Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пашкоджаньні могілак у Пастаўскім раёне падазраюць трох школьнікаў


Колькасьць пашкоджаных помнікаў ацэньваецца ў некалькі дзясяткаў. Мясцовыя жыхары кажуць — больш за сто дваццаць.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Віцебскім абласным упраўленьні ўнутраных спраў, акт вандалізму на каталіцкіх могілках у вёсцы Груздава Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці ўчынілі школьнікі — трэцяклясьнік і два вучні 7 клясы.

«Там яшчэ праводзіцца праверка, ідзе падлік, колькі помнікаў пашкоджана. Падазраваныя ва ўчыненьні злачынства ўстаноўленыя, яны непаўналетнія. Пакуль не магу назваць ні велічыню шкоды, ні колькі помнікаў пашкоджана, бо там ідзе лік на дзясяткі. Там могілкі даволі вялікія, пашкоджана помнікаў насамрэч многа, некалькі дзясяткаў, як старыя, так і новыя. У Пастаўскім РАУС сказалі, што пакуль ня могуць вызначыцца дакладна па лічбе», — сказала карэспандэнту Свабоды начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Вольга Шкуратава.

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці сказалі, што матэрыялы справы да іх не паступалі.

Пазьней Вольга Шкуратава паведамила БелТА, што пашкоджана каля сотні помнікаў.

«Завадатарам апынуўся трэцяклясьнік, хлопчык праблемны, з няшчаснай сям’і. Ён падбіў яшчэ двух сяміклясьнікаў, адзін зь якіх характарызуецца станоўча, пайсьці з ім на могілкі, каб сабраць цукеркі, якія сваякі пакінулі ля надмагільляў у дзень сьвяткаваньня Вялікадня. Аднак зборам ежы справа не абмежавалася — з хуліганскіх памкненьняў хлопцы разьбілі некалькі помнікаў. Па прызнаньні саміх дзяцей, з таго дня яны чынілі свае „свавольствы“ на могілках яшчэ некалькі разоў», — сказала Вольга Шкуратава.

Наступствы вандалізму на каталіцкіх могілках у вёсцы Груздава Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці вяскоўцы заўважылі 14 траўня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG