Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Процька: У 1990-я ў КДБ верылі ў новае справядлівае жыцьцё


Тацяна Процька

Аўтарка кнігі «Станаўленьне савецкай таталітарнай сыстэмы ў Беларусі (1917–1941)» у дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму разважае, чым нашы часы падобныя да сталінскіх.

Вы былі сярод тых нямногіх дасьледчыкаў, якім давялося працаваць у архівах КДБ з матэрыяламі пра савецкі тэрор. Што гэта быў за час, што за людзі там тады працавалі?

Гэта 1990–92 гады, самы пачатак дэмакратыі. Хваля дэмакратыі была сярод усяго беларускага насельніцтва. Адчувалася яна і ў КДБ. Гэта былі людзі розных перакананьняў, розных меркаваньняў. Некаторыя сталыя казалі, што будзе толькі горш і ўсё рассыплецца, будзе пагаршацца крымінальная абстаноўка. А моладзь, зь якой я сутыкалася, верыла, што будзе новае справядлівае і цікавае жыцьцё.

У тыя часы ў КДБ была свая сацыялягічная служба, і яны дакладна ведалі, якія адсоткі сымпатый насельніцтва маюць тыя ці іншыя кандыдаты. Думаю, што многія расклады, якія потым адбыліся, і дзеяньні некаторых палітыкаў грунтаваліся на здабытках апэратыўна-пошукавай дзейнасьці супрацоўнікаў КДБ.

Архівы КДБ утрымліваюць матэрыялы некалькіх кшталтаў: унутраныя цыркулярныя дакумэнты, архіўныя справы людзей, якія прайшлі катаваньні і былі пад наглядам спэцслужбаў, і абагульненьні пра сытуацыю ў краіне, якія рабілі спэцслужбы для камуністычнай партыі. Гэтыя дакумэнты вельмі цікавыя і маюць вялікае значэньне для гісторыі Беларусі як крыніца, якая дагэтуль у поўным аб’ёме ня ўведзеная ў навуковы ўжытак.

Калі нехта сёньня кажа пра «перагляд гісторыі», то хай яны рассакрэцяць гэтыя дакумэнты. І мы будзем ведаць на самой справе, якой была гісторыя Беларусі ў савецкі час.

Акцыя памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій каля КДБ, 7 лістапада 2016
Акцыя памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій каля КДБ, 7 лістапада 2016

Калі ўзяць нашу афіцыйную гісторыю, то гэта «ад аднаго дасягненьня да другога». Як і ў сучаснай Беларусі — «спачатку сабралі 4 мільёны тон збожжа, а цяпер ужо 6,5 мільёна». Гэтая тактыка захавалася з савецкіх часоў. А спэцслужбы казалі — «не, усё гэта дутае, гэта прыпіскі». І ў тое месца, дзе былі прыпіскі, раней ці пазьней прыходзілі з ОГПУ, НКВД, КГБ...

Мы павінны зразумець, што савецкая ўлада як дзяржаўнае ўтварэньне існуе толькі з рэпрэсіямі. Прыпіскі збожжа, народжаных жывёл, прыпіскі да плянавых паказчыкаў — гэтая сыстэма вымушаная мець орган, які будзе з гэтым усім змагацца. Рэпрэсіі — неад’емная частка савецкай сыстэмы. І пакуль у нас будзе савецкі лад жыцьця, рэпрэсіі будуць яго часткай.

Не абавязкова, што цябе забіваюць ці накіроўваюць у ГУЛАГ. Рэпрэсіі могуць мець розны вынішчальны для духоўнага і чалавечага жыцьця выгляд. Гэта і пазбаўленьне любімай працы, і пазбаўленьне асяродзьдзя, у якім ты знаходзісься, і публічнае ганьбаваньне. Усё гэта таксама дзяржаўныя рэпрэсіі, і мы працягваем жыць у гэтай атмасфэры.

Хоць у 1990-я гады верылі, што нашае жыцьцё зьменіцца ў лепшы бок. І верылі ў тым жа КДБ.

Цяпер, як і дзесяцігодзьдзі таму, гучаць заклікі адкрыць гэтыя архівы. Як зьменіць наша грамадзтва гэтая новая праўда?

Новай праўды пра рэпрэсіі там ня будзе. Будзе праўда для людзей, які хочуць узнавіць свой род. Савецкі чалавек быў «родства не помнящий». У гэтым быў сэнс савецкі, камуністычны. Цяпер людзі жывуць у іншай рэальнасьці, хочуць свой род узнавіць. Канечне, тут іх чакаюць адкрыцьці, і, на жаль, не зусім прыемныя.

Неабходна гэтыя архівы адкрыць, даць магчымасьць людзям вывучаць іх, каб не сутыкнуцца з новым тварам старой рэальнасьці. Трэба, каб савецкае сышло.

Калі мы будзем ведаць гэтыя матэрыялы, думаю, што ня будзе ўзнаўляцца многае з таго, што сёньня адбываецца. А цяпер кіраўніцтва краіны поўнасьцю такое, як было ў савецкія часы. Толькі замест кампартыі адміністрацыя прэзыдэнта. Уся розьніца.

"Віцебскія Курапаты", вёска Хайсы ў Віцебскім раёне
"Віцебскія Курапаты", вёска Хайсы ў Віцебскім раёне

У адным з інтэрвію вы казалі, што ахвяры рэпрэсій ня мелі нянавісьці да сваіх катаў?

Гэта дакладна тое ж, што адбываецца ў нас. Паразмаўляйце зь людзьмі, яны кажуць: «Пасадзілі? А чаму яны супраць улады?»

І тыя людзі лічылі, што гэта памылка. Былі, канечне, ідэйныя ворагі, людзі, якія ненавідзелі сыстэму. Але большасьць рэпрэсаваных, асабліва людзі простыя, сяляне ці рабочыя, яны верылі, што памылка зь імі атрымалася, і там разьбяруцца.

А потым быў страх, што можаш аказацца чалавекам, які меў дачыненьні з «ворагам народу». У маёй сям’і такіх выпадкаў два. У мамы брат падчас вайны быў лётчыкам і зьнік бязь вестак. А тады думалі, што, можа, ён перайшоў на бок ворага, і баяліся нават шукаць яго. Толькі цяпер мы знайшлі, дзе ён. Ужо і мама памерла і ня будзе ведаць, дзе ён загінуў.

А ў бацькі стрыечныя браты згінулі за антысавецкую агітацыю адзін і другі. Пра аднаго ведалі, што памёр, а пра другога і ня ведалі, дзе. І ніхто не шукаў і ніхто ня згадваў, дзе. Шмат людзей пацярпела ад гэтай улады.

Былі ня толькі палітычныя, але і эканамічныя рэпрэсіі. Мамін стрыечны брат спазьніўся на працу і адбываў за гэта пакараньне. Бо былі артыкулы, паводле якіх за спазьненьне была крымінальная адказнасьць. Вельмі таленавіты чалавек быў, але так і ня змог стаць кіраўніком прадпрыемства, бо ў яго заўжды была судзімасьць.

Людзі ў тыя часы ўсьведамлялі масавасьць гэтых рэпрэсій?

Ды як і сёньня. Людзі ніколі не прымаюць інфармацыю, якая можа неяк пашкодзіць іх душэўнаму спакою. Яны яе адкідаюць, ня хочуць пра гэта думаць. Мяркую, яны аднолькава ненавідзяць і тых, хто робіць гвалт, і тых, хто вымушае іх ведаць пра гэты гвалт. У людзей ёсьць сумленьне, але яны ня хочуць, каб гэтае сумленьне працавала. І нашы людзі, беларусы, асабліва ў гэтым вылучаюцца з усіх астатніх народаў. Яны адкідаюць інфармацыю, якая можа іхнае сумленьне патрывожыць.

Усталяваньне новых мэталічных крыжоў замест старых драўляных ва ўрочышчы Курапаты. 7 жніўня 2017 году
Усталяваньне новых мэталічных крыжоў замест старых драўляных ва ўрочышчы Курапаты. 7 жніўня 2017 году

Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца вакол Курапатаў? Менавіта да ініцыятывы ўлады заснаваць там мэмарыял?

Пазытыўна. Думаю, у самой уладзе ідзе барацьба, і новае пакаленьне спрабуе нешта зьмяніць. І тое, што дзяржава прызнала неабходнасьць ушанаваць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, гэта важна. Пасьля можна і лепш, але галоўнае, каб гэта было. Каб хоць адзін каменьчык паклалі, але каб дзяржава гэта зрабіла. Гэта будзе пачатак хоць і не нямецкага катарсісу, але беларускага.

Тацяна Процька — грамадзкая дзяячка, філёзаф, гісторык, аўтарка некалькіх манаграфій.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG