Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць людзей, якія хацелі міграваць з Украіны, ужо гэта зрабілі», — экспэрт


Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

У бліжэйшы час украінцы, верагодна, змогуць наведваць Эўропу бязь візаў. Ці чакаць масавай міграцыі?

Эўрапейская камісія ў пятніцу 18 сьнежня ўхваліла шостую справаздачу па выкананьні Ўкраінай умоваў Пляну па візавай лібэралізацыі, сьцьвярджае ўкраінская «Європейська правда» са спасылкай на фрагмэнт дакумэнту, што трапіў у рэдакцыю.

«Беручы пад увагу вынікі маніторынгу і справаздачнасьці, якія праводзіліся пасьля пачатку бязьвізавага дыялёгу ў кастрычніку 2008 году, Камісія лічыць, што Ўкраіна датрымалася усіх крытэраў, выстаўленых па чатырох блёках другой фазы Пляну дзеяньняў па лібэралізацыі візавага рэжыму», — пішуць у дакумэнце.

Сьцьвярджаецца, што Эўракамісія падасьць да Рады Эўропы заканадаўчую прапанову пра зьмену рэгуляцыі 539/2001, у якой пералічваюцца краіны, грамадзянам якіх не патрэбныя візы для ўезду ва ўсе краіны Эўропы (акрамя Вялікабрытаніі і Ірляндыі). У паперы падкрэсьліваюць, што наданьне Ўкраіне бязьвізавага рэжыму з Эўропай стала магчымым праз асаблівыя палітычныя стасункі Кіева і Брусэлю. Сама Ўкраіна адмяніла візы для эўрапейцаў яшчэ ў 2005 годзе.

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук апавёў Свабодзе, што цалкам верыць у рэальнасьць дакумэнту і рашэньня:

«Я думаю, што такі дакумэнт можа быць прыняты, і мы ва Ўкраіне спадзяемся на гэта. Украіна мае атрымліваць хоць нейкі пачатковы бонус ад збліжэньня з Эўропай і шанец з часам далучыцца да Эўрапейскага зьвязу. А скасаваньне візаў — гэта вялізны палітычны бонус.

Украінцы вельмі прывязаныя да сваёй Бацькаўшчыны, і большасьць тых людзей, якія выехалі, — выехалі, каб вярнуцца

Хаця мне здаецца, што канчатковае рашэньне будзе, хутчэй за ўсё, з пэўнымі агаворкамі. Напрыклад, што візы будуць скасаваныя толькі для тых, хто будзе мець біямэтрычныя пашпарты. А хутка атрымаць новы біямэтрычны замежны пашпарт будзе няпроста, гэта адназначна. Могуць быць і іншыя абмежаваньні, пра якія могуць нават не казаць публічна. Усё гэта будзе ў сярэдзіне, бліжэй да канца сярэдзіны наступнага году, калі скончацца турыстычныя сэзоны, таму ўсё можа быць адкладзена на наступную вясну ці лета».

Каспрук лічыць, што хвалявацца пра хвалю міграцыі, што можа адбыцца пасьля скасаваньня візаў, ня варта, і ня бачыць ніякіх перашкодаў для таго, каб украінцы мелі магчымасьць вандраваць па Эўропе бязь візаў:

«Большасьць людзей, якія хацелі міграваць з Украіны, ужо гэта зрабілі. Трэба заўважыць, што багата працоўных мігрантаў, якія жывуць, напрыклад, у Гішпаніі ці Партугаліі, прысылаюць грошы дадому, яны ідуць у сям’ю, будуюцца дамы, і значная частка людзей гатовая вярнуцца. Украінцы вельмі прывязаныя да сваёй Бацькаўшчыны, і большасьць тых людзей, якія выехалі, — выехалі, каб вярнуцца. Хоць і магчыма, што ў кагосьці былі абставіны, калі вярнуцца проста немагчыма. І ў прынцыпе мігранцкае жыцьцё не такое салодкае, як здаецца з дому. Калі мы паглядзім на суседнюю Малдову, дзе візы былі скасаваныя недзе год таму, ніякай масавай міграцыі малдаванаў не адбылося. Ды і ня кожны ўкраінец зможа сабе па грошах дазволіць доўга жыць у эўрапейскім гатэлі.

Магчыма, частка моладзі захоча паехаць на паўмесяцы-месяц па Эўропе аўтаспынам, як гэта прынята ў дэмакратычных заходніх краінах. Але каб чалавек тут усё кінуў і паехаў туды... Тым больш, Эўропа ўжо не такая, як паўгода таму, да масавай хвалі міграцыі з Сірыі. Не, гэта ёсьць поўным абсурдам для чалавека, які хоць раз пабываў за мяжой, які разумее, што бязь веданьня мовы, традыцыяў чалавеку ўпісацца ў кантэкст іншай краіны, нават такой блізкай па мове, як Польшча, вельмі цяжка. Ня трэба думаць, што Ўкраіна дурнейшая ў гэтым сэнсе за малдаванаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG