Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь сяброў у ворагі. Што чакае Саакашвілі пасьля вяртаньня ва Ўкраіну


Міхэіл Саакашвілі

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны ў Львоўскай вобласьці адкрыла крымінальную справу паводле артыкула 332 Крымінальнага кодэксу (незаконная перапраўка асоб празь дзяржаўную мяжу) па выніках падзей на мяжы Польшчы з Украінай, калі актывісты дапамаглі колішняму прэзыдэнту Грузіі Міхэілу Саакашвілі без памежнага афармленьня трапіць на ўкраінскую тэрыторыю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ад сутыкненьняў пацярпелі 16 памежнікаў.

Паралельна сьледзтва вядзе і вайсковая пракуратура, і ў яго выніку кваліфікацыя дзеяньняў асобаў, якія бралі ўдзел у падзеях, у тым ліку і народных дэпутатаў, можа быць зьмененая.

«Сьледчыя вайсковай пракуратуры ўстановяць, што, уласна кажучы, адбылося, зьбяруць доказы і кваліфікуюць гэтую падзею паводле Крымінальнага кодэксу. Гэта незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы групай асобаў, арганізацыя незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы, нанясеньне цялесных пашкоджаньняў вайскоўцам пры выкананьні службовых абавязкаў. Магчыма, будуць яшчэ і іншыя артыкулы», — сказаў памочнік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.

Рэфарматар-інструмэнт для ўкраінскай улады

Ва Ўкраіне шмат хто спадзяваўся, што з прызначэньнем Саакашвілі (у траўні 2015 году) на пасаду кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі гэты рэгіён стане палігонам для рэформаў, а ў далейшым — эталёнам для ўсёй краіны. Але прыхільнікі хутка расчараваліся — паміж прэзыдэнтам і кіраўніком вобласьці пачаліся непаразуменьні. У справах мытнай рэформе, барацьбы зь незаконным будаўніцтвам і мясцовымі «князькамі» Пятро Парашэнка не падтрымаў новую каманду.

«Прэзыдэнт Украіны першы выкарыстаў Саакашвілі як палітычную тэхналёгію шматразовага дзеяньня ў барацьбе са сваімі супернікамі. З аднаго боку, запрашэньне Саакашвілі ва Ўкраіну дазволіла Парашэнку актыўна імітаваць рэформы. Зь іншага боку, прэзыдэнт Парашэнка з радасьцю маніпуляваў Саакашвілі, назіраючы яго баі з Каламойскім ці брыдкі скандал з Авакавым», — кажа палітоляг Віктар Небажэнка.

У лістападзе 2016 году Міхэіл Саакашвілі заявіў пра адстаўку з пасады кіраўніка Адэскай вобласьці і абвінаваціў Пятра Парашэнку, што той падтрымлівае «адэскія кланы», якія супрацьдзейнічаюць рэформам. А ўжо сёлета ў ліпені ўкраінскі прэзыдэнт на падставе адпаведнага звароту Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны прыпыніў украінскае грамадзянства Саакашвілі. Гэта адбылося ў той час, калі Саакашвілі знаходзіўся за межамі краіны.

Усе памыліліся

Украінскія экспэрты не апраўдваюць ніводзін з бакоў канфлікту, які, паводле іх, стаў вынікам асабістых абраз і амбіцый абодвух палітыкаў.

«Прэзыдэнт Украіны зрабіў памылку, калі даў грамадзянства Саакашвілі, потым — калі пазбавіў яго грамадзянства. Яшчэ адной бязглузьдзіцай, якая давяла да парушэньня закону і прарыву мяжы, сталі дзеяньні Ўкраінскай чыгункі, якая спыніла цягнік з Польшчы. Хто ім даваў каманду? Гэта трэба высьвятляць. Хто даваў каманду памежнікам хлусіць (пра тое, што пункт пропуску „Шэгіні“ замінаваны) — таксама трэба высьвятляць», — кажа палітычны кансультант Дзьмітры Васільеў.

Без палітыкі. Толькі крымінал

У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка дзеяньні свайго былога «студэнцкага сябра», якому давяраў, разглядае выключна ў крымінальным полі. «Пакінем палітыку палітыкам. Злачынства — праваахоўнікам, пракуратуры, судам. І яны ўжо пачалі дзейнічаць. Я спадзяюся, што гэты спадар з такой жа стараннасьцю будзе прабівацца ў Грузію, як ён спрабаваў трапіць ва Ўкраіну», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Дырэктарка Інстытуту практычнай палітыкі Багдана Бабіч мяркуе, што крымінальны перасьлед удзельнікаў акцыі яшчэ больш ускладніць сытуацыю.

«Гэта закруціць новую фазу канфлікту. Я мяркую, што гэтую сытуацыю ня трэба даводзіць да абсурду. Два бакі павінны сесьці за стол перамоваў і перавесьці сытуацыю ў прававое поле», — кажа экспэрт.

«Гэта справа палітычная, таму што мы разумеем, як падзеі будуць разгортвацца далей. На дадзены момант прайгралі абодва бакі, і гэта ўдарыла па іміджы краіны. Мне як грамадзянцы Ўкраіны гэта непрыемна асабіста. Я не разумею, навошта гэта было рабіць, таму што можна было спакойна дазволіць уезд Саакашвілі і „прагнаць“ яго па судовай працэдуры. Можна было пайсьці шляхам экстрадыцыі ў Грузію... Не разумею, навошта ладзіць такія шоў, бо мы ж добра разумеем, як людзі рэагуюць», — кажа Багдана Бабіч.

Пакінуць нельга выдаць

Адразу пасьля абвастрэньня дачыненьняў паміж Парашэнкам і Саакашвілі афіцыйны Тбілісі накіраваў украінскім уладам новы запыт на экстрадыцыю былога прэзыдэнта Грузіі.

Улады Грузіі абвінавачваюць Міхэіла Саакашвілі ў зьбіцьці дэпутатаў парлямэнту, растраце каля 4 мільёнаў даляраў, разгоне мірнага мітынгу ў лістападзе 2007 году і датычнасьці да разгрому тэлекампаніі «Імэдзі». Дагэтуль Кіеў некалькі разоў адмаўляўся выдаць палітыка грузінскаму боку.

«Наколькі мне вядома, калі ён атрымліваў грамадзянства Ўкраіны, была вядомая ўся фабула прэтэнзій з боку грузінскай пракуратуры. Як зараз адрэагуе наша прававая сыстэма — будзе залежаць ад палітычнага рашэньня. Бо раней украінскі бок ужо адказваў на аналягічны запыт, матывуючы тым, што тая справа палітычная. Як будзе зараз — складана прагназаваць, але па тых дзеяньнях, якія цяпер учыняюцца ў дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі — пазбаўленьне грамадзянства, спроба любымі сродкамі не дапусьціць яго на тэрыторыю Ўкраіны, — то мяркую, што ўкраінскі бок сёньня мае намер яго выдаць. Ці можа паўплываць на гэта палітычнае рашэньне — пабачым», — сказаў колішні намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Мікола Галомша.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG