Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве дзяржаўная газэта нарэшце заўважыла, што рынкі не працуюць


Газэта Магілёўскага гарвыканкаму «Веснік Магілёва» ўпершыню згадала праблему рэчавых рынкаў, практычна закрытых з-за ўказу нумар 222.

У рубрыцы «Сацыяльны баромэтар» магілёўцы адказалі на пытаньне: «Дзе вы купляеце адзежу для ўсёй сям’і? Як вы ставіцеся да таго, што з 1 студзеня рэчавыя рынкі не працуюць? Што для іх важней: якасьць тавару або даступная цана?». Пакуль гэта адзіная публікацыя на гэтую тэму ў выданьні ад уступленьня ў сілу ўказу № 222, які паралізаваў працу рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў.

Бальшыня апытаных «Веснікам Магілёва» нэгатыўна ставіцца да закрыцьця рэчавых рынкаў і прызнаецца, што адзежу набывалі на іх. Істотных прэтэнзіяў да якасьці тавару апытаныя магілёўцы ня выказалі.

«Купляем рэчы і на рынку, і ў гандлёвых цэнтрах. Я лічу, што ў рынкавага тавару былі свае пакупнікі. Не магу сказаць нічога кепскага пра якасьць асобных групаў рынкавых тавараў», — адказала лябарант Вольга Вілігурава.

«Тое, што рэчавыя рынкі цяпер не працуюць, напэўна, не зусім добра, — адказаў пэнсіянэр Васіль Калесьнікаў. — Бо на іх адзяваліся і абуваліся многія магілёўцы. Дастатак у людзей розны, ня кожны сёньня дазволіць сабе адзежу з модных дарагіх буцікоў. Рынкі хоць і не ўпрыгожваюць нашы гарады, але яны пакуль патрэбныя... Дый крызіс — ня час для рэформаў, сотні дробных іпэшнікаў засталіся бяз працы».

Гэтыя два меркаваньні характэрныя для бальшыні тых, хто выказаўся супраць закрытых рынкаў. Пра прычыны, якія вымусілі прадпрымальнікаў не выходзіць на працоўныя месцы, у апытаньні ня згадваецца.

Тое, што мясцовая дзяржаўная прэса ўпарта маўчыць пра зачыненыя рынкі і павільёны гандлёвых цэнтраў, гандляроў ня дзівіць.

«Дык гэта ж відавочна, — адказвае на пытаньне Свабоды прадпрымальнік з Грабянёўскага рынку Аляксандар. — У нас жа ёсьць Лукашэнка. А газэты ж падначаленыя ўладзе. Як ёсьць нейкія згадкі пра нас у прэсе, дык толькі нэгатыўныя — маўляў, мы накручваем цэны неймаверна, вязем кепскі тавар. Усё гэта падаецца, як патрэбна ўладзе. Як Лукашэнка зьменіць пазыцыю, то зусім іначай будуць пісаць друкаваныя органы і тэлебачаньне. Яшчэ раз падкрэсьліваю — усе яны падначаленыя ўладзе».

У Магілёве два разы дробныя бізнэсоўцы сустракаліся з чыноўнікамі аблвыканкаму. Сходы праходзілі эмацыйна. Незадаволеным гандлярам службоўцы абяцалі, што іх «у крыўду не дадуць». На пытаньні, як ня будзе даваць абласная ўлада крыўдзіць прадпрымальнікаў, канкрэтнага адказу не было. Дзяржаўная мясцовая прэса пра перамовы прадпрымальнікаў з чыноўнікамі прамаўчала.

Старонка «Весніка Магілёва» з апытаньнем
Старонка «Весніка Магілёва» з апытаньнем

На гэтых сустрэчах дробныя бізнэсоўцы прасілі спыніць шальмаваньне іх у прэсе.

«Чаму беларускія СМІ пішуць, што мы жыруем? Гэта няпраўда. Выгандляваных грошай нам хапае, каб аплаціць падаткі, арэнду і неяк жыць», — казалі прадпрымальнікі на сустрэчы з чыноўнікамі.

Згодна з 222 указам прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG