Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў пасьля вайны: выстава ў Горадні


У гарадзенскім Старым замку адкрылася перасоўная выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю Першай сусьветнай вайны.

У гарадзенскім Старым замку адкрылася перасоўная выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю Першай сусьветнай вайны. Яе падрыхтавалі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю. Выставу пакажуць таксама ў іншых абласных гарадах.

Дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка сказаў на адкрыцьці выставы: калі вайна пачыналася, ніхто не ўсьведамляў, што яна будзе азначаць канец таго сьвету, які склаўся ў ХІХ стагодзьдзі. Думалі, што яна будзе кароткай, салдаты абяцалі вярнуцца дахаты — хто да «жоўтага лісьця», хто — да Божага нараджэньня. Але тыя, хто рыхтаваў вайну, не ўяўлялі, якога д’ябла яны выпускаюць на волю, кажа спадар Кітурка:

«Аказалася, што вайна працягнулася доўгія чатыры гады. І яна цалкам зьнесла той сьвет, які быў у Эўропе да яе пачатку. Вайна прынесла незьлічоныя беды ўсім эўрапейцам. Не абмінула і землі Беларусі. Да нас яна дайшла ў наступным — 1915 годзе. Вакол нашага гораду адбыліся крывавыя баі. І ад гэтай вайны нам засталіся некалькі напаўразбураных фартоў на ўскрайку гораду. І некалькі магілаў на вайсковых могілках і ў іншых месцах».

Наступныя падзеі ХХ стагодзьдзя, страшнага і крывавага, захілілі сабой падзеі Першай сусьветнай вайны, але яна сама моцна паўплывала на наступныя падзеі, зазначыў Юры Кітурка.

Аляксандар Храмы
Аляксандар Храмы

Намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю Аляксандар Храмы сказаў на адкрыцьці:

«Мне вельмі прыемна, што столькі людзей сабраліся на адкрыцьцё выставы. У 1915 годзе тэрыторыя Беларусі была разарваная фактычна на дзьве часткі. Мы доўга думалі: на чым пабудаваць канцэпцыю выставы, каб яна была цікавая ў Горадні, Магілёве, Берасьці, Віцебску, у Гомелі. Вырашылі сканцэнтраваць увагу на тым, як звычайныя людзі выжывалі. Гэтая вайна прынесла шмат новага, і мы ў кожнай вітрыне паспрабавалі гэтае новае паказаць. Першая распавядае пра тое, зь якімі рэчамі салдат зьбіраўся на вайну, як пакідаў родны кут, свой дом. Далей увага — на акопным побыце, паколькі гэта першая апазыцыйная вайна».

Горадню можна лічыць першым беларускім горадам, які прыняў на сябе цяжар баявых дзеяньняў, падсумаваў Аляксандар Храмы.

Напэўна, памылкова — лічыць, што гэта ня наша вайна, гаворыць доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык. Забытая яна была таму, што ў савецкай гістарыяграфіі яна замоўчвалася, каб самай важнай падзеяй прадставіць так званую Вялікую кастрычніцкую рэвалюцыю, зазначае гісторык:

«Але мы не павінны забываць, што яна, канечне ж, пракацілася па беларускіх землях. І яна зьявілася прычынай многіх зьяваў і падзей, з наступствамі якіх мы сутыкаемся і да сёньняшняга дня. Напрыклад, бежанства. Некалькі мільёнаў чалавек пакінулі тэрыторыю Беларусі якраз у выніку палітыкі, якая праводзілася царскім самаўладзьдзем: „не пакінуць нічога немцам“. І людзі прымусам былі вывезеныя, і беларускія землі згубілі вялікую колькасьць сваіх сыноў, сваіх людзей — вось гэты дэмаграфічны крызіс, які мы, напэўна, і сёньня адчуваем. Ён быў закладзены яшчэ ў тыя часы.

Былі разбураныя гарады і вёскі, эканоміцы былі нанесеныя значныя страты. Шмат прызыўнікоў былі зь беларускіх земляў. Многія трапілі ў палон ці загінулі, ці апынуліся ў цэнтральнай частцы Расейскай імпэрыі».

Гэту вайну сталі называць імпэрыялістычнай вайной, удзел у ёй быў непапулярным: лічылася, што ты дапамагаў цару, падкрэсьлівае гісторык. У многіх сем’ях гэта вайна была забытая, бо яе ўдзельнікі — тыя, хто апынуўся ў савецкай Расеі, маглі трапіць пад рэпрэсіўны Молах у 1920-30-х гадах, кажа Сяргей Піваварчык. Ён таксама падкрэсьлівае, што вайна паўплывала і на фармаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. На выставе, дарэчы, ёсьць здымкі ў ваеннай форме Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы.

Піваварчык: «Наступныя спробы ўтварэньня беларускай дзяржаўнасьці — гэта якраз вынік тых працэсаў, якія адбыліся падчас Першай сусьветнай вайны, і таго, што адбыўся геапалітычны падзел тэрыторыі Эўропы ў першую чаргу».

Доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык напісаў кнігу пра Гарадзенскую крэпасьць, якую ўтваралі паасобныя фарты:

«Па-першае, яе пачалі будаваць самай апошняй, гэта апошняя крэпасьць Расейскай імпэрыі. Калі ўжо стала зразумела, што будзе вайна зь немцамі, былі распрацаваныя новыя мабілізацыйныя пляны, і адразу павялічылася стратэгічнае значэньне гэтай крэпасьці. Таму што яна якраз прыкрывала разгортваньне расейскіх войскаў у выпадку вайны і закрывала прастору паміж Берасьцем і Коўнам. Крэпасьці надавалася вялікае значэньне, сюды былі кінутыя самыя лепшыя інжынэрныя сілы. Яна распрацоўвалася як самая сучасная, паводле апошняга слова інжынэрнай думкі, з выкарыстаньнем новай тэхнікі. На жаль, яе не пасьпелі да канца дабудаваць. Але гісторыя сьведчыць, што яна магла выконваць сваю ваенную, стратэгічную ролю на кожным этапе будаўніцтва.

Канечне, калі крэпасьці на поўначы і на поўдні ўжо былі здадзеныя немцам, у цэнтры заставалася толькі гарадзенская. Але абараняць яе стратэгічна ня мела сэнсу. Таму што расейскія войскі маглі апынуцца ў вялікім „мяшку“. І таму загад адысьці ад крэпасьці пасьля ар’ергардных баёў — гэта было адзінае слушнае тады рашэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG