Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ: Трэба дайсьці да кожнага


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Кіраўнікі кампаніяў «Біякам» і «Консул» стваралі за мяжой ілжэфірмы, каб сыходзіць ад падаткаў

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык.

«Кіраўнікі, заснавальнікі гэтых кампаніяў стваралі за мяжой розныя фірмы. Рэальна фірмы належалі адным і тым жа асобам. Прадукцыя ад вытворцы рэальна паступала да нас у краіну, але па дакумэнтах афармлялася праз гэтыя пасярэдніцкія структуры», — сказаў Вакульчык.

КДБ спыніў у 2015 годзе дзейнасьць міжнароднай злачыннай групы, зьвязаную зь нявыплатай падаткаў у асабліва буйным памеры. У дачыненьні да ўладальніка групы кампаніяў «Біякам» ​Андрэя Паўлоўскага, а таксама шасьці прадстаўнікоў яе кіраўніцтва былі ўзбуджаныя чатыры крымінальныя справы. Пазьней Паўлоўскі быў памілаваны пасьля таго, як кампэнсаваў шкоду, заплаціўшы 20 млн даляраў. «Гэта ў кратным памеры», — растлумачыў Валеры Вакульчык.

Паводле Вакульчыка, ЗАТ «Консул» выкарыстоўвала магутнасьці ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» і УПП «Прэмікс» Драгічынскага камбікормавага заводу пры патураньні Берасьцейскага аблвыканкаму.

«Магутнасьці выкарыстоўваліся для вытворчасьці камбікармоў на давальніцкай аснове. Як вынік, дзяржпрадпрыемствы аказвалі камэрцыйнай структуры нерэнтабэльныя паслугі, а вырабленая прадукцыя пастаўлялася ЗАТ „Консул“ айчынным суб’ектам па завышаных цэнах (ня менш як у тры разы). Усё гэта адпаведным чынам адбівалася і адбіваецца на сабекошце сельскагаспадарчай прадукцыі, а затым на цане птушкі, мяса і іншых тавараў у крамах, то бок на нашым з вамі кашальку. Гэта акрамя недапаступленьня падаткаў, якія, зноў жа, павінны былі пайсьці грамадзтву, людзям», — падкрэсьліў Валеры Вакульчык.

Паводле кіраўніка КДБ, махінацыі ЗАТ «Консул» зьніжаюць узровень канкурэнтаздольнасьці беларускіх прадуктаў.

«Ёсьць і іншы бок мэдаля, які тычыцца службовых асоб органаў улады і кіраваньня. Гэта ўжо карупцыя. З гэтай нагоды ў нас ёсьць канкрэтнае даручэньне кіраўніка дзяржавы. Хто па такіх відавочна завышаных цэнах купляў кармы, дабаўкі і іншую прадукцыю? Хто са службовых асоб гэта ўсе кантраляваў і ня ўбачыў відавочнага? Трэба дайсьці да кожнага. Несумненна, што гэтая задача будзе выканана КДБ», — заявіў Вакульчык.

Ён адзначыў, што ў ведамства ёсьць падазрэньні ў дачыненьні да канкрэтных людзей, імёны якіх пакуль называцца ня будуць., паведаміла БелТА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG