Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Замяталіна не прызнае ні сваёй віны, ні пазову ў 81 мільярд рублёў


На працэсе ў Заводзкім судзе Менску Дзяніс Замяталін, сын былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Замяталіна, абверг абвінавачаньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і не пагадзіўся з пазовам.

4 сакавіка Дзяніс Замяталін і яшчэ 6 фігурантаў справы выказаліся адносна новага абвінавачаньня, якое ім было выстаўлена на апошнім слуханьні. Падсудны зноў не прызнаў сябе вінаватым і зноў заявіў пра тое, што доказы ягонай віны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў складзе злачыннай групоўкі былі, як ён лічыць, сфальшаваныя сьледзтвам. У прыватнасьці, Дзяніс Замяталін заяўляў пра незаконнасьць выкарыстаньня сьледзтвам матэрыялаў апэратыўнага праслухоўваньня яго і іншых абвінавачаных па справе. Ён спаслаўся на тое, што былі парушаныя тэрміны дазволенага праслухоўваньня. Таксама Дзяніс Замяталін казаў пра фальшаваньне дадзеных, якія былі ўзятыя сьледчымі зь ягонага ды іншых кампутараў, якія фігуруюць у справе.

Сьледзтва лічыць, што Дзяніс Замяталін быў адным з арганізатараў злачыннай групоўкі, якая з 2008 па 2010 год нібыта займалася незаконнымі фінансавымі апэрацыямі, у тым ліку прадстаўляла падробленыя справаздачы аб выплаце падаткаў. Дзянісу Замяталіну і 6 ягоным саўдзельнікам пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Гэта Юры Клімовіч, Аляксей Саган, Анатоль Падпратаў, Аляксандар Іваноў, Іван Макаранка і Аляксандар Бясклубны. Іх сёньняшнія заявы ў судзе фактычна не адрозьніваліся. Яны казалі, што не прызнаюць сябе вінаватымі, раней не былі знаёмыя зь Дзянісам Замяталіным і, адпаведна, яму не падпарадкоўваліся. Таксама абвінавачаныя дружна адмовіліся адказваць на пытаньні дзяржаўнага абвінаваўцы і заявілі, што праўдзівыя толькі тыя іх паказаньні, якія яны давалі ў судзе, а не на сьледзтве.

Дзянісу Замяталіну ды іншым абвінавачаным былі выстаўленыя грашовыя пазовы агулам на 81 мільярд 315 мільёнаў рублёў. Калі суд прызнае іх віну, гэтыя грошы ім прыйдзецца сплаціць салідарна, але Дзянісу Замяталіну — больш за ўсіх. Усе сямёра не прызналі гэтага пазову. Прыкладам, абвінавачаны Аляксей Саган заявіў: «У матэрыялах справы няма ніводнага дакумэнту аб перадачы мне грошай, у мяне няма ніводнай даверанасьці ад фірмаў, якія фігуруюць у справе, што нібыта мне плацілі». Аляксей Клімовіч, якога падазраюць, як і Дзяніса Замяталіна, у арганізацыі групоўкі, заявіў, што ўвогуле ня быў у Беларусі падчас эпізодаў, якія фігуруюць у справе.

Наколькі аб’ектыўна праходзіць працэс? Адметная дэталь. Сёньня імаверныя саўдзельнікі Замяталіна адмовіліся адказваць на пытаньні прадстаўніка пракуратуры, але пры гэтым з ахвотай адказвалі на пытаньні самога Дзяніса Замяталіна. Дзяржаўны абвінаваўца заявіў суду, што гэта супярэчыць закону, аднак судзьдзя Алег Каляда такі парадак дазволіў. Пры гэтым судзьдзя адхіліў хадайніцтва Дзяніса Замяталіна, каб у судзе агаласілі высновы незалежнага экспэрта адносна доказаў, якія сьледзтва ўзяло з кампутараў. Замяталін лічыць, што гэтыя доказы былі сфальшаваныя, і спасылаецца ў тым ліку на меркаваньне гэтага адмыслоўца. Між тым судзьдзя пагадзіўся з пракурорам, што гэтае меркаваньне — ня думка афіцыйнага экспэрта.

У судзе прысутнічае маці Дзяніса Замяталіна Тамара. Абараняе яго ў якасьці абаронцы жонка Тацяна. Жанчыны адмовіліся даваць камэнтары, пакуль ня будзе прысуду, спаслаўшыся на тое, што ня хочуць гэтым пашкодзіць сыну і мужу. Бацькі Дзяніса Замяталіна 4 сакавіка ў судзе бачна не было.

Гэта другі разгляд той самай справы аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая пачалася яшчэ ў 2010 годзе. Тады Дзяніса Замяталіна пратрымалі пад вартай 2 месяцы і да суду вызвалілі пад падпіску. У 2012 годзе яго ды іншых фігурантаў раённы суд апраўдаў, але пракуратура рашэньне абскардзіла. Пасьля гэтага Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў прысуд раённага суду, але Вярхоўны суд яго адмяніў і адправіў справу на новы разгляд. У ліпені 2013 году Дзяніса Замяталіна зноў арыштавалі і з таго часу трымаюць у СІЗА на Валадарскага. На паседжаньні 4 сакавіка Дзяніс Замяталін выглядаў бадзёра і актыўна абараняўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG