Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская «Сьвятлатэхніка» выпраўляе рабочых на 2 месяцы ў безаплаты адпачынак


«Сьвятлатэхніка», дзе разьмешчана рэгіянальнае таварыства інвалідаў па зроку

Гомельскае ўнітарнае прадпрыемства «Сьвятлатэхніка», дзе працуе 60 адсоткаў інвалідаў па зроку, на два месяцы выправіла сваіх рабочых у вымушаны адпачынак.

Раней плацілі — цяпер па нулях

«У мінулым годзе нам хоць плацілі дзьве траціны тарыфу за падобныя кароткія адпачынкі. Цяпер два месяцы гуляем — і па нулях», — апавядае адзін з працаўнікоў прадпрыемства, які мае трэцюю групу інваліднасьці.

«Сьвятлатэхніка» выпускае розныя сьвяцільнікі для арганізацыяў і ўстановаў, электрашчытавое абсталяваньне, плястмасавыя сядзеньні для спартовых ды іншых абʼектаў, садова-агародны інвэнтар. Сядзеньнямі гэтага прадпрыемства абсталяваны ня толькі Гомельскі лядовы палац, але й Чыжоўка-арэна ў Менску, стадыён ФК «БАТЭ» ў Барысаве ды шмат што яшчэ.

«У ранейшыя гады, калі дазвалялі фінансы, мы плацілі рабочым дзьве траціны заробку, — тлумачыў карэспандэнту БелаПАН дырэктар прадпрыемства „Сьвятлатэхніка“ Сяргей Раманюк. — Цяпер такой магчымасьці ня маем. Я прасіў калектыў зразумець сытуацыю, пайсьці насустрач і пагадзіцца на двухмесячны перапынак без аплаты — у сакавіку й красавіку. Спадзяёмся выйграць тэндэр на аснашчэньне нацыянальнага футбольнага стадыёна ў Менску і ў траўні аднавіць працу».

Дырэктар дадае, што адпачынак на два месяцы не татальны. Калі заказы паступаюць, то паводле адмысловых распараджэньняў патрэбныя спэцыялісты выходзяць на працу — у Гомелі і ў Мазырскай філіі «Сьвятлатэхнікі». Цяпер, у прыватнасьці, працуе ўчастак сартаваньня мэтызаў для Рэчыцкага заводу, дзе занятыя пераважна інваліды па зроку. Частка рабочых выйшлі на ўчастак вырабу садова-агароднага інвэнтару.

«Скажу адкрыта, што мяне ў гэтай сытуацыі больш турбуюць не інваліды, а здаровыя чальцы калектыву. Інваліды атрымліваюць хоць якую дапамогу ад дзяржавы з прычыны свайго фізычнага стану здароўя. Усе ж астатнія такой падтрымкі ня маюць — а гэта больш як паўтары сотні чалавек», — кажа дырэктар.

Сьвятлодыёды зацьмілі «Сьвятлатэхніку»

Фінансавыя цяжкасьці ў прадпрыемства пачаліся, калі асноўны спажывец разнастайных сьвяцільнікаў, суседняя Расея, стаў адмаўляцца ад гомельскай прадукцыі. Да таго ж расейскі рынак стаў запаўняцца энэргазьберагальнымі сьвятлодыёднымі сьвяцільнікамі, зь якімі «Сьвятлатэхніка» канкураваць ня можа.

Ранейшыя кіраўнікі прадпрыемства, каб утрымацца на паверхні, бралі крэдыты і выпускалі прадукцыю, якая не заўсёды была запатрабаваная на рынку. Новаму кіраўніцтву дасталася 11-мільярдная запазычанасьць прадпрыемства па банкаўскіх крэдытах, якую за апошнія два гады ўдалося скараціць да 6 мільярдаў.

Разгрузіцца часткова ад запасаў дапамаглі «Сьвятлатэхніцы» мясцовыя ўлады, мэтава закупіўшы сьвяцільнікаў для арганізацыяў і ўстановаў рэгіёну на 5,6 млрд рублёў. Каля паўмільярда рублёў спрабуе вярнуць прадпрыемства за пастаўленую прадукцыю праз пазовы ў эканамічны суд.

Лёзунг на тэрыторыі «Сьвятлатэхнікі»
Лёзунг на тэрыторыі «Сьвятлатэхнікі»

«Нейкая „зорка“ яшчэ сьвеціць над прадпрыемствам, — лічыць Сяргей Раманюк. — У іншым выпадку мы б маглі закрыцца яшчэ летась, а то й раней. Паколькі на прадпрыемстве з чатырохсот працаўнікоў бальшыню складаюць інваліды, то было б правільным, каб улады разьвівалі з такімі прадпрыемствамі сацыяльнае партнэрства. Каб для такіх прадпрыемстваў былі пэўныя дзяржаўныя заказы. Заробкі ў нас невялікія, але мы ўсё ж такі падтрымліваем значную частку інвалідаў 3 групы, якім складана выжываць толькі на дзяржаўную дапамогу».

Рабочыя «Сьвятлатэхнікі», дарэчы, сёлета зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з адмысловым лістом наконт укараненьня ў краіне такога сацыяльнага партнэрства з спэцыфічнымі прадпрыемствамі. З Адміністрацыі прэзыдэнта ліст працаўнікоў пераслалі ў Гомельскі аблвыканкам, а адтуль — у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Гомеля.

Надзея — на менскі футбольны стадыён

Аднаўленьне працы ў траўні кіраўнікі «Сьвятлатэхнікі» зьвязваюць найперш з атрыманьнем заказу на выраб 25 тысяч плястмасавых сядзеньняў для нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Менску. Кошт заказу — 28 мільярдаў рублёў. Гэта на цэлыя 3 мільярды больш, чым гадавы выраб прадукцыі «Сьвятлатэхнікі».

Адна толькі акалічнасьць туманіць такую пэрспэктыву. Нацыянальны стадыён вырашылі будаваць не на месцы сёньняшняга стадыёну «Дынама» і ня ў Шчомысьліцы, як меркавалася раней, а каля стадыёну «Трактар». Заказчыкам новага амбітнага праекту коштам 95 мільёнаў даляраў выступілі бізнэсовец Юры Чыж, Менгарвыканкам і Беларуская фэдэрацыя футболу. Але ж вядома, што бізнэсовец Чыж апынуўся за кратамі, і пэрспэктыва будоўлі футбольнага стадыёну цяпер пад вялікім пытаньнем. Гэтаксама як і пэрспэктыва плённай працы «Сьвятлатэхнікі» пасьля вымушанага двухмесячнага адпачынку.

XS
SM
MD
LG