Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень нараджэньня Францішка Аляхновіча ў Вільні паказалі ягоную пʼесу


Спэктакль «Цень думкі нашай»

У Вільні прайшоў спэктакль паводле пʼесы беларускага драматурга, пісьменьніка і журналіста Францішка Аляхновіча.

Яго паказалі акторы Віцебскага абласнога тэатру Якуба Коласа, якіх запрасіла «Таварыства беларускай культуры ў Літве». Паўтары гадзіны гледачы сачылі за драмай «Цень думкі нашай», якую паставіла маладая беларуская рэжысэрка Ніна Обухава.

Аснова сюжэту — трагедыя адной беларускай сямʼі, дзе бацька і сын закахаліся ў маладую кватарантку. Гаспадыня ж дома пакутуе і ў выніку прыходзіць да горкіх высноў, якія дазваляюць усьвядоміць памылкі ў жыцьці. Зрэшты, гэтыя бытавыя дэталі толькі адгадваюцца за заслонай сымбалізму, якім напоўнены спэктакль. Гэта ня столькі пасьлядоўны сюжэт, колькі выціснутыя зь яго трагічныя эмоцыі: пакуты і гора, якімі было напоўнена жыцьцё самога аўтара пʼесы Францішка Аляхновіча.

Спэктакль прайшоў у зале віленскага Дома нацыянальных суполак. Акторы выкарыстоўвалі прастору, дзе сядзелі гледачы, зьяўляючыся як бы з залі і ходзячы сярод крэслаў. Гэта дазволіла прыбраць сцэнічную ўмоўнасьць і зрабіць гледачоў саўдзельнікамі пастаноўкі.

«Пʼеса гэтая аўтабіяграфічная, — сказала рэжысэрка Ніна Обухава. — Бацька Аляхновіча, як і бацька гэтай сямʼі, быў скрыпач, а ягоную маці, як і гаспадыню дома ў пʼесе, звалі Марыяй. У гэтым спэктаклі перададзена ягонае імкненьне да творчасьці і ягоныя асабістыя пакуты».

Ніна Обухава
Ніна Обухава

Асаблівую эмацыйную сілу пастаноўцы надае музыка эстонскага кампазытара Арво Пярта і італьянскага аўтара эпохі барока Джавані Пэргалезі. Зрэшты, спэктакль гэты ўсё роўна пра беларусаў і Беларусь, упэўнены Алесь Замкоўскi, кіраўнік літаратурнай часткі тэатру:

«Аляхновiч — адзін з галоўных выразьнікаў беларускага духу. Ён прайшоў страшныя сталінскія лягеры, але выстаяў і застаўся чалавекам».

Францішак Аляхновіч
Францішак Аляхновіч

Фігура Францішка Аляхновіча ня ўсімі ўспрымалася адназначна. Ён нарадзіўся ў Вільні ў 1883 годзе і там жа быў забіты ў 1944-м. Быў арыштаваны савецкай уладай і адпраўлены ў лягер на Салаўкі. У 1933 годзе яго абмянялі на беларускага пісьменьніка і філёляга Браніслава Тарашкевіча, арыштаванага ў Польшчы. Пасьля гэтага Аляхновіч напісаў кнігу «У капцюрох ГПУ», дзе паказаў нечалавечую сутнасьць савецкай рэпрэсіўнай сыстэмы.

Пазьней драматург уваходзіў у кіраўніцтва падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, якая ставіла за мэту незалежнасьць Беларусі.

Францішак Аляхновіч стварыў 17 пʼесаў, шэраг іншых літаратурных твораў. Яны застаюцца адной зь яркіх старонак беларускай літаратурнай спадчыны.

Пасьля спэктакля гледачы доўга размаўлялі з рэжысэркай і акторамі. З новымі пастаноўкамі тэатар Якуба Коласа гатовы зьявіцца ў Вільні зноў.

Яўген Цітоў, для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG