Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч прасьпявае «для закаханых і ня толькі» 12 лютага


Віктар Шалкевіч, архіўнае фота
Віктар Шалкевіч, архіўнае фота

«Канцэрт для закаханых і ня толькі» — такую назву атрымаў канцэрт, зь якім 12 лютага ў канцэртнай залі «Менск» выступіць вядомы беларускі бард, актор і шоўмэн Віктар Шалкевіч. Сваё выступленьне музыка прысьвячае сьвяту закаханых — Дню сьвятога Валянціна, якое адзначаецца 14 лютага.

Шалкевіч прапануе гледачам праграму з найбольш вядомых і папулярных песьняў, а таксама новыя творы. Адметнасьцю канцэрта стане магчымасьць паслухаць улюбёныя творы аўтара на замову гледачоў. Напярэдадні Віктар Шалкевіч прыняў удзел у вулічнай імпрэзе, прасьпяваўшы для мінакоў у пераходах менскага мэтро.

Віктар Шалкевіч – ляўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песьні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў-93» (Польшча). Выступаў з канцэртамі ў Беларусі, Расеі, Польшчы, Літве, Францыі, Нямеччыны, Чэхіі. Выдаў чатыры кнігі і восем музычных альбомаў.

За папулярызацыю сярод дзяцей ведаў пра тэатр быў узнагароджаны Міжнародным ордэнам Усьмешкі, атрымальнікамі якога зьяўляюцца Ян Павал II, Астрыд Ліндгрэн, Стывэн Сьпілберг. Шалкевіч у 2014 годзе стаў уладальнікам прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якой ўзнагароджваюцца людзі, што выявілі сябе ў грамадзкай і творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG