Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: Гандаль вакол авіябазы толькі пачынаецца


Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў ня бачыць у заяве міністра абароны Андрэя Раўкова адносна расейскай авіябазы падстаў для спыненьня барацьбы грамадзтва супроць разьмяшчэньня гэтага аб’екта на тэрыторыі Беларусі.

— Гэта толькі пачатак. Заявы Раўкова, як і заявы Лукашэнкі на гэты конт, выкліканыя чыста палітычнай каньюнктурай. Сёньня, убачыўшы рэакцыю ўнутры грамадзтва на магчымае зьяўленьне расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі, яны палічылі за лепшае ад гэтага на словах адмовіцца, бо база вельмі небясьпечная для таго, што называецца падтрымкай, рэйтынгам Лукашэнкі і ягонага рэжыму. Гэта адна прычына — унутраная, бо на гэтае пытаньне найбольш востра адрэагавала беларускае грамадзтва. А другая прычына — вонкавая. Гэта наладжваньне стасункаў з Эўразьвязам. Разьлік на тое, што адтуль можна атрымаць сродкі і хоць нейкія тэхналёгіі. Таму туды трэба даваць мэсыдж за мэсыджам, што нічога такога, чаго вы баіцеся (а найперш Эўропа баіцца прысутнасьці тут расейскіх войскаў), ня будзе. Што, наадварот, мы будзем для вас заслонай ад расейскага войска. Вось гэта другі важны аспэкт, які змушае сёньняшні беларускі рэжым, Лукашэнку і ягонае атачэньне рабіць падобныя заявы. Але я ўжо ня раз пераконваўся, што ў Лукашэнкі заўсёды, калі словы гаворацца адны, дык дзеяньні абсалютна процілеглыя. І я перакананы, што і гэтым разам будзе тое самае, бо пакуль што паказальнікаў нейкіх сутнасных зьмен я ня бачу.

— Андрэй Раўкоў кажа пра магчымае жаданьне беларускага боку «ўзяць нейкія сродкі паражэньня, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы нанесьці паразу» аб’ектам НАТО ў Польшчы. Гаворка, відаць, ідзе пра спробу атрымаць ад Расеі ракетныя комплексы С-400 і найноўшыя расейскія самалёты, пра што раней неаднойчы казалі. «Гэта будзе нашмат больш эфэктыўна, чым авіяцыйная база», — кажа Раўкоў. Але дзе гарантыя ад таго, што ад Расеі і зброю атрымаюць, і яе базу тут разьмесьцяць?

— Мяркую, прыкладна гэтак яны і маюць намер дзейнічаць. Новая авіябаза будзе пададзеная не як расейская, а як беларуская. Расея даць самалёты ў арэнду, ці яшчэ неяк прыдумаюць, прыкладам, апрануць на расейскіх лётчыкаў беларускую вопратку і скажуць, што гэта беларускае войска і не чапайце нас зь нейкімі расейскімі авіябазамі. А далей будзе разьвівацца тое, пра што казаў Раўкоў і што будзе пададзенае як адказ НАТО на разьмяшчэньне іх сілаў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы. Не, пры той зьнешняй палітыцы, якую праводзіць сёньня Расея, іншага чакаць не даводзіцца. Пуцін прыйшоў да ўлады на вайне з Чачнёй, цяпер ягоны рэйтынг падняўся да максымальнай вышыні на вайне ў Сырыі, і зьменаў у гэтай палітыцы ня будзе. А гэта значыць, няма чаго чакаць зьменаў і ў намерах разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі сваё ўзбраеньне і сваіх людзей.

Калі Расея разьмесьціцца тут са сваімі ваеннымі плянамі, дык нічога, апроч страты незалежнасьці і дзяржаўнасьці, Беларусь не чакае

Гэта, дарэчы, для нас асноўнае пытаньне ў бліжэйшай, дый далёкай, будучыні. Калі Расея разьмесьціцца тут са сваімі ваеннымі плянамі, дык нічога, апроч страты незалежнасьці і дзяржаўнасьці, Беларусь не чакае. Гэта прынцыповае пытаньне. Калі рэжым ня будзе выдурвацца, калі Лукашэнка ня будзе лічыць, што ён сам, адзін справіцца зь любой небясьпекай, якая пагражае будучыні Беларусі, а пакліча да супрацоўніцтва грамадзтва — тады мы ўсе разам зможам барацьбу за будучыню Беларусі выйграць. Але калі ён зноў будзе падманваць народ, што вось ён адзіны такі асілак, які справіцца, гэта будзе мець вельмі нэгатыўныя наступствы.

