Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сустрэліся дарадцы лідэраў краін «Нармандзкай чацьвёркі»


Марцін Сайдзік
Марцін Сайдзік

Сёньня ў Менску адбылася сустрэча дарадцаў прэзыдэнтаў краін «Нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Нямеччына, Францыя, Расея), а таксама чарговы раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе.

Сустрэча дарадцаў праходзіла ў тым жа «Прэзыдэнт-гатэлі», што і чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы. Дэлегацыі на перамовах узначальвалі дарадцы канцлера ФРГ, прэзыдэнтаў Расеі і Францыі, а таксама намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. Вядома, што Ўкраіну прадстаўляе на гэтых перамовах Канстанцін Елісееў, а Расею — Уладзіслаў Суркоў. Прадстаўнік АБСЭ на перамовах у Менску Марцін Сайдзік з гэтай нагоды заявіў:

«Гаворка ідзе пра адзін з элемэнтаў адзінага палітычнага працэсу, які мае на мэце ўвасабленьне ў жыцьцё менскіх пагадненьняў. Відавочна, што для таго, каб іх пасьпяхова рэалізаваць, патрэбная палітычная воля ўсіх удзельнікаў перамоваў».

Па інфармацыі прэс-службы прэзыдэнта Украіны, дарадцы прэзыдэнтаў у прыватнасьці абмяркоўваюць пытаньні бясьпекі на Данбасе, разгортваньня паліцэйскай місіі АБСЭ, палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту і падрыхтоўку да наступнай тэлефоннай размовы ў «нармандзкім фармаце».

Галоўнымі тэмы сёньняшняга пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы былі дзьве: першая — гэта рост колькасьці абстрэлаў на лініі судакрананьня. У сувязі з гэтым прадстаўнікі бакоў 10 чэрвеня правялі перамовы кантактнай групы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі і даручылі агульнаму цэнтру каардынацыі і кантролю за выкананьнем рэжыму цішыні і назіральнай місіі АБСЭ на Данбасе расьсьледаваць ўсе выпадкі абстрэлаў. Даклад сёньня быў заслуханы, і гэтая праца будзе працягнутая, заявіў спадар Сайдзік:

«Падрабязна абмяркоўваліся таксама пытаньні разьвядзеньня сіл на лініі судакрананьня і каардынатар падгрупы па бясьпецы падкрэсьліў пазытыўную атмасфэру, якая панавала пры абмеркаваньні гэтага пытаньня».

Украінскі бок таксама настойліва патрабуе вызваленьня закладнікаў і палонных ва ўзброеным канфлікце на Данбасе ды называе канкрэтныя прозьвішчы палонных. Украіна гатовая на кампрамісы, але групоўкі «ДНР», «ЛНР» і Расея ў адказ патрабуюць усеагульнай амністыі для ўсіх удзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе. Таму мадэратар на перамовах Марцін Сайдзік вымушаны быў сёньня зноў выказаць расчараваньне:

«На жаль, нягледзячы на вялікія намаганьні, не ўдалося дасягнуць прагрэсу ў пытаньні вызваленьні асоб, якіх незаконна ўтрымліваюць у сувязі з канфліктам.

Каардынатар заклікаў бакі праявіць больш палітычнай волі для вырашэньня гэтага пытаньня, у першую чаргу для вызваленьня хворых і параненых».

Наступнае пасяджэньне кантактнай групы адбудзецца 29 чэрвеня ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG