Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым розьніцца савецкі суботнік ад беларускай талакі? ВІДЭА


Чым розьніцца савецкі суботнік ад беларускай талакі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:41 0:00

Чым розьніцца савецкі суботнік ад беларускай талакі?

У слоўніку Насовіча (1870 г.) суботнік — гэта вялікае пакараньне, магчыма, нават розґамі. Але ці лічаць яго пакараньнем сучасныя менчукі? А ці яны ведаюць пра беларускую традыцыю талакі?

Чым розьніцца савецкі суботнік ад беларускай талакі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:25 0:00
Наўпроставы лінк

Здаецца, не засталося ў сьвеце дзяржаваў, якія выдавалі б такія дакумэнты. Пастанова Савету міністраў Беларусі № 276 „Аб правядзеньні рэспубліканскага суботніка ў 2018 годзе“. Там усё як заўсёды:

„Удержание нанимателями денежных средств из заработной платы работников, для которых 21 апреля 2018 г. является рабочим днем, производится с их согласия в размерах, определяемых добровольно самими коллективами работников“.

Маем трыюмфальны рэпартаж Беларускага тэлебачаньня зь леташняга суботніка:

„...Кстати, так совпало, что 22 апреля — это ещё и день рождения вождя мирового пролетариата, которому на протяжении целых семи десятков лет и приписывали идею этих самых субботников, хотя по сути, если копнуть глубже, это та самая белорусская талака, когда издревле все собирались вместе в семье чтобы сделать одно благое дело…“

Аказваецца, паводле новай мэтадычкі БТ суботнік гэта талака.

Суботнік у Менску. 20 красавіка 2013 г.
Суботнік у Менску. 20 красавіка 2013 г.

А ці згодныя з гэтым удзельнікі моўнага апытаньня на менскай вуліцы? Найперш ці ж ведаюць, што такое суботнік?

Субботник ежегодно проходит в нашем городе для того, чтобы все жители нашего города смогли принять активное участие в уборке территории, чтобы всегда у нас было красиво, уютно.

— Это добровольное желание граждан выйти потрудиться во благо своей страны... и передать деньги для своего государства...

Усё ідэалягічна выверана, ані слова лішняга. Праўда, ці пракантралююць людзі, куды і на што пайшлі тыя грошы, спадарыня ня кажа.

„Вождь с хитроватым прищуром“

Але былі іншыя ўпэўненыя рэакцыі на слова суботнік:

Убирать территорию за бесплатно. Выходить в субботу на работу за бесплатно. Грубо говоря.
Я буду по-русски размаўляць, можна? Субботник — это такой выходной, когда бесплатно работать надо.
А як вы да яго ставіцеся?
Вот я так к этому и отношусь. Он никому не нужен. Если б людям нормально платили, они бы за собой и так убирали.
— Если это по желанию человека, то, я думаю, это будет полезно. Если это в принудительном порядке — то нет.

Некаторыя старэйшыя, аднак, часам маюць сантымэнт:

Эта маё... мая юнасьць.

Усе нашыя суразмоўцы ведаюць слова „суботнік“ толькі ў адным значэньні. Людзі, якія засьпелі камуністычную індактрынацыю ў школах, ПТВ і ўнівэрсытэтах, новага пасылу БТ не ўспрынялі ды ўпэўнена распавядаюць, адкуль суботнік узяўся:

22 апреля. Такой у нас вождь был с хитроватым прищуром. На станции Москва-Сортировочная за целую субботу 18 рабочих бедных отремонтировали три паровоза. Великий почин! — воскликнул этот же человек с хитроватым прищуром. Вот с тех пор мы работаем бесплатно в субботу.

Гаворка пра Леніна, да дня народзінаў якога у нас усьцяж прымяркоўваюць суботнік і выводзяць на яго людзей. Расейскае слова субботник у новым для яго значэньні прыдумалі ў 1919 годзе ў бальшавіцкай газэце „Правда“ для абазначэньня працы задарма на бальшавіцкую дзяржаву. Гэта скарот ад пачатнага выразу „коммунистическая суббота“. Камуністычны жарганізм, такі самы, як продразвёрстка, наркомат ці враги народа.

На іншыя мовы такое слова субботник не перакладаецца. „Суботнік“, верш Маякоўскага, пераклад Гуґа Гупэрта. Сьпявае Эрнст Буш, музыка Ганса Айсьлера.

Hart ist der Winter.
Die Kälte ist groß.
Am Leib unsre Blusen,
die schweißigen.
Wir Kommunisten
Stapeln den Stoß
Holz
am Subbotnik,
am fleißigen.

„У люты мароз у потных кашулях мы, камуністы, складаем дровы на суботніку старанна“.

Суботнік? Розґамі, розґамі! Каб непавадна было

А наш знакаміты лексыкограф ХІХ ст. Іван Насовіч засьведчыў, што ў беларускай народнай мове слова суботнік азначала ‘суботняе пакараньне за некалькі правінаў’. І для шкаляроў, і для дарослых. І падаé прыклад: Гэй, суботніка заробіш!

Вось жа ў Беларусі суботнік — гэта пакараньне!

(У расейскай мове школьнікаў і сэмінарыстаў, паводле Даля, бытавала іншая аднакаранёвая назва суботняга сячэньня розґамі — „суботки“. А „суботник“ — Даль прынцыпова пісаў праз адно и— задоўга да „хитроватого прищура“ азначаў манастырскую памінальную кнігу; яшчэ адно значэньне слова — некальки сэктаў шанавальнікаў суботы, што адкалоліся ад расейскага праваслаўя).

Дзе пачую талаку, туды ногі валаку!

Але ці практыкавалі беларусы, вядомыя індывідуалістычным мэнталітэтам, супольную працу дзеля агульнага дабра? Ці ведаюць нашыя суразмоўцы звычаі, зьвязаныя з узаемадапамогай?

Не помню. Ленинский — это помню, ленинский.

На жаль, толькі адзін чалавек з спытаных упэўнена адказаў:

У нас у Беларусі гэта называлася талака.

Праўда, пасьля напаміну і іншыя прыгадвалі:

Талака — это что-то сообща, вместе, разам.

Зьвернем увагу на такі адказ:

Талака — слышала, но уже в интерпретации... Какое-то объединение есть, но не для работы совместной.

Відаць, гэта водгалас знакамітай „Талакі“ 1985–1991 гадоў. Тады — а быў жа яшчэ Савецкі саюз — у Менску, у Беларусі дзейнічала і наводзіла паніку на камуністычную намэнклятуру моладзевае згуртаваньне, а зь цягам часу вялікі рух, які ратаваў беларускую мову, помнікі архітэктуры, вяртаў гістарычную праўду і пачуцьцё свабоды, уліўся як арганізацыйны хрыбет у новапаўсталы Беларускі Народны Фронт. (Дарэчы, у Гомлі „Талака“ таго самага радаводу дзейнічае дасюль.)

„Талака“ на раскопках у Мірскім замку, 1987
„Талака“ на раскопках у Мірскім замку, 1987

Нашым журналістам патрапіліся людзі з Расеі. Ці ведаюць яны слова талака?

Такое слова талака можа быць, чулі?
Нет, не знаю. К сожалению, я не изучал беларускую мову...

Сапраўды, такога слова няма ў літаратурнай расейскай. Але этымалягічна тоесныя ёсьць у літоўскай talka, і ў польскай tłoka. І ва ўкраінскай літаратурнай мове ё амаль ідэнтычнае толока. Кажа спадарыня з украінскімі каранямі:

— У адной мясцовасьці цяжка было нешта зрабіць аднаму чалавеку. Наймаць дорага. Мой дзед у 1936 годзе будаваў сабе хату ў Палтаўскай вобласьці. Яму, хто там быў у сяле, прыйшлі і за адзін дзень сьцены зрабілі.

Дакладна. Талака — старажытны спосаб працоўнай узаемадапамогі. Талаку склікалі на цяжкія гаспадарчыя працы, якія былі не пад сілу адной сям’і: вываз лесу на будову, вываз гною, апрацоўка лёну. Пагарэльцу ставілі хату. І працавалі на агульны інтарэс: правілі супольныя рыбалоўныя прылады на рацэ ці пракладалі грэблю праз балота.

Калі на талаку клікаў гаспадар, ён разьлічваўся толькі пачастункам. Беларускі фальклёр багаты на талочныя песьні, у тым ліку з намёкам на тую пачостку.

„Ах вы, столікі мае“. Гурт БДУ „Тутэйшая Шляхта“

Ах вы, столікі мае, вы цясовенькія!
Дык чаго ж вы стаіцё незасьцеленыя?
Ах вы, госьцікі мае маладзенькія!
Дык чаго ж вы сядзіцё, хлеба, солі не ясьцё?
Калі хлеб наш не пушон, дык мы выпалаем,
А гаспадар невясёл, дык мы выпытаем.

Фальклярыст і этнограф Мікалай Нікіфароўскі сьведчыў: праца ў талацэ „заўсёды робіцца шчыра, увішна, добра“.

Талакой назавуць і тлум людзей, што сабраліся на такую дапамогу. Ёсьць словы талачанін, талачанка. А слова назваць удзельніка суботніка — дык і няма...

Ці бачаць розьніцу паміж суботнікам і талакою нашыя суразмоўцы?

Конечно. Там (у талацэ. — В.В.) связи родственные при таком совместном труде: семья, родственники, соседи.
С человеческой точки зрения талака — это как бы добровольное, а субботник — это в конце концов добровольно-принудительное.

МІж іншым, беларуская мова зафіксавала спробы спэкуляваць на традыцыі талакі, скажам, калі буйны землеўладальнік называў талакой банальны прымус працаваць на яго:

Прасіў пан на талаку, а ня пойдзеш, і за лаб павалаку.

Добраахвотна-прымусовая праца — гэта ўжо не зусім талака, зусім не талака, вось сэнс прыказкі.

Менавіта нядобраахвотнасьцю суботнікі адрозьніваюцца ад старадаўняга беларускага звычаю талакі, калі людзі свабодна вырашалі, што зрабіць дзеля грамадзкай патрэбы, і кантралявалі плён сваёй працы. Нават цяперашняе прыбіраньне двара тады эфэктыўнае, калі пра яго дамовіліся самыя людзі. Дарэчы, па-за межамі былога СССР супольная праца дзеля агульнага дабра ёсьць, а дзяржаўна-адміністрацыйных суботнікаў — няма.

Няма паняцьця „суботнік“ і ў дзейным Працоўным кодэксе. Таму адмова ад удзелу ў суботніку ня ёсьць дысцыплінарнай правінай.

Праўду кажучы, ня ўсе з нашых апытаных, хто ўспомніў слова талака, адчуваюць тую розьніцу:

Никакой разницы нет, только переименовали, а так то же самое.

Забыцьцё беларускага слова талака і яго значэньня зьвязанае з забыцьцём, дакладней, скажэньнем і выпустошваньнем добрага звычаю. То вяртаймася ад „суботніка“ да талакі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG