Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў таму Першая ўсясьветная вайна прыйшла ў Беларусь


Умацаваньне пры смаргонскай аб’язной дарозе
Умацаваньне пры смаргонскай аб’язной дарозе

Стагодзьдзе таму на беларускую зямлю прыйшла Першая ўсясьветная вайна. Ад жніўня 1914-га яна накрыла большую частку Эўропы, а ў выніку так званага Сьвянцянскага прарыву і стабілізацыі лініі фронту ператварыла на некалькі гадоў цяперашнюю Беларусь у арэну жорсткіх баёў.

Пра драматычныя падзеі 100-гадовай даўніны ў розных месцах Беларусі нагадваюць рукатворныя помнікі той эпохі — найперш, германскія доты (ад расейскага — «долговременная оборонительная точка»). Расейская армія абмяжоўвалася будаваньнем драўляных дзотаў («дерево-земляная огневая точка»), якія за прамінулы час былі разабраныя для адбудовы дамоў ці папросту спарахнелі.

Ці не найбольшая канцэнтрацыя кайзэраўскіх умацаваньняў — у ваколіцах Смаргоні на Гарадзеншчыне. 15 верасьня 1915 году пачалася 810-дзённая абарона гораду, якая ўвайшла ў гісторыю як самая працяглая на ўсім гіганцкім «плячы» ад Балтыйскага да Чорнага мора. Амаль тры гады цягнулася пазыцыйная вайна, якая каштавала жыцьця тысячам мабілізаваных салдат і кадравых афіцэраў па розныя бакі акопаў ды суправаджалася выпрабаваньнем новых тэхналёгіяў — найперш, выкарыстаньнем атрутнага газу.

Від праз амбразуру на мікрараён Карані
Від праз амбразуру на мікрараён Карані
Дот у вёсцы Хадакі
Дот у вёсцы Хадакі

Маім гідам па акупацыйнай фартыфікацыі — краязнаўца, дасьледчык падзеяў «забытай вайны», як яе часьцяком называюць нават гісторыкі, Аляксей Бумай.

Аляксей Бумай — пра помнікі, якія пакінула 1-я ўсясьветная вайна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:23 0:00

Адным зь першых на маршруце — дот у цяперашнім мікрараёне Карані, дзе пераважна жывуць працаўнікі Смаргонскага агрэгатнага заводу. Колькі такіх збудаваньняў ацалела на Смаргоншчыне — падлічыць наўрад ці магчыма. Не сакрэт, што шмат аб’ектаў былі прынесеныя ў ахвяру калектывізацыі, калі пад пасевы руйнаваліся дзясяткі бэтонных спарудаў. Праўда, шмат якія былі настолькі манумэнтальныя, што зраўняць іх зь зямлёй так і не ўдалося, і пасярод палёў дагэтуль тырчаць зарослыя астраўкі з бэтоннымі глыбамі і жалезнай арматурай:

Кулямётнае гняздо паблізу раёну прыватнай забудовы
Кулямётнае гняздо паблізу раёну прыватнай забудовы

«Мабыць, ніхто такой мэтай і не задаваўся — падлічыць, колькі іх было і колькі засталося. Па сутнасьці, уся Смаргоншчына ў дотах. Да таго ж тут не адна лінія нямецкай абароны. Прыкладам, мы цяпер на рубяжы трэцяй лініі. Першая была ў цэнтры гораду, праходзіла па рацэ Оксна, празь цяперашні парк, вуліцу Батарэйную. Другая — на ўскраіне, таксама доты захаваліся. На трэцяй мы цяпер, а чацьвёртая была далей, пад Соламі. Дзе гэтыя бліндажы, там фактычна спынілася лінія фронту пасьля Сьвянцянскага прарыву. Набудавалі немцы, вядома, шмат. Што цікава, ад нашых (будзем умоўна казаць на расейцаў „нашы“, бо на той час былі ў Расейскай імпэрыі) не захавалася амаль нічога. Дакладней, усё пайшло ў справу. За прыклад я прыводжу ўласны дом на вуліцы Танкістаў. Дык вось, мой дзед збудаваў яго з акопнага дрэва. Артылерыйскія бліндажы даходзілі да 10 накатаў, пасьля вайны іх разьбіралі і з добрага страявога лесу клалі хаты. Так Смаргонь і адбудоўвалі. Горад згарэў цалкам, нічога не засталося, а людзі вярталіся...»

Паміж асобнымі дотамі — ня больш за 50 мэтраў
Паміж асобнымі дотамі — ня больш за 50 мэтраў

Паводле суразмоўцы, германцы пачалі «закопвацца» ў зямлю практычна адразу, як стала зразумела: пазыцыйная вайна — непазьбежнасьць. Спачатку рылі акопы, але зацяжное супрацьстаяньне вымагала іншай тактыкі — дамінаваньня на стратэгічных вышынях. Неўзабаве пачалі паўставаць умацаваньні, розныя ў памерах і формах. Кожны дот меў сваё функцыянальнае прызначэньне. Невялікія з акруглым купалам — кулямётныя «гнёзды», вялікія, з плоскім дахам і скразным аглядам — артылерыйскія, у выглядзе маналітных «каробак» — камандна-штабныя пункты. А ў часе варожага абстрэлу кожны рабіўся сховішчам для асабовага складу:

Усярэдзіне дота з функцыямі мабільнага штабу
Усярэдзіне дота з функцыямі мабільнага штабу

«Ну вось дот, які, відавочна, адначасова выконваў функцыі палявога штабу — унутры досыць прасторнае памяшканьне для апэратыўнага плянаваньня. Дзьве вуглавыя амбразуры для кулямётаў, з таго боку — дакладна такая ж канструкцыя. Уваход з тылу, дадатковыя флянгавыя кулямёты ахоўвалі дзьверы і прылеглую тэрыторыю. Галоўная адметнасьць — што іх адпачатку праектавалі ў комплексе: побач, літаральна праз 50–100 мэтраў, яшчэ некалькі штук, бо адзіночныя абараняцца ўкругавую ня здольныя. Ня ўсе, вядома. Той, што мы глядзелі ў Каранях, мог ажыцьцяўляць кругавую абарону, у ім прадугледжана месца як для кулямётаў, так і для артылерыйскай пазыцыі. Вось так: 100 гадоў мінула, а гэтыя збудаваньні стаяць да нашага часу, без перабольшаньня, засталіся як помнікі тым падзеям. Першая ўсясьветная маштабна разгарнулася менавіта на Смаргоншчыне, пасьля Сьвянцянскага прарыву немцы спыніліся акурат тут. Калі іх са Смаргоні выбілі, яны пайшлі акопвацца, а пасьля ўзяліся за пабудову першых каменных бліндажоў. А 15 верасьня пачалася абарона Смаргоні. Гэты дот, магчыма, крыху пазьнейшы, году 1916-га. Але факт, што 100 гадоў мінула ад моманту, як ён зьявіўся на нашай зямлі».

Амбразура для артылерыйскай гарматы
Амбразура для артылерыйскай гарматы

Сьвянцянскі прарыў — адзін з эпізодаў наступальнай апэрацыі 10-й германскай арміі супраць 10-й і 5-й арміяў Расейскай імпэрыі. Пасьля сэрыі няўдалых спробаў расейцам удалося спыніць наступ праціўніка, але на поўнач ад Вільні паміж рускімі арміямі ўтварыўся разрыў. У яго 9 верасьня і рынулася шматлікая кавалерыйская група, разгарнуўшы наступ у напрамку Сьвянцянаў і далей на Маладэчна. 14 верасьня была захоплена Вілейка, пасьля чаго кавалерыя хутка даімчала да Смаргоні, наносячы вялікую шкоду тылавому забесьпячэньню ворага. Расейскае камандаваньне тэрмінова перакінула ў раён прарыву вялікія сілы, якія спынілі коньніцу каля Маладэчна і адціснулі германцаў на лініі азёраў Дрысьвяты і Нарач і горада Смаргонь. Пасьля гэтага, удакладняе Аляксей Бумай, фронт стабілізаваўся, бакі перайшлі да нэрвовай пазыцыйнай абароны:

Манумэнтальны дот на ўскраіне Смаргоні
Манумэнтальны дот на ўскраіне Смаргоні

«Адпачатку ў Смаргоні дысьлякаваліся тылавыя часткі, баяздольнага гарнізону як такога не было. У верасьні 1915-га кадравыя войскі расейскай арміі пачалі адступаць зь Вільні, немцы рваліся на Маладэчна. З баямі, стратамі нямецкую кавалерыю адкінулі на гэтыя пазыцыі. З таго боку чыгункі сталі немцы, на гэтым — рускія. Германцы адразу ж пачалі акопвацца, умацоўвацца. Доты яшчэ не залівалі, капалі акопы. А ўжо потым узяліся за капітальную працу: везьлі з сабой цэмэнт, рабілі доўгатэрміновыя ўмацаваньні. Немцы лічылі, што на чужой тэрыторыі трэба замацоўвацца надоўга. Рускія разважалі інакш: яны на сваёй зямлі, зарывацца ня трэба — пабудовы былі лёгкія, з дрэва. Складалі высокія, у шмат накатаў, але яны не захаваліся — 100 гадоў у зямлі ніводнае дрэва ня вытрымае. Затое нямецкія дастаялі да нашых дзён як прыклад інжынэрнай думкі вайсковых дойлідаў, сапраўдныя помнікі той эпохі. Калі-небудзь яны ўвойдуць у турыстычны маршрут, бо тут, на ліні супрацьстаяньня ў вёсцы Хадакі, плянуецца працяг Смаргонскага мэмарыялу. Ад Хадакоў да старой Смаргоні 3 кілямэтры, да новых пабудоваў — кілямэтар. Ужо адлітыя фігуры, але калі будуць усталёўваць? Яшчэ не дабудаваны асноўны комплекс, абяцаюць, што нібыта да 100-годзьдзя заканчэньня вайны. Але прыблізна на гэтым месцы павінен быць памятны знак».

Узор даўгавечнасьці германскай фартыфікацыі
Узор даўгавечнасьці германскай фартыфікацыі

Роўна 100 гадоў таму камандаваньне царскай арміі абвясьціла смаргонцам рэжым, як цяпер бы сказалі, поўнай перазагрузкі. За некалькі гадзін горад мусілі пакінуць усе без выключэньня жыхары, празь яго мелася пралегчы лінія супрацьстаяньня варагуючых арміяў. Як кажа Аляксей Бумай, пасьля вайны сюды вярнулася толькі сотая частка гараджанаў:

«Пасьля Сьвянцянскага прарыву, калі тэрмінова падцягнутыя тылавыя часткі здолелі ў контранаступе адбіць Смаргонь, пачалася пазыцыйная вайна. А паколькі гэта быў тылавы горад, тое, што ён апынецца ў цэнтры баёў, не пралічвалі. Таму знакамітую эвакуацыю давялося арганізаваць літаральна за некалькі гадзін (беспрэцэдэнтная для таго часу апэрацыя, якая трапіла ва ўсе гістарычныя даведнікі). Згодна зь некаторымі дадзенымі, якія можна аспрэчваць, у Смаргоні з ваколіцамі пражывала 32 тысячы чалавек. Ну, што палова ад гэтай лічбы — дакладна. Паводле загаду ўсе жыхары мусілі тэрмінова пакінуць горад. Ішлі ў асноўным пехатою ў бок Маладэчна, і, як згадвалі відавочцы, уся ўзбочына была завалена рэчамі. Уяўляеце, людзі намагаліся ўзяць самае неабходнае, але ісьці было цяжка, паступова ад лішняга пазбаўляліся, кідалі свае пажыткі проста на дарозе. Бальшыня назад не вярнулася: ад’яжджалі за Маскву, у Сыбір, Казахстан, там засталіся на сталае пасяленьне. Хтосьці прыехаў, але горад быў цалкам разбураны, адбудоўваліся хто як мог. У асноўным насельніцтва зьмянілася: згодна з польскім перапісам 1922 году, ад досыць вялікага для царскай Расеі гораду з разьвітай прамысловасьцю, рэвалюцыйнай дзейнасьцю, стачкамі 1905 году тут засталося 120 чалавек».

Дот на мірнай службе ў вёсцы Гавуці
Дот на мірнай службе ў вёсцы Гавуці

Бальшыня дотаў вакол Смаргоні ніяк не выкарыстоўваецца, шмат якія за прамінулы час ператварыліся ў сьметнік. Адзінае, што ў рысе гораду асобныя доты сталі бясплатным падмуркам для катэджаў, у вёсках іх дзе-нідзе папрыстасоўвалі пад сховішчы-рэфрыжэратары. Усё больш зарастаюць лясныя ўмацаваньні, дарогу да якіх ведаюць хіба што «чорныя капальнікі». І ніводзін з сотняў аб’ектаў не абсталяваны пад турыстычныя мэты. Хоць, як кажа краязнаўца Аляксей Бумай, шляхамі Першай усясьветнай гатовыя прайсьці ня толькі нашчадкі ўдзельнікаў той, ужо далёкай вайны:

Бэтонная спаруда пасярод базы адпачынку ў Вішневе
Бэтонная спаруда пасярод базы адпачынку ў Вішневе

«Некалькі гадоў таму я вазіў па нашых ваколіцах немца, дзед якога служыў на мяжы Нямеччыны з Францыяй, а потым быў перакінуты на ўсходні фронт. Дык вось чалавек выправіўся па сьлядах свайго продка ў мясьціны, дзе той ваяваў. Дарэчы, дзеду пашанцавала застацца жывым, і ён, як казаў унук, часьцяком пра сваю службу згадваў. Потым усё ж выявілася, што дысьлякаваўся ён, хутчэй за ўсё, ня тут, а пад Нараччу. Але гэта ня сутнасна. Вакол Смаргоні мы яму таксама шмат што паказалі, ён быў у захапленьні. Можа, яшчэ і таму, што сам — прафэсійны фатограф, шмат выстаўляецца. Потым, дарэчы, друкаваў і здымкі зь Беларусі. Вядома, замежнікі цікавяцца, і можна было б для іх пракласьці адмысловыя маршруты, тым больш што вялікіх высілкаў гэта не патрабуе. Нешта ўжо можна паказваць і цяпер, пару вычышчаных дотаў ёсьць — гэта цяпер мы ў менш вядомым, куды не даходзяць нават рэдкія турысты. Пры тым, што ён стаіць фактычна ў мікрараёне, дамы зусім побач, літаральна за пару дзясяткаў мэтраў. Запатрабаванасьць такіх маршрутаў абсалютна рэальная».

Фрагмэнт пампэзнага мэмарыялу ў Смаргоні
Фрагмэнт пампэзнага мэмарыялу ў Смаргоні

Пампэзны мэмарыял у памяць герояў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны, які ўзводзіцца за грошы так званай «саюзнай дзяржавы», плянавалася адкрыць яшчэ летась 1 жніўня, да 100-годзьдзя пачатку ваенных дзеяньняў. Аднак, як часта здараецца, сродкі нечакана скончылася, і будаўнікі абяцалі напружыцца, каб завяршыць будоўлю да іншай даты — векавога юбілею ад моманту ўцягваньня ў канфлікт тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Але фінансавая сытуацыя не палепшылася, і цяпер урачыстае адкрыцьцё адсоўваецца на іншы тэрмін — да 100-годзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай у 1918-м.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG