Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы турэмны лекар адкрыў праваабарончы цэнтар для вязьняў «Тайм акт»


Васіль Завадзкі

«„Тайм акт“ удалося зарэгістраваць як асьветніцкую інфармацыйную ўстанову», — тлумачыць былы турэмны лекар і вязень «амэрыканкі» Васіль Завадзкі і прыводзіць у прыклад «Плятформу», якая таксама лічылася асьветніцкай установай, але найперш займалася абаронай правоў вязьняў беларускіх калёній і турмаў.

У Васіля Завадзкага тыя ж мэты, толькі яшчэ шырэйшыя.

«Так, абарона вязьняў, якія церпяць ад адміністрацыі, дапамога тым, хто ўжо вызваліўся. А яшчэ будзем бараніць правы супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы. Ад каго? Паверце майму досьведу, і гэтым людзям часта патрэбная дапамога праваабаронцаў», — сказаў пасьля прэзэнтацыі «Тайм акта» Васіль Завадзкі, які адпрацаваў у турэмнай мэдыцынскай сыстэме больш за 20 гадоў.

Партнэр Васіля Завадзкага ў стварэньні і першых кроках «Тайм акта» — былы палітвязень, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Яны пазнаёміліся амаль 10 год таму, калі Аўтуховіч у турэмным шпіталі на Кальварыйскай трымаў галадоўку, а Завадзкі наглядаў за ім як турэмны лекар.

«Кожны дзень купляў і прыносіў мне бутэльку чыстай вады. Мы былі па розныя бакі барыкады, але я ўбачыў, што ў яго ёсьць сэрца і яму можна давяраць», — згадвае Мікалай Аўтуховіч.

Цяпер яны на адным баку, валянтэры адной арганізацыі. Пакуль Аўтуховіч у Ваўкавыску спрабуе трапіць на прыём да начальніка мясцовай калёніі, каб заступіцца за вязьня, «якога прэсуюць», Завадзкі ў Менску «сядзіць» на тэлефоне даверу.

«Ужо адкрылі тэлефонную лінію, прымаем званкі цягам усяго дня, ноччу працуе аўтаадказьнік. Яшчэ ёсьць нумар мабільніка, гэта адмыслова для вязьняў, якім дазваляюць пазваніць, звычайна ўвечары. Вядзем запіс званкоў, прапаноў, скаргаў», — кажа Васіль Завадзкі.

Мы ўтварыліся ня дзеля таго, каб ствараць ім праблемы, а каб разам іх вырашаць

Цікаўлюся ў дырэктара новай праваабарончай установы: якой ён чакае рэакцыі з боку Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС? Маўляў, ня ўсе ўхваляюць крытычныя сыгналы зь месцаў.

— Пакуль у нас адносіны такія. Нас зарэгістравалі ў сьнежні, і неўзабаве я накіраваў у ДВП ліст з прапановай аб канструктыўным супрацоўніцтве, папрасіўся на прыём на начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Адказ прыйшоў, мяркую, фармальны — што ў іх ёсьць сайт, там пазначаны час прыёму, прыходзьце на прыём. Пакуль гэтак.

Але, мяркую, мы сапраўды знойдзем, як узаемадзейнічаць, а ня толькі перапісвацца. Навошта нам гэтае ўзаемадзеяньне? Ну вось глядзіце. Нам паведаміў пэўны вязень, што яго правы парушаюць, ідзе ціск на яго ці на сяброў. Мы гэтаму можам проста даць агалоску, але хіба гэтага дастаткова, хоць таксама нямала? Лепш, калі ўдасца наладзіць кантакт з адміністрацыяй папраўчай установы, атрымаць ад іх інфармацыю, нават наведаць тую калёнію ці турму і праверыць на свае вочы, што там адбываецца.

Калі ўдасца наладзіць такі кантакт, дамагчыся хоць нейкай празрыстасьці, дык новых парушэньняў будзе меней. Хіба ня ў гэтым зацікаўленае і кіраўніцтва ДВП? Таму мы і кажам, што мы ўтварыліся ня дзеля таго, каб ствараць ім праблемы, а каб разам іх вырашаць. А што праблем там шмат, ведаю пэўна, у тым ліку са свайго досьведу».

— Вы сказалі, што таксама былі вязьнем. За што вы былі асуджаны і на колькі? Ці прызналі віну? Дзе адбывалі пакараньне?

— Са мной адбылася гісторыя, якая ніяк не зьвязаная з палітыкай, але, мяркую, зьвязаная з маёй дзейнасьцю як лекара. У мяне быў 328 артыкул — гэта незаконны абарот наркотыкаў і псыхатропаў.

Паводле адукацыі я лекар-псыхіятар. У 2009 годзе да мяне зьвярнуліся знаёмыя, каб дапамог знайсьці чалавеку, які вельмі мучыўся, пэўныя лекі, якіх няма ў продажы, а ў нашай сыстэме яны ёсьць. Папрасіў калегу дапамагчы. Той выдаў 5 таблетак псыхатропнага дзеяньня.

Вось за гэта, за садзейнічаньне ў злачынстве, мяне і арыштавалі. Адбыў 9 месяцаў у «амэрыканцы», віну прызнаў, асуджаны на 2,5 года, зьнялі год па амністыі, потым месяц у калёніі «Віцьба-3», і ў канцы 2010 году выйшаў на волю датэрмінова. Паступова прыйшоў да праваабарончай дзейнасьці.

— Вы самі працавалі ў турэмнай сыстэме. Якія там працуюць людзі? Мяркуеце, удасца дамовіцца зь імі пра супрацоўніцтва?

— Безумоўна, людзі там розныя, але пераважная большасьць — нармальныя, добрыя, разумныя, прафэсіяналы сваёй справы. Так, ёсьць і такія, каго нельга падпускаць да працы зь людзьмі, але такія ёсьць паўсюль. Скандалы бываюць і сярод настаўнікаў, і сярод лекараў. Інкубатараў, дзе б выхоўвалі ідэальных супрацоўнікаў, у нас няма. Але, паўтараю, у пэнітэнцыярнай сыстэме большасьць — нармальныя супрацоўнікі. Прычым ім таксама трэба дапамагаць у абароне іхніх правоў. Мне са свайго досьведу вядомыя выпадкі, калі на людзей ціснуць, каб яны зрабілі нешта, скажу гэтак, насуперак свайму сумленьню. У такіх выпадках людзей трэба абараняць, паказваючы адначасова ім, што яны павінны паступаць паводле закону, а незаконных загадаў не выконваць. Мяркую, да нас у «Тайм акт» такія звароты, безумоўна, будуць.

— Дарэчы, чаму такая назва — «Тайм акт»?

— Розныя былі прапановы, але ўсе чамусьці не ўхваляліся падчас рэгістрацыі. Варыянтаў дзесяць забракавалі, а на гэтую назву пагадзіліся. «Тайм акт» — гэта значыць час дзейнічаць. І сапраўды прыйшоў час дзейнічаць, бо шмат хто дакляраваў дапамогу вязьням, але зрабіць нешта пэўнае атрымліваецца не ўва ўсіх. Спадзяюся, у нас атрымаецца.

«Тайм акт» ужо адкрыў для кантактаў штодзённую тэлефонную лінію па менскім гарадзкім нумары 8 017 277-08-09 і па мабільным 8 025 615-46-76. Неўзабаве ўстанова плянуе адкрыць свой сайт.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG