваны ўплыў», у тым ліку шляхам выкрыцьця яе «падманаў, агентаў уплыву, карупцыі, парушэньняў правоў чалавека, тэрарызму і забойстваў».

Том Котан, архіўнае фота
Том Котан, архіўнае фота

Аднак адміністрацыя адпрэчыла гэты заклік, заявіўшы ў неапублікаваным лісьце да Кангрэсу, што такая камісія будзе дубляваць ужо наяўныя намаганьні ў барацьбе з расейскай прапагандай.

Котан з гэтай пазыцыяй ня згодны.

Ягоная прапанова займела падтрымку абедзьвюх партыяў у межах законапраекту аб выведцы, які быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў, але так і ня быў вынесены на галасаваньне ў Сэнаце.

«Гэта расчароўвае, але не зьдзіўляе, што Белы дом выступіў супраць гэтага палажэньня ды іншых палажэньняў законапраекту, накіраваных на супрацьдзеяньне расейскаму ўплыву, — сказаў Котан у інтэрвію Politico. — Яны цьвердзяць, што ўжо існуюць такія мэханізмы для выяўленьня таемнай і шпіёнскай дзейнасьці Расеі ды процідзеяньня ёй, аднак, на мой погляд, гэтыя мэханізмы, відавочна, не даюць рады пастаўленым задачам — з улікам дзеяньняў, якія мы назіраем у ЗША, у тым ліку ўзлому кампутарных сыстэмаў Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі».

Паводле газэты, высокапастаўлены прадстаўнік Белага дому заявіў, што адміністрацыя выступіла супраць гэтай ініцыятывы «не таму, што не надае асаблівай увагі гэтай пагрозе, але таму, што яна прадугледжвала стварэньне непатрэбнай структуры, якая дублявала б ужо наяўныя».

XS
SM
MD
LG