Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны зьмянілі ўсё»: беларуская экспэртка пра адукацыйную рэформу ва Ўкраіне


Вярхоўная Рада Ўкраіны 5 верасьня ўхваліла пасьля некалькіх год працы новую рэдакцыю закону аб адукацыі. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў радасьць, што ўдалося прыняць такі закон, і дадаў, што гэтая рэформа — моцны штуршок для іншых.

З найбольш прыкметных зьменаў — пераход да 12-гадовага навучаньня ў школе (у пэрспэктыве і да 3-гадовага бакаляўрэату ва ўнівэрсытэтах), азначэньне ўкраінскай мовы як мовы адукацыі, новыя адукацыйныя праграмы, патрабаваньне фінансавай празрыстасьці.

Але гэтыя зьмены не галоўныя, кажа Свабодзе намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч, якая азнаёмілася з дэталямі новай украінскай канцэпцыі адукацыі.

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

Мацкевіч кажа, украінцы «зьмянілі ўсё»: вывучылі пасьпяховыя сыстэмы адукацыі — такія, як фінская ці польская, прааналізавалі плюсы і мінусы, пастараліся пазьбегнуць чужых памылак, атрымалі чатырохгадовую падтрымку ад фінаў (хоць тыя звычайна не прасоўваюць сваю сыстэму за мяжу), перанялі эўрапейскую мадэль профільнай адукацыі і напісалі ці ня самы сучасны закон аб адукацыі.

Яна падкрэсьлівае, што з новым законам рэформа ня скончылася, а толькі пачалася. Але вельмі хоча, каб рэформа адукацыі ва Ўкраіне атрымалася. Беларусь жа, кажа Мацкевіч, цяпер засталася адзінай эўрапейскай постсавецкай краінай, якая не рэфармавала сыстэму адукацыі і арыентуецца на савецкую практыку.

Дакладныя мэты і мэханізмы рэалізацыі, магчымасьць спраўдзіць выкананьне мэтаў

«У адрозьненьне ад нашага Кодэксу аб адукацыі, які проста апісвае сыстэму адукацыі і не паказвае мэханізмаў рэалізацыі, украінскі закон прадугледжвае паэтапнае ўвядзеньне зьменаў. Яно адбываецца крок за крокам — з падрыхтоўкай новых праграмаў, падрыхтоўкай настаўнікаў, з працай з бацькамі і маніторынгам вынікаў. У нас жа мэта адукацыі прапісаная так, што яе немагчыма памераць, яна „не дыягнастычная“, як кажуць. Немагчыма праверыць, ці выкананая яна. Няма на што арыентаваць праграмы».

Базавыя кампэтэнцыі выпускніка

«Яны ясна і дакладна прапісалі мэту адукацыі, 10 базавых кампэтэнцый (у законе пералічаныя ў артыкуле 12. — РС), якія павінна разьвіваць адукацыя грамадзяніна Ўкраіны. І іх можна памераць, можна паглядзець, наколькі сыстэма адукацыі спраўляецца з фармаваньнем працоўнай, інфармацыйнай, грамадзянскай ці экалягічнай кампэтэнцыі, кампэтэнцыі навуковай карціны сьвету. Тых кампэтэнцый, што патрэбныя вучню, каб быць канкурэнтаздольным у XXI стагодзьдзі, а не ў савецкі час. Гэта мадэль ідэальнага выпускніка — якім хочуць бачыць маладога ўкраінца».

10 базавых кампэтэнцый украінскай адукацыі:
  1. здольнасьць гаварыць на дзяржаўнай мове;
  2. здольнасьць гаварыць на адной з замежных моваў;
  3. матэматычная пісьменнасьць;
  4. дасьведчанасьць у галіне прыродазнаўчых навук, тэхнікі і тэхналёгій;
  5. гатоўнасьць выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналёгіі ў сваёй дзейнасьці;
  6. уменьне вучыцца на працягу жыцьця;
  7. здольнасьць да сацыяльнай камунікацыі і актыўнасьці, жыцьця ў грамадзянскай супольнасьці;
  8. валоданьне навыкамі прадпрымальніцкай дзейнасьці;
  9. агульная культурная пісьменнасьць;
  10. экалягічная пісьменнасьць і гатоўнасьць да здаровага ладу жыцьця.

Каштоўнасны складнік

«Яшчэ важны момант, якога патрабуе закон, — гэта ня проста веды-ўменьні-навыкі, а яшчэ каштоўнасны складнік, які праяўляецца праз паводзіны ў сытуацыі выбару. Напрыклад, калі чалавек вучыць біялёгію, у яго павінна сфармавацца і каштоўнаснае стаўленьне да прыроды, да экалёгіі — і гэта павінна праяўляцца праз паводзіны. Калі з выпускніка атрымліваецца лекар, ён павінен імкнуцца дапамагчы пацыенту, дакапацца да дыягназу, выпісаць правільныя лекі. Лекар без каштоўнаснай пазыцыі з тымі самымі ведамі можа выпісаць лекі, якія спускаюцца зьверху, якія не рэалізуюцца, якія проста айчыннай вытворчасьці».

Канкурэнцыя і падсправаздачнасьць

«Зьмененая сыстэма кіраваньня адукацыяй: дырэктары школаў будуць абірацца на конкурснай аснове. Гэта значыць, будуць залежаць ад школьнай рады, якая іх абірае, ад настаўнікаў і вучняў, будуць ім падсправаздачныя. А ня так, як цяпер у нас, што яны прызначаюцца зьверху і іх не цікавіць думка вучняў, бацькоў і настаўнікаў».

Перападрыхтоўка настаўнікаў

«Любая рэформа адукацыі пачынаецца зь перападрыхтоўкі настаўнікаў. А яны, нават яшчэ не прыняўшы закон, падрыхтавалі некалькі тысяч настаўнікаў, каб яны маглі выкладаць на новым узроўні, з новымі мэтодыкамі і новым зьместам».

Матывацыя да перападрыхтоўкі замест прымусу

«Паглядзіце, як яны зрабілі падвышэньне кваліфікацыі: няма гвалту над настаўнікам! Рэформа патрабуе новых ведаў ад настаўнікаў, новага стаўленьня да дзяцей і прафэсіі. Але сэртыфікацыя настаўнікаў, якую яны прапісалі, не абавязковая, а па жаданьні. І тыя, хто яе пройдзе, будуць мець 20% дадатак да заробку. Яны напісалі, колькі курсаў настаўнік павінен прайсьці на год, але настаўнік можа сам выбраць, дзе будзе праходзіць курсы, якія пройдзе, каму панясе выдзеленыя дзяржавай фінансы. Зрабілі так, каб заахвоціць настаўніка да новых ведаў, а не загадваць».

Рэформа адукацыі ва Ўкраіне: прафпадрыхтоўка дзяцей і грашовыя стымулы для настаўнікаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG