Эўрапейская фэдэрацыя тхэквандо абвясьціла пра перанос чэмпіянату Эўропы па гэтым відзе адзінаборстваў зь Беларусі ў іншую краіну.
Як паведамляецца на сайце фэдэрацыі, з прычыны непрадбачаных абставінаў прынятае рашэньне пра перанос чэмпіянату Эўропы-2017 зь Менску, які быў абраны на гэтую ролю мінулым летам, у іншае месца.
Прычыны перагляду і новы адрас не ўдакладняюцца. Але на афіцыйным сайце падкрэсьліваецца, што спаборніцтвы ня будуць адмененыя і што цяпер актыўна шукаюць альтэрнатыўную пляцоўку, каб правесьці форум да канца году.
Ня выключана, што адной з прычын перагляду ўхваленага летась рашэньня стаў допінгавы скандал з удзелам самага ўганараванага беларускага тхэквандыста Армана Маршала Сілы.
Летась двухразовы чэмпіён Эўропы ня быў дапушчаны да Алімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра з прычыны станоўчай пробы на мэльдоній, а зусім нядаўна з той жа прычыны яго дыскваліфікавалі на 4 гады. 23-гадовы спартовец ня згодны з вэрдыктам, які, па сутнасьці, азначае заканчэньне карʼеры. І заявіў, што будзе падаваць апэляцыю ў Вярхоўны суд Швайцарыі. Заадно ён зьвярнуўся па дапамогу да сваіх прыхільнікаў — каб падаць пазоў, трэба 20 тысяч даляраў.