Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі апазналі забітага ў Менску Алманбета Анапіяева, — кіргіскі партал


Сваякі апазналі ў забітым у Менску мужчыну Алманбета Анапіяева. Пра гэта 23 лютага кіргіскаму парталу АКИpress паведаміў ягоны адвакат Жыргалбек Бабаеў.

Ён распавёў, што сваякі Анапіяева прыяжджалі ў Менск і апазналі ў забітым Алманбета Анапіяева.

Адвакат сказаў, што заўтра рэйсам з Масквы ў Ош будзе дастаўлены «груз 200» зь целам Анапіяева.

У сілавых структурах неафіцыйна пацьвярджалі, што знойдзены 19 лютага ў аўтамабілі ў Менску забіты мужчына — гэта Алманбет Анапіяеў. На целе ёсьць сьляды гвалту, сьмерць наступіла ад нажавых раненьняў.

Побач зь целам міліцыя знайшла пашпарт грамадзяніна Расеі на імя Алмазбека Шакірава. Устаноўлена, што гэты пашпарт фальшывы, а фатаздымак Шакірава быў заменены на фота Анапіяева, паведамляе кіргіскае выданьне.

Праваахоўныя органы Кіргізстану лічаць Алманбета Анапіяева лідэрам арганізаванай злачыннай групоўкі.

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Сяргей Кабаковіч сказаў карэспандэнту беларускай Свабоды, што ня можа пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю. Ён сказаў, што праводзіцца расьсьледаваньне па факце знаходкі ў багажніку аўтамабіля прадстаўнічага клясу трупа мужчыны з колата-рэзанымі ранамі, працягваецца расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы. Разглядаюцца розныя вэрсіі, у тым ліку і тая, якая агучвалася шэрагам СМІ — пра датычнасьць загінулага да крымінальнай сфэры. Паводле Кабаковіча, плянавалася таксама працэдура апазнаньня цела.

Раней з паведамленьня кіргіскай службы Радыё Свабода стала вядома, што ўлады Кіргізстану абвясьцілі Алманбета Анапіяева ў вышук і лічаць, што ён зьвязаны з братам былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева — Жанышам Бакіевым. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Кіргізстану Мірлан Каніметаў паведаміў кіргіскай службе Радыё Свабода, што інфармацыя пра забойства «крымінальнага аўтарытэта» Алманбета Анапіяева была атрымана і цяпер удакладняецца.

Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, шкодзе для жыцьця і здароўя, нацыянальных і міжнародных злачынствах.

Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду ў суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША за рэальнае садзеяньне ў тым, каб знайсьці і злавіць гэтых злачынцаў.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG