Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 гадоў таму адбылася трагедыя на Нямізе


Юнак плача на прыступках, дзе напярэдадні загінулі людзі, 31 траўня 1999 году

30 траўня 1999 году ў страшэннай цісканіне падчас моцнай навальніцы ў пераходзе станцыі мэтро загінулі 53 чалавекі, больш за 150 атрымалі траўмы.

Па факце гібелі людзей была распачатая крымінальная справа, аднак вінаватых улады не знайшлі. Галоўным вінаватым у трагедыі быў фактычна прызнаны «зьбег абставінаў».

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак мяркуе, што ўлада фактычна «прыкрыла» гэтую справу, хаця была відавочная бязьдзейнасьць міліцыі:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«І пракуратура гэтую лінію адстойвала. Але справа мела палітычны падтэкст, і пракурорам проста не далі яе завершыць. Разам з тым, два высокія чыноўнікі — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзела масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін — прызналі сваю віну, што нядбайна выконвалі свае службовыя абавязкі. Але асуджаныя міліцэйскія чыноўнікі не былі. Родныя ахвяраў таксама неаднаразова зьвярталіся ў суды з пазовамі да гарадзкіх уладаў, міліцыі, арганізатараў „Піўнога фэсту“ — піўзаводу „Аліварыя“, радыёстанцыі „Мір“ і кампаніі „Клас-клуб ДК“ — аднак гэтыя пазовы не былі задаволеныя.

Ці зрабілі ўлады адпаведныя высновы? Так, крыху палепшана арганізацыя мерапрыемстваў. Але ўсё адно ў зонах кантролю — масавае скопішча людзей, цісканіна. Вось і 9 траўня, падчас сьвяткаваньня Дня перамогі, перакрывалі рух, столькі было неразьбярыхі... У нас была прапанова: масавыя буйныя мерапрыемствы, сьвяты выносіць за межы гораду.

Што да дапамогі родным ахвяраў і пацярпелым у гэтай трагедыі, то ўлада пра іх ужо забылася. Як забылася і пра пацярпелых падчас выбуху ў мэтро на Кастрычніцкай».

Мэмарыяльны знак на месцы трагедыі паўстаў у выніку намаганьняў бацькоў і сваякоў загінулых. Людзі хацелі пабудаваць маленькую каплічку каля месца трагедыі, але ім не дазволілі.

XS
SM
MD
LG