За 24 гадзіны да пачатку рэфэрэндуму адносна патрабаваньняў міжнародных крэдытораў у Грэцыі пачаўся «дзень цішыні».
У гэты час любая агітацыя, палітычныя мітынгі і апытаньні забароненыя.
5 ліпеня ў Грэцыі будзе праведзены рэфэрэндум, абвешчаны прэм’ер-міністрам Алексісам Цыпрасам і зацьверджаны парлямэнтам. Грамадзянам краіны трэба будзе адказаць «так» або «не» на пытаньне аб падтрымцы жорсткіх эканамічных мер, прапанаваных крэдыторамі.
Напярэдадні ў сталіцы Грэцыі, а таксама ў дзесяці іншых гарадах краіны прайшлі мітынгі прыхільнікаў і праціўнікаў курсу, прапанаванага міжнароднымі крэдыторамі, каб пазьбегнуць дэфолту і застацца ў зоне эўра.
Лідэры палітычных партый, вядомыя асобы і нават сьвятары па радыё і праз сацыяльныя сеткі заклікалі грамадзян ня грэбаваць волевыяўленьнем, а выказаць сваю пазыцыю адносна будучыні краіны.
Паводле апытаньня, праведзенага атэнскай газэтай «Этнас», прыхільнікі і праціўнікі супрацоўніцтва з крэдыторамі падзяліліся прыкладна пароўну, пры гэтым 12 працэнтаў выбарцаў яшчэ ня вырашылі, як галасаваць.
Старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц выказаў надзею, што грэкі падтрымаюць ідэю супрацоўніцтва з крэдыторамі. Гэта, у сваю чаргу, як лічыць эўрапейскі палітык, прывядзе да адстаўкі Цыпраса. Шульц рэзка скрытыкаваў грэцкага прэм’ера, папракнуўшы ў «маніпуляваньні грэцкім народам» і выкарыстаньні дэмагагічнай рыторыкі.
Грэцыя афіцыйна прызнана дзяржавай-банкрутам. Поўную неплатаздольнасьць краіны зафіксаваў 3 ліпеня Эўрапейскі фонд фінансавай стабільнасьці (EFSF).