Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах Тацяну Караткевіч сустракае БТ і чыноўнікі


У рэгіёнах Тацяну Караткевіч сустракае БТ і чыноўнікі
У рэгіёнах Тацяну Караткевіч сустракае БТ і чыноўнікі

Кандыдатка ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Тацяна Караткевіч з камандай выправілася ў агітацыйную паездку па рэгіёнах. Яе суправаджае наша карэспандэнтка Іна Студзінская.

15 верасьня спадарыня Караткевіч рушыла па маршруце Лагойск — Лепель — Вушачы — Полацак — Наваполацак. Першым прыпынкам быў Лагойск Менскай вобласьці — ужо а 9:30 на плошчы 8 Cакавіка кандыдатку сустракала здымачная група БТ.

Нягледзячы на раньні час, мінакі досыць ахвотна спыняліся, пачыналі гаворку. Адна жанчына паскардзілася, што ініцыятыўная група зьбірала подпісы за Караткевіч досыць млява, не магла як мае быць нікога завабіць, а тым часам за дзейнага прэзыдэнта кампанія праходзіла нават весела. Уздымаліся надзённыя праблемы: бабуля паскардзілася, што ўнук пайшоў у дзіцячы садок, а ў ясельнай групе — ажно 41 чалавек; садкі, школы страшэнна перапоўненыя.

Падыходзілі людзі інтэлігентнага выгляду: малады чалавек, які прадставіўся банкаўскім работнікам, пацікавіўся ў кандыдаткі, як яна ўяўляе сабе мэханізм вырашэньня эканамічных праблемаў, якія бачыць шляхі выйсьця з крызісу і г.д.

Пасьля гэтага падзеі пачалі разгортвацца ў іншым рэчышчы.

Два мужчыны, што прадставіліся сябрамі выбарчай камісіі, перашкаджаюць пікету Караткевіч
Два мужчыны, што прадставіліся сябрамі выбарчай камісіі, перашкаджаюць пікету Караткевіч

У суправаджэньні міліцыянта падышлі двое мужчын, якія прадставіліся чальцамі раённай выбарчай камісіі. Адзін зь іх, Алег Дашкевіч, пры гэтым пераконваў, што ён старшыня камісіі, але ў дакумэнтах гэта пазначана не было. Пасьля гэтага выклікалі на падмогу намесьніцу старшыні Лагойскага райвыканкаму Алену Дзікавіцкую, якая пачала тлумачыць, што выканкам зацьвердзіў месцы правядзеньня перадвыбарчай агітацыі і плошча 8 Сакавіка ў пералік ня трапіла. Разышліся збольшага мірна.

Алена Дзікавіцкая
Алена Дзікавіцкая

Наступны пункт прыпынку — Лепель Віцебскай вобласьці. Да ганку мясцовага Дома культуры, куды пад’ехала Тацяна Караткевіч са сваёй камандай, сабралася больш за тры дзясяткі чалавек. Пэнсіянэры наракалі на жыцьцё, скардзіліся на дарагоўлю мэдычных паслугаў. Маладыя людзі і тут актыўна цікавіліся, як спадарыня Караткевіч бачыць шляхі вырашэньня эканамічных праблемаў. Таксама цікавіліся, як у цяперашніх умовах выжываць фэрмэрам, дробным прадпрымальнікам.

Лепель: на пікеце Караткевіч прыкладна 30 чалавек
Лепель: на пікеце Караткевіч прыкладна 30 чалавек

Заяўка была пададзена на пэўны час, а група ў дарозе крыху затрымалася, дык мясцовыя чыноўнікі на чале са старшынём раённай выбарчай камісіі зрабілі заўвагу, што парушаны рэглямэнт.

Бяз значных перашкодаў каманда Тацяны Караткевіч рушыла далей, у Вушачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG