Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч у Калюмбіі на Кангрэсе сацыялістычнага інтэрнацыяналу: «У Беларусі расьце нянавісьць да дыктатара»


Старшыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч знаходзіцца ў Калюмбіі, дзе бярэ ўдзел у XXV Кангрэсе сацыялістычнага інтэрнацыяналу, які праходзіць 2-4 сакавіка.

У сваім выступе на Кангрэсе беларускі палітык сказаў эканамічны заняпад Беларусі, а таксама ціск на палітычную апазыцыю, стан дэмакратычных партый і перашкоды ў іх дзейнасьці з боку ўладаў, а таксама пра адсутнасьць рэабілітацыі палітычных вязьняў, сярод якіх і ён сам.

«Татальны кантроль над усімі дзяржаўнымі інстытутамі, электроннымі СМІ, грамадзтвам і народнай гаспадаркай доўгія гады дазваляў рэжыму захоўваць поўную ўладу над краінай. Але адсутнасьць эканамічных свабод прывяла да дэградацыі і заняпаду амаль усіх галін прамысловасьці. Расейскія датацыі ўжо больш ня могуць падтрымліваць на плаве беларускую эканоміку. Іх памер зьменшыўся ў сувязі са зьніжэньнем коштаў на вуглевадароды», — сказаў ён.

Паводле словаў палітыка, якія цытуе БелаПАН, беларуская эканоміка знаходзіцца «ў глыбокай і працяглай рэцэсіі».

«Толькі за мінулы год падзеньне ВУП у даляравым вымярэньні склала больш за 13%. Скарачаецца колькасьць працоўных месцаў, зьмяншаюцца заробкі, расьце эканамічная эміграцыя. У пошуках даходаў улады пайшлі нават на такі непапулярны крок, як падаткаабкладаньне грамадзян, якія ня маюць афіцыйных крыніц даходаў. У краіне расьце сацыяльнае напружаньне і нянавісьць да дыктатара», — лічыць ён.

Самай масавай формай ціску на палітычную апазыцыю Статкевіч назваў фінансавыя санкцыі з боку ўладаў.

«Агульная сума грашовых штрафаў за ўдзел актывістаў у вулічных акцыях за год павялічылася ў сем разоў. Сярэдняя сума аднаго штрафу вышэй ад сярэднямесячнай зарплаты», — сказаў ён.

XXV Сусьветны кангрэс сацыялістычнага інтэрнацыяналу праходзіць 2–4 сакавіка ў горадзе Картахена ў Калюмбіі. У кангрэсе бярэ ўдзел больш чым 350 дэлегатаў з 150 сацыял-дэмакратычных партый па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG