Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся другі дзень суду над Эдуардам Пальчысам


Актывісты ладзяць акцыю падтрымкі пад Менскім гарадзкім судом, дзе судзяць Эдуарда Пальчыса

Зранку 17 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе працягнулася пасяджэньне ў крымінальнай справе над 25-гадовым жыхаром Ліды Эдуардам Пальчысам — заснавальнікам блогу 1863x, вядомым пад псэўданімам Джон Сыльвэр.

Як і раней, суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Пасяджэньне 14 кастрычніка доўжылася ад 10-й да 17-й гадзіны. Увесь час пад вокнамі суду стаялі ўдзельнікі акцыі салідарнасьці з Пальчысам, міліцыянты склалі на іх пратаколы.

Актывісты са сьцягамі прыйшлі і на другі дзень суду, пратаколы на іх пачалі складаць ужо празь 5 хвілін.

25 жніўня 2016 году 9 артыкулаў сайту былі прызнаныя экстрэмісцкімі. 5 кастрычніка праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязьнем. Яны прааналізавалі тэксты, за якія Эдуарда прыцягваюць да адказнасьці, і не знайшлі ў іх экстрэмізму. 14 кастрычніка меў разглядацца парнаграфічны зьмест рэсурсу, які выявіў Сьледчы камітэт.

Пальчыс быў затрыманы ў Расеі ў студзені 2016 году. 1 чэрвеня яго экстрадавалі ў Беларусь. Сьледчы камітэт прадʼявіў Пальчысу абвінавачаньне па двух крымінальных артыкулах — «распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» і «распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў». 30 верасьня Пальчыса перавялі з Жодзінскага СІЗА ў турму на вуліцы Валадарскага ў Менску. Дагэтуль ніхто зь ім ня бачыўся, акрамя адвакаткі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG