Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 25 сутак. Суды за Дзень Волі па ўсёй Беларусі


25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба

Коратка

Пасьля масавых затрыманьняў на акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ​ў Беларусі чакаюць судоў у панядзелак да сотні чалавек, паводле зьвестак Беларускага Хэльсынскага камітэту. Прыблізна столькі ж — паводле сьпісу «Вясны». Агулам за два дні затрымана было каля тысячы чалавек. Да Дня Волі суды над «недармаедамі» ішлі два тыдні.

У Віцебску баяліся мітынгу ў будынку суду

Працэсы над 9 удзельнікамі акцый 25 і 26 сакавіка праходзілі ў Кастрычніцкім райсудзе. Справы актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і шараговых грамадзян разьбіралі адразу некалькі судзьдзяў.

У Мазыры мясцовыя міліцынты склалі адміністрацыйны пратакол на грамадзкага актывіста, пэнсіянэра Рыгора Крывіцкага. Яго вінавацяць ў парушэньні закону аб арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Крывіцкі падаваў у райвыканкам заяўку на пікет. Пікет не дазволілі, але блізу сотні гараджанаў выйшлі 26 сакавіка на цэнтральную плошчу гораду, каб публічна заявіць пра набалелыя праблемы. Выступаў на сходзе і сам Крывіцкі, супраць якога мясцовыя ўлады завялі цяпер адміністрацыйную справу.

«На мітынгу быў, бо давялі.» Як судзілі і лячылі дыябетыка Аляксандра Яўсейчука

У суд Цэнтральнага раёну Гомеля міліцыя прывезла з ізалятара УУС Гомельскага аблвыканкаму актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Яўсейчука. Яго затрымалі міліцыянты 25 сакавіка, на Дзень Волі, на Юбілейнай вуліцы адразу пасьля мітынгу. Аляксандар пакутуе на цукровы дыябэт.

Баранавічы. Суд Аляксандра Шведа перанесьлі на 28 сакавіка з прычыны яго дрэннага самаадчуваньня

Судзьдзя Аксана Копач задаволіла хадайніцтва інваліда аб пераносе паседжаньня з прычыны яго дрэннага самаадчуваньня і абвясьціла перапынак да 28 сакавіка. Пачатак паседжаньня прызначаны на 14:30.

Актывіста вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, якая адбылася ў Баранавічах 26 лютага («Марш недармаедаў»).

Савецкі суд Гомля пакараў трыма суткамі арышту сябра БНФ Васіля Рэпніна за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Рэпнін нёс бел-чырвона-белы сьцяг.

Гомель. Багуслава Гвозьдзева пакаралі арыштам на 3 сутак. Судзьдзя Віктар Казачок.

Юрыя Воласава судзьдзя Дзьмітры Дэбой пакараў арыштам таксама на 3 сутак.

Намесьніка старшыні АГП Васіля Палякова пакаралі ў Савецкім судзе нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі 6 суткамі арышту. 25 сакавіка Палякоў выйшаў з дому з жонкаю, каб ехаць на плошчу Паўстаньня. Празь некалькі сотняў мэтраў яго затрымалі АМАПаўцы.

Актор беларускага Свабоднага тэатру Сяргей Квачонак атрымаў 10 сутак за ўдзел у Дні Волі ў Менску 25 сакавіка.

Мікалай Халезін, кіраўнік Свабоднага тэатру:

«Гэта другое зьняволеньне Сяргея. Першы раз яму прысудзілі такі самы тэрмін у 2011 годзе за ўдзел у „маўклівых акцыях“. Тады ён змог канвэртаваць свой турэмны досьвед у бліскучы фрагмэнт спэктакля „Менск-2011“. Спадзяёмся, і цяперашні досьвед не міне для яго дарма».

Журналістку Марыну Кастылянчанку за ўдзел у акцыі 15 сакавіка і за непадпарадкаваньне міліцыі Савецкі суд Менску пакараў арыштам на 15 сутак.

Менск. Прысуд Паўлу Белавусу — 15 сутак. Павал спытаў судзьдзю: «Вам не сорамна?». Той не адказаў і ўцёк з залі пад воклічы: «Ганьба!». Павал папрасіў сяброў ахоўваць і дапамагаць жонцы, перадаваць яму кніжкі.

Бабруйск. Максіма Буйніцкага, якога пасьля адбыцьця 15 сутак у ноч на 26-га сакавіка зноў затрымалі, судзьдзя Гормаш аштрафаваў за хуліганства на 2 базавыя. Паводле сьведак-міліцыянтаў, Максім выйшаў з хаты ў начную краму, стаў сярод двара й пачаў махаць рукамі й крычаць.

Гомель. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Гомля Аляксандар Піскуноў пакараў 19-гадовага Віктара Чумачэнку арыштам на 5 сутак.

Віктар Чумачэнка
Віктар Чумачэнка

Бабруйск. Затрыманага 24 сакавіка Ўладзімера Лазарава судзілі за ўдзел у мітынгу 12 сакавіка — штраф 5 базавых (100 р).

Суд Чыгуначнага раёну Гомеля пакараў Ксеню Кавалёву штрафам у 10 базавых (230 рублёў). Да суду яна правяла двое сутак у ізалятары.

Аляксандра Яўсейчука з Гомеля пакаралі двума суткамі арышту, якія ён ужо адседзеў. Цяпер яму выклікалі хуткую, у яго цукровы дыябэт. Судзьдзя Сяргей Кармановіч.

Бабруйск. Затрыманага ўчора Аляксея Даніленку судзілі за ўдзел у мітынгу 12 сакавіка на падставе знойдзенага ў тэлефоне фатаздымку. Прысудзілі штраф 100 рублёў. Суд абдыўся не ў ізалятары, як меркавалася раней, а ў гарадзкім судзе.

Аднавіўся працэс над Паўлам Белавусам. Пасьля паказаньняў сьведак-журналістаў сьведка-міліцыянт Яфанаў, які раней казаў, што затрымліваў Белавуса, цяпер прызнаў, што не затрымліваў сам, а толькі перадаў калегам, каб затрымалі. Сказаў, што забыўся пра гэта і таму адразу не сказаў. Зьмяніў паказаньні і другі сьведка-міліцыянт. «Так, не затрымліваў, перадаў па рацыі. Але Белавус мацюгаўся».

Павал папрасіў судзьдзю, каб той прымусіў сьведак назваць матныя словы, якімі нібыта лаяўся. Але судзьдзя адмовіў: «Не дазволю, каб у маім судзе мацюкаліся». Тады Павал папрасіў, каб яны напісалі гэтыя словы на паперы, але суд і ў гэтым адмовіў.

Сьведка Сяргей Мірончык, намесьнік камандзіра атраду міліцыі спэцпрызначэньня, сказаў, што Белавус каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» зрабіў правапарушэньне і ён яго затрымаў. На пытаньне судзьдзі, чаму ў справе няма ягоных тлумачэньняў, сказаў, што кіраваў падразьдзяленьнем. Прызнаў, што ў момант затрыманьня Белавус ня лаяўся. Сьведкі-міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях.

Прысуды ў Віцебску

Перад пачаткам працэсаў над затрыманымі ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску
Перад пачаткам працэсаў над затрыманымі ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску

Віцебск. Журналіст Арцём Сізінцаў з Воршы — 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Праваабаронца Леанід Сьвецік за акцыі 25-га і 26-га — 15 сутак.

Суд над журналістам Канстанцінам Мардзьвінцавым судзьдзя Іна Грабоўская праводзіць у закрытым рэжыме — у сваім кабінэце. За дзьвярыма каля 10 чалавек, у кабінэце — 2, чатыры крэслы вольныя. Перайсьці ў вялікую залю судзьдзя адмовілася.

***

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мінулай ноччу быў пераведзены з ізалятару часовага ўтрыманьня ў шпіталь У яго падвышаны ціск. Пасьля затрыманьня 26 сакавіка яму стала кепска, у Кастрычніцкі РАУС выклікалі хуткую дапамогу, але шпіталізаваць Левінава мэдыкі адмовіліся. Пасьля адпраўкі ў ІЧУ яму стала горш. Праваабаронцу ўсе-такі паклалі ў шпіталь.

Актывіст БХД Дзяніс Садоўскі аштрафаваны судом Цэнтральнага раёну на 80 базавых велічынь (1840 рублёў ці 978 даляраў).

Полацак. Прайшлі суды ў Полацку. Праваабаронцу Юрыя Бельскага прызналі вінаватым у хуліганстве — нібыта ён лаяўся матам раніцай 25 сакавіка, калі яго выклікалі на гутарку ў Сьледчы камітэт.

Затрыманаму пасьля ператрусу на полацкім офісе Свабоднага прафсаюзу Беларускага прафсаюзнаму актывісту Віктару Стукаву прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічынь. Таксама за хуліганства: нібыта лаяўся матам падчас ператрусу.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG