Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 сакавіка 1918 году — Дзень дзяржаўнасьці беларускае мовы


Аўтар фота: Раман Андрэевіч
Аўтар фота: Раман Андрэевіч

Айцы-заснавальнікі БНР вызначылі дзяржаўны статус беларускае мовы ў незалежнай дзяржаве практычна адразу — празь пяць дзён пасьля эпахальнага 25 Сакавіка.

Сьцісла:

  • Адно зь першых рашэньняў ураду БНР — „абвешчаньне беларускае мовы дзяржаўнаю і абавязковаю моваю Рэспублікі“.
  • Статус беларускае мовы фіксавалі і раней: у Статуце ВКЛ 1566 году, у інструкцыі фэльдмаршала Гіндэнбурга 16 студзеня 1916 году.
  • Але першым рашэньнем аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, адпаведным сучасным дзяржаўна‑праўным нормам і прынятым самімі беларусамі, была пастанова Народнага Сакратарыяту БНР ад 30 сакавіка, апублікаваная 3 красавіка.
  • Гэта быў няпросты крок, бо беларуская мова толькі вярталася ў грамадзкае жыцьцё.
  • БНР дынамічна стварала сыстэму беларускамоўнай адукацыі.
  • Дзяржаўнасьць беларускае мовы ў ХХ стагодзьдзі — заваёва менавіта Беларускае Народнае Рэспублікі.

«...Беларуская мова ад гэтага часу зьяўляецца Дзяржаўнай мовай БНР і ўсе ўстановы і інстытуцыі павінны карыстацца гэтай мовай ва ўсіх дакумэнтах, актах і перапісках. Нацыянальныя меншасьці маюць права карыстацца сваімі мовамі ў тых жа ўстановах нараўне зь Дзяржаўнай беларускай мовай».

(Пастанова Народнага Сакратарыяту Беларускае Народнае Рэспублікі 30 сакавіка 1918 г. Пасяджэньне № 11. Старшыня Народнага Сакратарыяту Язэп Варонка. Народныя Сакратары: Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Іван Серада, Тамаш Грыб. Загадчык Справаў Народнага Сакратарыяту Лявон Заяц. Архівы БНР. Т. ІІ, кн. 1. С. 45–46)

А 3 красавіка рашэньне апублікавалі:

Народны Сакратарыят Беларускае Народнае Рэспублікі прыняў пастанову пра абвешчаньне беларускае мовы дзяржаўнаю і абавязковаю моваю Рэспублікі.

(Архівы БНР. Т. І, кн. 1. С. 74)

Гэты, як сказалі б цяпер, урадавы прэс-рэліз пісаны яшчэ па-расейску, пераклад мой. Ключавыя словы тут — беларуская мова дзяржаўная і абавязковая.

(Дарэчы, тамы Архіваў БНР варта перачытаць і з гледзішча такіх датаў — там пачаткі беларускіх дзяржаўных службаў новага часу. Штогадовы набор нейчых „дзён“ — мэдыка, паштара, пажарніка, міліцыі, мытнай службы — выводзяць ад савецкіх актаў і падзеяў, а то і імпэрскіх расейскіх. У лепшым выпадку для „прафэсійных сьвятаў“ падшукваюць тутэйшыя падзеі, але зьвязаныя з імпэрыяй ці БССР — як „Дзень міліцыі“ ад прызначэньня сумнавядомага М. Фрунзэ часовым начальнікам міліцыі Ўсерасейскага земскага саюзу ў Менску).

Сапега, Гіндэнбург і Жылуновіч

Але вярнуся да дзяржаўнасьці мовы. Мусім памятаць і Статут ВКЛ 1566 году з істотнаю праўнаю навацыяй:

А пісар земскі маець па-руску, літарамі і словы рускімі, усі лісты і позвы пісаці, а ня іншым языком і словы...
(разьдзел 4, арт. 1)

Леў Сапега. Помнік у Слоніме
Леў Сапега. Помнік у Слоніме

І інструкцыю часоў Першае ўсясьветнае вайны, якую падпісаў нямецкі генэрал-фэльдмаршал Паўль фон Гіндэнбург 16 студзеня 1916 г. і дзе беларуская мова пасьля забаронаў набывала роўныя зь іншымі мясцовымі мовамі правы ў адукацыі ды станавілася адной з афіцыйных у грамадзкай і самакіравальнай дзейнасьці. (Вядома, гэта была вымушаная рэакцыя на культурнае і палітычнае адраджэньне беларускага народу.)

Памятаем і пастановы раньняй ССРБ-БССР пра выкарыстаньне ва ўстановах чатырох моваў, а менавіта беларускай, расейскай, польскай ды ідыш, прычым беларуская мова вызначалася як «пераважная для дачыненьняў».

Такі стан быў з 1920 фармальна да 1938 году.

Але тэрміну „дзяржаўнасьць мовы“ і ў названых дакумэнтах, і за бальшавікамі не было.

Першымі былі БНРаўцы

26 студзеня 1990 году — гістарычны дзень прыняцьця (у выніку працяглае грамадзкае кампаніі) Закону аб мовах, паводле якога беларуская ўрэшце вярнула сабе статус адзінай дзяржаўнай.

Менавіта вярнула. Бо першым рашэньнем аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, адпаведным сучасным дзяржаўна-праўным нормам і прынятым самімі беларусамі, была тая пастанова Народнага Сакратарыяту БНР ад 30 сакавіка. А 24 траўня 1918 г., паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, Рада БНР прыняла і закон пра абвешчаньне на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнага статусу беларускай мовы.

Такі крок БНР насьпяваў, хоць трэба было адольваць і непрыхільнае стаўленьне расейскіх і польскіх вялікадзяржаўнікаў, і прарасейскія настроі ў земскіх самакіраваньнях. Аргумэнты супраць дзяржаўнасьці беларускае мовы, што гучалі тады, прынцыпова не зьмяніліся і цяпер. Яшчэ на Ўсебеларускім зьезьдзе ў сьнежні 1917 году гучалі галасы, што па-беларуску немагчыма выкладаць усе прадметы, бо мова нібыта ня можа перадаваць усе навуковыя паняцьці.

Але глеба рыхтавалася: так, Беларускі вайсковы зьезд Паўночнага фронту ў Віцебску ў сьнежні 1917 г. пастанавіў, што беларуская мова павінна прызнавацца афіцыйнай ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах краю — праўда, разам з агульнадзяржаўнаю тады расейскаю.

Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве ўжо ў чэрвені 1918 г. рэагаваў на прыняцьце закону аб дзяржаўнасьці беларускае мовы інакш: „Вітаючы адраджэньне беларускай народнай мовы і росквіт беларускай літаратуры, паэзіі і мастацтва, Камітэт лічыць, што ўвядзеньне ў дзяржаўнае справаводзтва беларускай мовы як абавязковай [ёсьць] нясвоечасовым крокам“. (Паводле манаграфіі Ўладзімера Ляхоўскага „Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 г.“ Беласток, Вільня, 2010.)

Знаёмае стаўленьне — не выпускаць беларускую мову па-за мастацкую нішу.

Беларуская дзяржава пачынаецца зь беларускае школы

Аднак у неймаверна цяжкой сытуацыі вайны, эканамічнага заняпаду, чарады акупацыяў, установы Беларускае Народнае Рэспублікі пачалі вяртаць беларускай мове належны ёй статус: у справаводзтве, упарадкаваньні тэрміналёгіі, кнігавыданьні. І найперш у асьвеце. Рабілі гэта цалкам сьвядома. Тлумачэньне знаходзім у Мэмарыяле Народнага Сакратарыяту БНР канцлеру Нямеччыны ад 5 красавіка 1918 году, дзе немцам сьцісла тлумачылі, у якія этнамоўныя ды палітычныя непярэліўкі яны трапілі, прыйшоўшы ў наш край, і чаго дамагаецца БНР.

Беларуская мова, выгнаная са школы, суду і царквы спачатку польскім, а затым расейскім урадам, страціўшы ў выніку гэтага два стагодзьдзі свайго разьвіцьця, павінна заняць у Беларускай дзяржаве належнае ёй месца, як мова дзяржаўная. Вельмі нізка заняпалыя ў выніку абрусіцельнай палітыкі Расеі асьвета і пісьменнасьць павінны быць пастаўленыя на адаведную вышыню шляхам адкрыцьця новых беларускіх школаў усіх тыпаў і ўладкаваньня існых адпаведна патрабаваньням пэдагогікі.
(Архівы БНР. Т. І, кн. 1. С. 83.)

Адукацыйныя арганізатары БНР разьехаліся па краіне. Літаральна за пару гадоў былі створаныя сотні беларускіх школаў усіх ступеняў, курсы, настаўніцкія сэмінарыі, складзены плян утварэньня ўнівэрсытэту. Айцы-заснавальнікі БНР асабіста займаліся школьнай справай на месцах, пачынаючы з Старшыні Рады БНР Язэпа Лёсіка і народнага сакратара асьветы Аркадзя Смоліча, якія ўвайшлі ў Менскую школьную субкамісію. А Тамаш Грыб быў яе адказным сакратаром.

У 1917/18 н. г. у Менску было 7 беларускіх ніжэйшых пачатковых вучэльняў, 1158 дзяцей вучылася (27% ад агульнай колькасьці вучняў гэтай катэгорыі). У 1919 — 9 пачатковых і адна сярэдняя, разам 1213 дзяцей. «У Менску, сталіцы Рэспублікі Беларусь, сёньня існуе ўсяго 4 школы, дзе ўсё выкладанне адбываецца на роднай мове вучняў... Колькасьць тагачаснага жыхарства ў Менску была амаль у 10 разоў меншая, чым сёньня, а беларусы тады не былі ў горадзе нацыянальнай большасьцю», — заўважае У. Ляхоўскі.

Зьявілася грамадзкая школа для дарослых, курсы беларусазнаўства, настаўніцкія курсы ў Менску (проста ў зале паседжаньняў Рады БНР) і Бабруйску. Будслаўская беларуская гімназія, стварэньнем якой непасрэдна апекаваўся Народны Сакратарыят БНР, праіснавала да польскай акупацыі, а супраць яе ліквідацыі пратэставалі больш як паўтысячы бацькоў навучэнцаў.

Рада БНР пасылала адукацыйных упаўнаважаных — прыкладам, а. А. Астрамовіча (паэта Андрэя Зязюлю) у Сеньненскі павет. Паўстала Віленская беларуская гімназія, якая потым адыграла неацэнную ролю ва ўзгадаваньні беларускай нацыянальнай эліты. У выніку адукацыйных захадаў БНР толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920/21 навучальным годзе было 514 беларускіх школаў, зь іх у Вільні сем.

25 Сакавіка 1935 г. у Віленскай беларускай гімназіі
25 Сакавіка 1935 г. у Віленскай беларускай гімназіі

Нашто лічбы?

У публічнай дыскусіі за мяжой пра лёсы Беларусі разам са мной браў удзел беларускі публіцыст і філёзаф. Ён разважаў пра беспадстаўнасьць беларускіх нацыянальныя мітаў, а ў якасьці прыкладу прывёў БНР: маўляў, гэта была ізаляваная група, якая ні на што не ўплывала і пра існаваньне якой не падазравалі нават менчукі па-за сьценамі таго кабінэту, а што ўжо казаць пра ўсю тэрыторыю Беларусі. Г. зн., „БНР няма“.

Але нават калі абстрагавацца ад іншых кірункаў чыннасьці БНР у менскім і горадзенскім пэрыядзе (а таксама Слуцкага збройнага чыну пад БНРаўскімі штандарамі, „Зялёнага Дубу“ і г. д.), а ўзяць толькі моўна-адукацыйную сфэру, то відавочна: наладжанае дзеячамі БНР беларускамоўнае школьніцтва паўплывала на сьвядомасьць дзясяткаў і сотняў тысячаў чалавек.

Моўная палітыка БНР імкліва разьняволіла патэнцыял беларускае мовы, ня толькі даказала яе здольнасьць абслугоўваць розныя сфэры, але засьведчыла, што вяртаньня роднае мовы ў школу і дзяржаву хочуць самі беларусы. З гэтым вымушаныя былі лічыцца і савецкія бальшавікі, і Польшча, якія тады падзялілі паміж сабою Беларусь.

Дзяржаўнасьць беларускае мовы ў ХХ стагодзьдзі, хай з пакручастым лёсам, — заваёва менавіта Беларускае Народнае Рэспублікі. Толькі за адно гэта яна павінна быць упісаная залатымі літарамі ў гісторыю беларускага народу.

(Першая вэрсія публікацыі 3 красавіка 2015 г.)

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG