Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе ўлады абвясьцілі конкурс на помнік князю Гедзіміну


Князь ВКЛ Гедзімін. Славутыя асобы Беларусі. Ляілея і Валянцін Варэцы
Князь ВКЛ Гедзімін. Славутыя асобы Беларусі. Ляілея і Валянцін Варэцы

Помнік заснавальніку замка і гораду Ліды — князю Гедзіміну, паводле палажэньня аб конкурсе, плянуюць усталяваць побач з паўночнай сьцяной Лідзкага замка.

У палажэньні аб арганізацыі і правядзеньні конкурсу эскізных праектаў помніка «Заснавальнік замка — князь Гедзімін» гаворыцца, што кампазыцыйнае і плястычнае рашэньне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях клясычнага нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва.

Кіраўнік Лідзкай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік адзначае яшчэ адно важнае патрабаваньне: у конкурсе могуць браць удзел скульптары і архітэктары, якія маюць прафэсійную адукацыю.

«Пачытаўшы палажэньне аб конкурсе, я не знайшоў там упамінаньня менавіта пра конны помнік, бо размова ўвесь час вялася менавіта пра конны помнік князю Гедзіміну. Мне здаецца, што перавагу будзе мець менавіта такі праект. Князь Гедзімін, дарэчы, ня проста заснавальнік замка, але і гораду, і ён павінен быць з усімі атрыбутамі вялікакняскай улады. Праўда, я перакананы, што беларускія скульптары гэта і самі выдатна разумеюць».

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

Галоўным, паводле Судніка, зараз, канечне, будзе цана і якасьць выкананьня. Ён нагадаў, што ідэя ўсталяваць помнік князю Гедзіміну ўпершыню прагучала на круглым стале паміж уладамі і грамадзкасьцю гораду ў 2004 годзе. Тады, паводле яго, было прынята рашэньне аднавіць Лідзкі замак і паставіць побач зь ім помнік заснавальніку замка і гораду — князю Гедзіміну.

«Я ведаю, што некалькі эскізаў ужо падрыхтавана. Але ў Беларусі шмат таленавітых скульптараў і архітэктараў. Варта дачакацца, калі ўсе іх працы будуць прадстаўленыя на конкурс».

Прыём працаў на конкурс скончыцца 15 лістапада 2017 году.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG