Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы дамагаюцца вызваленьня з ізалятара актывіста апазыцыі Ігара Грышанава


Ігар Грышанаў

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Грышанава трэці дзень утрымліваюць у аршанскім ізалятары.

Дзяжурны па ізалятары часовага ўтрыманьня пацьвердзіў, што Ігар Грышанаў знаходзіцца пад вартай і што справу, у якой ён фігуруе, правярае сьледчы Сяргей Трашчанок з раённага ўпраўленьня Сьледчага камітэту.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Сяргей Трашчанок адмовіўся ўдакладніць, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэксу падазраецца Ігар Грышанаў. Сябры Ігара Грышанава зьвязваюць факт ягонага затрыманьня з тым, што Ігар мог бы ўзяць удзел у «Маршы недармаедаў», які прайшоў у Воршы 12 сакавіка.

У той дзень зранку Грышанава і затрымалі. А трывогу актывісты забілі пасьля таго, як 13 сакавіка так і не пабачылі яго сярод адміністрацыйна затрыманых у мясцовым судзе.

Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Ганна Чумаева, якая зьвярнулася ў Аршанскі РАУС, кажа:

«Адразу, як толькі яго затрымалі, мы сабралі перадачу для Ігара. Але перадаць ваду і прадукты Грышанаву не дазволілі, бо 12-га была нядзеля, выходны дзень. Назаўтра, не дачакаўшыся Ігара ў судзе, я пайшла ў РАУС. У тым самым будынку знаходзіцца і ізалятар часовага ўтрыманьня. Аднак размаўляць са мной ня сталі. Сказалі толькі, што ў суд яго не павязуць і што Ігара дапытвае сьледчы».

Паліна Сьцепаненка і Ігар Грышанаў
Паліна Сьцепаненка і Ігар Грышанаў

Знаёмая Ігара Грышанава Паліна Сьцепаненка, якая бачылася зь ім за дзень да затрыманьня, згадвае пра ягоныя апасеньні быць затрыманым да «Маршу недармаедаў»:

«Ён падвозіў мяне на машыне, і мы разгаварыліся пра будучы марш. Я распытвала Ігара, ці будзе ён выступаць. Бо Ігар Грышанаў мае вялікі досьвед выступаў перад натоўпам: ён мадэраваў усе мітынгі, усе сходы падчас аршанскага страйку на рэйках у 1991 годзе. Ігар сказаў так: «Калі мне трапіць у рукі мікрафон, то я маю што сказаць! Але я вельмі рызыкую!»

12 сакавіка актывіста затрымалі на аўтазапраўцы. Вядома, што ўвечары напярэдадні яму тэлефанаваў супрацоўнік РАУС з просьбай прывезьці дакумэнты, датычныя дзейнасьці каапэратыву па газыфікацыі ў вёсцы Стаўры, дзе Грышанаў быў старэйшынам. Міліцыянт прасіў прывезьці дакумэнты або пасьля 22-й ночы 11-га сакавіка, або а 7-й раніцы ў дзень «Маршу недармаедаў». Грышанаў адмовіўся ехаць у міліцыю бяз позвы.

Лідзія Сагідуліна, віцебская каардынатарка кампаніі «Гавары праўду», таксама лічыць, што затрыманьне Грышанава зьвязанае з намерам «ізаляваць» яго на час акцыі пратэсту. А праверка дзейнасьці газавага каапэратыву — толькі нагода, кажа актывістка:

«Адна з дачок Ігара мне паведаміла, што ён затрыманы на 72 гадзіны дзеля гэтай праверкі. Але дзіўна, што дакумэнты, якія Грышанава прасілі прывезьці напярэдадні акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3, „пільна спатрэбіліся“ якраз у дзень „Маршу недармаедаў“, у нядзелю... Зараз пэрспэктывы такія: або яго адпусьцяць з-пад варты заўтра, 15 сакавіка, каля 11-й, або будуць трымаць далей. Але — ужо прадʼявіўшы нейкае сурʼёзнае абвінавачаньне. Ігар Грышанаў за час свае дзейнасьці ў якасьці старэйшыны вёскі Стаўры зрабіў шмат карыснага для аднавяскоўцаў і меў шмат сутычак зь мясцовымі ўладамі, незадаволенымі ягонай актыўнасьцю».

Каапэратывам па газыфікацыі ў Стаўрах Ігар Грышанаў кіраваў з 2012 году да 2016-га, калі сельсавет арганізаваў сход, на якім яго пераабралі. Актывіст лічыць, што сход быў праведзены з парушэньнямі.

Зьміцер Бартосік і гаспадар аграсядзібы Ігар Грышанаў
Зьміцер Бартосік і гаспадар аграсядзібы Ігар Грышанаў

За колькі дзён да акцыі пратэсту ягоную аграсядзібу «Пуцяціна» ў вёсцы Стаўры дзіўным чынам абрабавалі невядомыя. Гэтая сядзіба стала пляцоўкай для культурніцкіх падзей рэгіёну. Тут, у прыватнасьці, прайшлі прэзэнтацыі кнігі «Гняздо-2» Паліны Сьцепаненкі і кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы...». Ігар Грышанаў сабраў і выставіў у «хатнім музэі» вялікую калекцыю рарытэтных рэчаў.

Але каштоўныя экспанаты засталіся на месцы, а рабаўнікі скралі 15 жалезных лыжак і дзьве тэчкі з дакумэнтамі, узламаўшы сэйф. Прычым мясцовая міліцыя ўпарта не хацела займацца гэтай справай: пранікненьне на сядзібу было заўважана а 4-й раніцы, а міліцыянты зьявіліся на выклік Грышанава толькі а 16-й дня, пасьля таго як ён зьвярнуўся на «гарачую лінію» абласной управы МУС. І сказалі, што адбіткаў пальцаў не засталося, адпаведна, і вінаватых знайсьці амаль немагчыма.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG