Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суткі за рэпосты. Запалохваюць тых, хто анансуе Дзень Волі ў сацсетках


Фота ­©­Shutterstock
Фота ­©­Shutterstock

Карыстальнікаў сацыяльных сеткак па ўсёй Беларусі выклікаюць у міліцыю і нават асуджаюць на суткі за заклікі выходзіць на мітынгі 25 і 26 сакавіка.

Нясьвіж. Выклікаюць у суд і патрабуюць выдаліць групу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

17 сакавіка ў РАУС Нясьвіскага раёну прывезьлі Ільлю Мікуліча. 26-гадовага беспрацоўнага жыхара Нясьвіжа забралі зь ягонай кватэры, пратрымалі ў аддзеле міліцыі каля шасьці гадзін і склалі пратакол па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Ягоны рэпост у vk.com пра мітынг у Нясьвіжы 26 сакавіка расцанілі як парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

24 сакавіка а 12-й адбудзецца суд над Мікулічам. Ён лічыць, што судовае паседжаньне адмыслова прызначылі перад самым Днём Волі. Артыкул, па якім будуць судзіць Мікуліча, прадугледжвае як папярэджаньне, так і штраф ці суткі.

«Я падазраю, што мяне заўтра выклікаюць, каб можна было мяне затрымаць і 25-га я не паехаў на мітынг у Менск. І каб 26-га ў Нясьвіжы таксама ня выйшаў», — сказаў Мікуліч Свабодзе.

Мікуліч не ўваходзіць ні ў якія палітычныя ці грамадзкія рухі. Міліцыя зацікавілася толькі ягоным профілем у vk.com.

Хлопец дадаў, што 17 сакавіка, акрамя міліцыянтаў, зь ім размаўляў прадстаўнік КДБ.

«Ён мне прыгразіў, каб я выдаліў маю групу („Несвиж БНФ“. — РС) „Укантакце“ ці перавёў яе на іхні лад», — сказаў Мікуліч.

Ворша. Зьмясьцілі ў СІЗА за рэпост у фэйсбуку

Галіна Сьмірнова
Галіна Сьмірнова

Кіраўніцу рэгіянальнай суполкі РЭП Галіну Сьмірнову затрымалі ўвечары 22 сакавіка ў Бабруйску. Ёй інкрымінуюць артыкул 23.34 Адміністратыўнага кодэксу — парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Як стала вядома Свабодзе, падставай для затрыманьня Галіны Сьмірновай стаў рэпост у фэйсбуку. 21 сакавіка яна апублікавала ў сваёй стужцы заклік прыходзіць на цэнтральныя плошчы ўсіх гарадоў Беларусі 26 сакавіка.

Гэта ня першае затрыманьне Сьмірновай. Два тыдні таму яе ўжо асуджалі па такім самым артыкуле. За арганізацыю маршу «недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка яна адседзела двое сутак у ізалятары і атрымала штраф 30 базавых велічыняў.

Сёньня яе меліся судзіць. Але суд перанесьлі на 24 сакавіка.

Гомель. Абвінавачваюць і просяць з усім пагаджацца

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абноўлена: Сянкевіч аштрафаваны на 15 базавых велічыняў

22 сакавіка жыхара Гомля Дзьмітрыя Сянкевіча абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў за пост «Укантакце» ў суполцы «Stop Luka». Як сказаў Сянкевіч Свабодзе, 21 сакавіка каля 19-й вечара па адрасе ягонай прапіскі прыйшлі два праваахоўнікі і выдалі ягонай маці позву.

Наступным днём Сянкевіч пайшоў у РАУС Савецкага раёну Гомля, дзе капітан Кацярына Палякова дала яму пратакол з абвінавачаньнем у парушэньні парадку правядзеньня мітынгу (ч.1 арт. 23.34), дзе даваўся скрыншот паста ў суполцы «Stop Luka», падпісанага ягоным акаўнтам.

«Палякова папрасіла прызнаць віну і з усім згаджацца, каб не далі арышт на 15 сутак, а выпісалі толькі мінімальны штраф. Сказала чакаць позвы з суду і не пакідаць гораду», — сказаў Сянкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG