Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ у Горадні агітуе бацькоў першаклясьнікаў за беларускамоўныя клясы


Білборд ў падтрымку беларускай мовы ў Горадні, архіўнае фота
Білборд ў падтрымку беларускай мовы ў Горадні, архіўнае фота

У Горадні сябры Таварыства беларускай мовы распачалі чарговую кампанію па агітацыі бацькоў за тое, каб аддавалі сваіх дзетак у беларускамоўныя клясы.

Падобную кампанію сябры ТБМ у Горадні ладзяць штогод, прычым з дазволу аддзела адукацыі гарвыканкаму. Якраз цяпер у школах адбываюцца сходы бацькоў будучых першаклясьнікаў.

Актывісты ТБМ маюць магчымасьць выступаць на гэтых сходах і агітаваць бацькоў, каб яны аддавалі сваіх дзетак у беларускамоўныя клясы. Кіраўнік Гарадзенскай абласной рады ТБМ Алесь Крой, які ня першы год удзельнічае ў падобных кампаніях, кажа, што адміністрацыі школаў да такіх выступаў ставяцца з разуменьнем і часта іх падтрымліваюць.

Паводле Кроя, сябры ТБМ распавядаюць бацькам, што і ў Горадні, і ў цэлым у Беларусі існуюць беларускамоўныя клясы і нават ліцэі, што неабходна захоўваць і адраджаць беларускую мову і культуру.

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай абласной рады Таварыства Беларускай Мовы
Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай абласной рады Таварыства Беларускай Мовы

— Звычайна бацькі ўважліва выслухоўваюць усю інфармацыю, відавочна, што нават зь несхаванай зацікаўленасьцю. Але, на жаль, практычна не задаюць ніякіх пытаньняў. Праўда, учора мне адна жанчына сказала, што хацела б аддаць дзіця ў беларускамоўную клясу, але, маўляў, далёка знаходзіцца школа. Я ёй адказаў, як звычайна адказваю ў такіх сытуацыях: у нас у горадзе адна школа з польскай мовай навучаньня, і дзеці туды езьдзяць з усіх канцоў гораду, і ніхто на гэта ня скардзіцца.

Паводле Алеся Кроя, з такой агітацыяй па школах ходзяць пераважна людзі старэйшага веку, а моладзь практычна ня ўдзельнічае.

— А гэта насамрэч вельмі вялікая і адказная справа, бо прысутныя на сходах бацькі пра беларускасьць наагул нідзе нічога ня чулі. Дарэчы, бываюць і прыемныя моманты. Учора школьніцы, якія выступалі перад бацькамі і сьпявалі песьні па-расейску, таксама мяне паслухаўшы, разьвітваліся са мной ужо на беларускай мове. Ім гэта таксама вельмі патрэбна, і ім гэтага найболей не хапае. Відавочна, што і мэтодыка вывучэньня мовы ў школе павінна зьмяняцца, бо цяпер ня ўсе дзеці ўмеюць гаварыць па-беларуску, і гэта насамрэч страшна.

Ала Петрушкевіч, гарадзенская паэтка, кандыдат філялягічных навук
Ала Петрушкевіч, гарадзенская паэтка, кандыдат філялягічных навук

Гарадзенская паэтка, кандыдат філялягічных навук Ала Петрушкевіч сёлета выступала перад бацькамі першы раз. Яна ня цешыць сябе надзеяй, што падобныя выступы прынцыпова зьменяць сытуацыю зь беларускім школьніцтвам, але лічыць, што кожны, хто клапоціцца пра лёс беларушчыны, павінен быць асьветнікам, асабліва пісьменьнікі і літаратуразнаўцы.

— Мы павінны несьці сваё слова, павінны гаварыць, што жывём, і павінны гаварыць людзям, якія ад гэтага адышлі і маюць цяпер іншыя каштоўнасьці, што нічога і ў іх ня будзе, калі ня будзе нашай нацыянальнай асновы, калі ня будзе мовы. Я калі ішла выступаць, то думала, што мне найперш патрэбна сказаць. І мне трапілася газэта з выступам Сьвятланы Алексіевіч, дзе яна, рускамоўная пісьменьніца, прызнаны аўтарытэт, гаворыць пра тое, што без нацыянальнай культуры, літаратуры, мовы мы не паўстанем як нацыя. Пра гэта я і казала, і, можа, ня столькі дзеля таго, каб яны ўжо сёньня запісалі сваіх дзетак у беларускія клясы, а каб ад беларускасьці яны не адварочваліся. Мне здавалася, яны мяне слухалі — і ў залі некаторыя ведалі, што я цытую Алексіевіч. Значыцца, яшчэ ня ўсё так страчана, і мы павінны ісьці да бацькоў і гаварыць пра гэта. Гэта вельмі няпростая праца, магчыма, не на сёньняшнюю пэрспэктыву, але дзеля таго, каб хоць нейкі промнік беларушчыны захаваць.

Іван Буднік, сябра ТБМ
Іван Буднік, сябра ТБМ

Іван Буднік, сябра ТБМ, настаўнік гісторыі і расейскай мовы, ужо на пэнсіі, але штогод ходзіць па школах, выступае і агітуе бацькоў за тое, каб аддавалі дзетак у беларускамоўныя клясы. Ён кажа, што на сустрэчах заўсёды нагадвае бацькам, што ў Горадні няма ніводнай беларускай школы.

— Сёлета я распавёў бацькам, што менавіта ў красавіку 100 гадоў таму ў Горадні была адкрыта першая беларуская школа пасьля таго, як наша дзяржава ў выніку гістарычных падзей апынулася пад Расейскай імпэрыяй і беларуская мова была пад забаронай у школе. Я заклікаў іх працягваць традыцыі беларускай школы як аснову нашай дзяржаўнасьці і незалежнасьці, бо дзе беларуская мова, там і ўплыў беларускай дзяржавы. А калі іншая мова пануе, то і ўплыў іншай дзяржавы. Я распавёў ім, што школьніцтва беларускае ў нашым горадзе вельмі павольна адраджаецца. У мінулым годзе ў школах Горадні было толькі 26 вучняў, якія навучаліся па-беларуску, а ў гэтым — ужо 40. Я заклікаў іх далучыцца да адраджэньня нашай мовы разам з сваімі дзецьмі. І нагадаў, што на пачатку 90-х гадоў у Горадні налічвалася звыш 80% беларускіх школаў.

Спадар Буднік кажа, што бацькі вельмі цёпла ўспрынялі ягоную інфармацыю, нават пляскалі ў далоні. Але які будзе вынік, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG