Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьявіцца першы ў Беларусі музэй прасаў


Музэй прасаў
Музэй прасаў

Калекцыя прыватнага музэю налічвае больш за 500 прасаў з усяго сьвету. Аднак заснавальнікі музэю імкнуцца зьдзівіць ня толькі прасамі, але і паказам таго, як з эвалюцыяй цывілізацыі зьмяняўся побыт чалавека.

Музэй месьціцца ў старым горадзе, у самым цэнтры. Цяпер завяршаюцца рамонтныя працы ў памяшканьні, хутка плянуюць завозіць экспанаты.

Стваральнікі музэю — гарадзенцы Аляксандар Шпакоўскі і Алег Ёрш. Шпакоўскі кажа, што ён гаспадар музэя, а ягоны сябра — Аляксандар Ёрш — зьбіральнік калекцыі прасаў з усяго сьвету.

Цікаўлюся ў спадара Шпакоўскага, чаму менавіта музэй прасаў, а ня нечага іншага?

Справа ў тым, што мой сябра калекцыяніраваў менавіта прасы. Потым мы шмат цікавіліся гэтай тэмай і высьветлілася, што падобных музэяў у сьвеце ня так і шмат. Ёсьць, да прыкладу, падобны музэй у расейскім горадзе Пераяслаў-Залескі, існуе каля 15 гадоў, прычым вельмі пасьпяхова, там шмат наведнікаў, турыстаў з усяго сьвету. Ёсьць падобны музэй у Францыі зь вельмі вялікай калекцыяў прасаў з усяго сьвету і туды імкнуцца трапіць ня толькі турысты, але і адмыслоўцы.

Гаспадар музэю прасаў у Горадні Аляксандар Шпакоўскі
Гаспадар музэю прасаў у Горадні Аляксандар Шпакоўскі

— А ці ня будзе гэта занадта спэцыфічны музэй толькі з адных прасаў?

— Калекцыя нашага музэю ўжо налічвае звыш 500 прасаў, але разам з гэтымі экспанатамі мы плянуем выстаўляць іншыя рэчы, якія на працягу доўгай гісторыі стваралі бытавыя ўмовы чалавека. Мы хочам адлюстраваць тое, як з эвалюцыяй цывілізацыі зьмяняўся побыт чалавека, а менавіта, якія рэчы, мэханізмы зьяўляліся памочнікамі.

— Вы хочаце паказаць, як з эвалюцыяй цывілізацыі зьмяняўся быт гарадзенцаў ці ўсіх людзей?

— Вядома, перш за ўсё экспанаты музэю будуць сьведчыць аб разьвіцьці быту ў Горадні, Беларусі, але ў той самы час гэтае разьвіцьцё нават тады немагчыма было аддзяліць ад сусьветнага, паколькі бытавая тэхніка, розныя мэханізмы разьвіваліся супольна ў цэлым сьвеце і аказвалі ўплыў на быт людзей у самых розных краінах. Таму наш экскурсавод не абміне аповеду аб тым, як тая ці іншая бытавая тэхніка ў пэўны прамежак часу выглядала ў іншых народаў.

Стваральніка экспазыцыі Алег Ёрш распавёў пра экспазыцыю больш падрабязна:

Зьбіральнік калекцыі прасаў Алег Ёрш
Зьбіральнік калекцыі прасаў Алег Ёрш

— Калекцыя наша вельмі насычаная. Я ўжо праводзіў выставы зь ёй і адмыслоўцы высока ацанілі калекцыю прасаў і перш за ўсё яны падштурхнулі мяне да стварэньня музэю. Прасы ў нашай калекцыі з усяго сьвету: пераважна Эўропа, але ёсьць і амэрыканскія, індыйскія, зь іншых усходніх краінаў, карацей, вялікі спэктар.

Апроч прасаў будуць самыя розныя печы, пральныя машыны, кухонныя машыны, іншае. Самы стары экспанат датуецца ХVІ стагодзьдзем — гэта ангельскі прас. Дарэчы, у нас у Лідзе прасы на вуглях выпускаліся ажно да 1972 году, нягледзячы на тое, што чалавецтва ўжо пабывала ў космасе.

Першы прас, які мяне ўразіў, я ўбачыў у горадзе Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці. Калекцыянэр мне тады сказаў, што займацца калекцыяніраваньнем значна больш сучасна, чым быць папросту рыбаком. З гэтага ўсё і пачалося. Пасьля гэтага я купіў першы прас, а калі было 10, то ўжо захацелася 30 і так зацягнула. А потым пошукі на рынках па ўсім сьвеце. Я займаюся гэтым больш за 15 год. Хачу дадаць галоўнае: шчасьце — гэта калі хобі становіцца тваёй прафэсіяй.

XS
SM
MD
LG