Дарэчы, тое, што здарылася падчас выбарчай кампаніі, калі актыўна выявілася грамадзкая пазыцыя адносна базы ня толькі ў мэдыях, але і на плошчы Свабоды, куды прышлі людзі і наўпрост заявілі пра свой пратэст, — гэта спрацавала якраз у падмогу таму ж Лукашэнку ў ягоных перамовах наконт гэтага з Пуціным. Але замест таго каб прызнаць, што ён гэта скарыстаў, ён што пачаў? Зноў пачаў зьневажаць тых людзей, якія прыйшлі на Плошчу. Казаць, што яны там нешта галёкалі, нічога не разумеючы, хто яны такія, я вось сам усё вырашу. Вось гэта самая згубная палітыка. Ён па-ранейшаму скіроўвае сваю палітыку на тое, каб адсекчы грамадзтва ад вырашэньня найбольш важных палітычных пытаньняў.

— Ці вы не перабольшваеце значэньне вулічных акцыяў пратэсту супроць расейскай авіябазы? Вось на акцыю па плошчы Свабоды прыйшло прыкладна тысяча чалавек, можа, крыху больш.

— Так, на іх прыйшло няшмат, але было відавочна, што гэтую ідэю падтрымала большасьць грамадзянаў — што расейская база тут непатрэбная. Гэтае пытаньне з усіх, якія ўздымала беларуская палітычная апазыцыя, найбольш узрушыла нашых грамадзянаў. І падчас выбарчай кампаніі найбольш вострыя дыскусіі ўзьнікалі менавіта па гэтым пытаньні. Відавочна, што грамадзтва гэтым вельмі занепакоенае, яно гатовае выступаць супроць, і таму гэтая пазыцыя — чыньнік, які павінен вызначаць далейшую палітыку кіраўніцтва краіны.

— Лукашэнка асабіста дагэтуль не выказваўся выразна пра згоду разьмясьціць тут базу, не казаў нічога ані «за», ані «супроць». Чаму гэтая пазыцыя — супроць базы, — хоць і вуснамі міністра абароны, была заяўленая цяпер? Ці не таму, што пасьля выбараў ён змог сказаць Пуціну, што яго падтрымалі 86% выбарцаў і ён ня можа ня ўлічваць іхняе стаўленьне да базы?

Няўжо вы мяркуеце, што Пуцін ня ведае рэальных лічбаў падтрымкі Лукашэнкі, што няма ў яго ніякіх 86%?

— Справа ня ў гэтым. Няўжо вы мяркуеце, што Пуцін ня ведае рэальных лічбаў падтрымкі Лукашэнкі, што няма ў яго ніякіх 86%? Думаеце, амбасада Расеі не далажыла яму пра ўсе лічбы, якія насамрэч ёсьць у Лукашэнкі, што было на датэрміновым галасаваньні? Таму Лукашэнка мог казкі распавядаць каму заўгодна, але ня Пуціну, які выйшаў зь нетраў КДБ. Таму не — справа не ў пазыцыі Лукашэнкі, а ў намерах Пуціна. Яны проста вядуць далей перамовы пра кошт ваеннага супрацоўніцтва.

— Вы ініцыявалі стварэньне Руху за незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі найперш з прычыны пагрозы разьмяшчэньня расейскай авіябазы. Ці будзе цяпер дзейнасьць Руху скарэктаваная з улікам заявы міністра абароны Беларусі?

— А чаму трэба карэктаваць? Ня веру, што нешта прынцыпова зьмянілася. Пытаньне разьмяшчэньня расейскай базы не здымаецца з парадку дня, і нам усім яшчэ давядзецца адказваць на гэты выклік — у гэтым я проста перакананы. Наперадзе яшчэ доўгі шлях за незалежнасьць і дзяржаўнасьць нашай краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG