Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхадні над Беларусьсю. Зямныя ды іншаплянэтныя


Старая Валатава́
Старая Валатава́

Калісьці, у сваім гомельскім дзяцінстве, я займаўся лёгкай атлетыкай. Прычым больш за ўсё любіў доўгія дыстанцыі. Дзесяцікілямэтровыя кросы мы бегалі за горадам, на маляўнічых берагах і затоках Сожа. І самым прыгожым, самым таямнічым і рамантычным месцам была Старая Валатава. Вёска, што схавалася за высокай гарой, на беразе шырокага сажэўскага старыка. Асаблівай таямнічасьці краявіду дадавала руіна колішняй царквы, якая сваёю чырвонаю званіцай узвышалася над зялёным берагам.

Едучы нядаўна па Гомлі, па новай чатырохпалоснай трасе, я дзівіўся на новы мікрараён, які рос па левы бок шашы. Справа ж была нейкая вёска з новенькай белай царквой. Да мяне не адразу дайшло, што я еду па тых самых мясьцінах, дзе калісьці чакаў «другога дыханьня». Што і шаша, і мікрараён паўсталі на месцы колішніх сажэўскіх паплавоў. А новая царква — гэта адрэстаўраваны храм, якому больш за 200 гадоў. З хваляваньнем я збочыў у Старую Валатаву.

Першай сустрэтай мною валатоўкай аказалася сапраўдная карэнная старажылка вёскі, Галіна Макушчанка. Яна ўнучка колішняга валатаўскога багатыра, які памёр падчас калектывізацыі. Памёр не ў лягеры, а ад перажываньняў.

Галіна Макушчанка
Галіна Макушчанка

— Бабуля мне расказвала, што калісьці тут усяго пяць дамоў было. Мой дзед кулак быў. Вось тут, дзе лецішчы стаяць, зямля дзедава была. Добры быў гаспадар. Спаў ня больш за тры гадзіны ноччу. У яго былі і гусі, і куры, і сьвіньні, і каровы, і быкі, і коні. Усё ў яго было. Але адзеньня, мама казала, амаль не купляў. Тры дачкі адно паліто, адны боты па чарзе насілі. А ежы многа. А як сказалі, што будуць раскулачваць, дык ён блізка да сэрца прыняў. На печ залез, нічога ня еў. І памёр ад сухотаў.

Некаторыя дэталі жыцьця сямʼі гэтага «кулака» проста шакуюць.

— Мама казала, што дзяцей не шчадзіў. Працавалі цяжка разам з наймітамі. Ежу бабуля прывозіла ў поле. Мама казала: «З адной каструлі елі. Мужыкі маладыя: раз-раз — і зьелі. Дык я неяк вазьму ды й плюну ў гэтую каструлю. Тады ўжо хоць паем...» Вось такое расказвала.

Я шмат чуў самых розных гісторый часоў нямецкай акупацыі. Усе сюжэты і не пералічыць. Часам здаецца, што мяне ўжо нічым не зьдзівіць. Але Галіна зьдзівіла. Гісторыяй пра сваю цётку Марыю. Як органы НКВД далі ёй, цяжарнай маладзіцы, 10 гадоў лягераў і расстралялі яе мужа. У чэрвені 41-га года, у першыя дні вайны. За што?

— Цётка мая выйшла замуж за савецкага афіцэра ў 17 гадоў, перад самай вайной. Іхнюю частку разьбілі ў першы дзень вайны. І ён з другам дабраўся да Валатавы. Прыйшлі ноччу. Пераначавалі. На наступны дзень ягоны таварыш кажа — трэба ісьці ў якую частку. А цёця абняла мужа. «Хлопчыкі, родненькія, пераначуйце вы яшчэ ноч. А наступным вечарам і пойдзеце». Яны пагадзіліся. А ноччу гэты друг сышоў. Пайшоў адзін і даклаў, што частку разьбілі, мы жывыя засталіся. «А дзе другі?» «А жонка сказала, на мяса пасьпееце, пераначуйце». І што вы думаеце? У тую ж ноч «чорны воран» прыехаў. Яму адразу расстрэл. А ёй, цяжарнай, дзесяць гадоў лягераў. За тры словы «хлопцы пасьпееце на мяса» яна дзесяць гадоў адбыла. У Комі, у лягеры яна і дзіця нарадзіла. Пасьля вайны засталася ў Варкуце. І мяне, і дзьвюх сябровак маіх туды перацягнула. «Едзем, дзеўкі, хоць пажывяце як людзі». Там жа забесьпячэньне лепшае было. Я там дзесяць гадоў жыла, і замуж там выйшла.

Паехаць з такіх урадлівых земляў, як Старая Валатава, у Варкуту, каб адʼесьціся! Такія цуды маглі здарацца толькі ў сталінскім раі. А яшчэ Галіна пазнаёмілася ў тым лягерным краі з былымі байцамі Украінскай паўстанцкай арміі.

— Са мною ў атэлье працавалі «бандэры» гэтыя. Ужо ў гадах мужчыны. Сядзяць, шыюць. Як пачнуць паміж сабой. А я? Як я размаўляю? Не па-руску, не па-беларуску. Там пачну гаварыць. А яны — «вы, беларусы, прадажныя шкуры». Як ён там гаварыў? «Курыца ня птушка, беларус не чалавек». Я цяпер гляджу тэлевізар і думаю — бандэры вы, бандэры. Цяпер ваюеце. Іх трэба было тады забіваць. Засталіся старыя сволачы, і дзяцей накруцілі. Ваююць нашчадкі тых, хто там сядзелі.

Не сказаць ніводнага кепскага слова ў адрас савецкіх чэкістаў, што расстралялі цётчынага мужа і ледзь не забілі ў лягеры родную цётку. І пры гэтым адчуваць зьвярыную нянавісьць да «бандэраў». Усё ж, трэба прызнаць, новы чалавек быў створаны.

Назва Валатава паходзіць ад волатаў, якія тут калісьці жылі. Зрэшты, чаму калісьці? Жывуць і цяпер. Георгій Быкоўскі — сапраўдны волат. Ёсьць такая тэорыя, што ў мужчын адзін узрост. Колькі б яму ні было. Пану Быкоўскаму паводле пашпарту 85. А насамрэч гадоў 8. Па ўсьмешцы, па гаворцы, па жывасьці. У 1941 годзе ён скраў у немцаў карабін.

Георгій Быкоўскі
Георгій Быкоўскі

— Я пацан быў, 8 гадоў. А немцы мост рамантавалі. Дык яны ў нашай хаце на пастоі былі. Зброю ўсю пакідалі. Я ўгледзеў карабінчык. У мяшок яго, вяроўкай закруціў, у суседа пад хатай закапаў. Хацелася ж пастраляць! Ужо за рэчку хадзілі са старэйшым братам, стралялі. Немцы прыйшлі, спахапіліся. А адзін па-расейску добра гаварыў. Ён маці кажа: «Ведаеце, у мяне таксама чацьвёра дзяцей. Пагаварыце з сынамі. Хай пакладуць на месца». Колькі сьлёз было ў маці! Маглі ж расстраляць.

Усё ж свой ваенны подзьвіг Быкоўскі зьдзейсьніў. У 43-м, калі немцы іх выгналі з роднай вёскі.

— Нас загналі пад Бабруйск. Дык там партызаны былі. Немцы іх баяліся. У майго сябра Мішкі бацька быў у партызанах. Дык мы там сьцягнулі кулямёт разам з патронамі. Ды кіньце вы, які тут подзьвіг...

Мікалаеўскую царкву ў Старой Валатаве пабудаваў у 1802 годзе ангельскі архітэктар Джон Кларк. На месцы старога паганскага капішча. Мураваны храм паўстаў па загадзе расейскага двараніна Мікалая Румянцава, якому на той час належаў Гомель. Царква ў маленькай вёсцы паўстала раней за галоўны храм гораду, Петрапаўлаўскі сабор. Чаму? Румянцаў з дапамогай архітэктуры імкнуўся стварыць ідэальны краявід. І белая царква на высокім беразе ракі мусіла быць галоўнай разынкай гэтага ідэальнага пэйзажу. Рака тады працякала па старым рэчышчы. І можна толькі здагадвацца, якая цудоўная карціна адкрывалася з акна румянцаўскага палацу.

Бальшавікі царкву закрылі. Да вайны ў ёй быў клюб. Будынак моцна пацярпеў падчас вайны. Але рэлігійнае жыцьцё ў Старой Валатаве не спынялася ніколі. Каля самой царквы жыве 80-гадовая Ніна Сьвірская. Яна сюды па вайне выйшла замуж. Спадарыня Ніна была апошняя, хто захоўваў у сваёй хаце цудадзейны абраз Маці Божай Аўгустоўскай.

Ніна Сьвірская
Ніна Сьвірская

— Па вайне тут вельмі хварэлі людзі. Царква ўжо была зруйнаваная. І нехта сказаў, што з Кіева трэба прынесьці ікону. Што людзі і зрабілі. Несьлі яе на руках. І ўсё наладзілася. Ікону гэтую пераносілі з дому ў дом. Урэшце мне прапанавалі. Яна ў мяне прабыла восем гадоў. Я плакала, калі яе забіралі ад мяне. Цяпер многія прыходзяць да яе. Шукаюць дапамогі.

Я не прымушаю сваіх суразмоўцаў успамінаць самае страшнае ў сваім жыцьці. Жаданьне падзяліцца гэтым страшным і выгаварыцца ў людзей нараджаецца само. У 1943 годзе Ніну разам зь сямʼёй нямецкія акупанты пагналі на працу ў Нямеччыну. Але там сямʼя захварэла на тыф. Ніна страціла там дзьвюх сёстраў. Выжыла яна толькі таму, што ў тым лягеры выконвала ролю сястры міласэрнасьці.

— Мы адразу, як прыехалі, на тыф захварэлі. Год хварэлі. У нас двое дзяцей памерлі. Доўгі барак, як нашыя «маласямейкі». Як у акно зірнеш, кожны дзень труны стаяць. Большыя, меншыя. Мы выжылі, бо прывезьлі з Расеі моладзь. І трапілі тыя людзі пад бомбы. Нашы бамбілі Германію. І я іх даглядала. Яны паміралі, а мне заставалася шклянка малака. Гэта не перадаць. Абгарэлыя людзі, скура зьвісала. Я ўсё гэта помню, як цяпер. Часам ляжу і плачу. Не забываецца гэта. У трунах хавалі. На могілках. Не як сабак. І бацюшка іхны адпяваў. І ўсё дакумэнтавалі. Дачка пасьля знайшла іхныя магілы.

Дачка Ніны ўжо каторы год жыве ў Нямеччыне. Там жа і два яе ўнукі.

Каля царквы я заўважыў аўтамабіль «Запарожац» ЗАЗ 968. Такі самы, які калісьці быў у мяне. Аўта было ў выдатным стане. Відаць, што гаспадар сваю машыну любіць. Неўзабаве падышоў і шчасьлівы ўладальнік самага даступнага савецкага аўтамабіля. Былы кіроўца, а сёньня пэнсіянэр Віктар Грамыка, як сапраўдны фанат «Запарожца», можа пералічваць перавагі гэтай маркі гадзінамі. Гэты экзэмпляр у яго ўжо шосты.

Віктар Грамыка
Віктар Грамыка

— Я толькі на «Запарожцах» ежджу. Ніякай іншамаркі мне ня трэба. Ён самы просты ў рабоце. Я ўсё перабіраю сам.

Ніколі ня ведаеш, куды выруліць размова зь незнаёмцам. Са старога «Запарожца» наша гаворка ўзьляцела ў нябёсы. Справа ў тым, што летам 2011 году мой суразмоўца бачыў іншаплянэтны карабель. НЛА пралятала над Старой Валатавой на Ўсход.

— Выходжу на двор. Гляджу — ляціць. На вышыні мэтраў 800 — шар. Увечары. Ужо цёмна было. Белага колеру. Павольна так. І пайшоў. А пасьля раз — і зьнік. Гэта быў карабель іншаплянэтны. Ня тое, што шар надзьмуты. А менавіта сьвяціўся. Як лямпачка. Вялікі такі. Разы два я яго бачыў. Ня страшна. Страшна, гэта калі яны сядуць і ты ўбачыш іх. А так — ляціць, ну і ляці сабе. Ляціць, ляціць, а пасьля зьнікае. Гэта іхная такая мода — адключацца.

Упэўнены тон Віктара не даваў мне ніякіх шанцаў усумніцца ў праўдзівасьці ягонага расповеду. Але з касьмічных прышэльцаў размова вярнулася на родную зямлю.

— Ня трэба мне ніякі зь імі кантакт. Хіба толькі паскардзіцца на нашае жыцьцё. Дапамажыце на парадак навесьці. Сацыялізм нам зрабіце зноў. А то падаткамі абклаў.

Што можна ўзяць з пэнсіянэра? Дармаедзтва ж не прычэпіш. Аказваецца, можна. Віктар мае дом, а значыць, і невялікі кавалак зямлі. На якой нічога не вырошчвае. А яшчэ недалёка ад дома мае калёнку з вадой. І мясцовы водаканал хоча спагнаць зь Віктара 18 рублёў на месяц за ваду, якой гаспадар зусім не карыстаецца. Фантазія тых, хто напаўняе беларускі бюджэт, ня мае межаў.

— Летам я не паліваю. У мяне гароду няма. Усё роўна плаці за ваду. Прыедзьце, кажу, паглядзіце. «Раз у вас двор, усё роўна будзеце плаціць!»

Ад моманту сустрэчы з касьмічнымі прыхаднямі жыцьцё Віктара стала толькі ўскладняцца. Зрэшты, ня толькі Віктара.

— Я ліквідатар. Ён у мяне ўсе льготы зьняў. Нічога няма. Толькі 12 рублёў атрымліваю да пэнсіі. А раней камунальныя плаціў 50 працэнтаў, паліва 50 працэнтаў. Усё забраў. Наша насельніцтва стала болей жыць. Мужчыны — 64 гады. А жанчыны за 70. Гэта ягоная заслуга. Ён нам даў харчаваньне, лячэньне.

— Чым нам можа дапамагчы НЛА? Хай бы яны яго забралі.

— На экспэрымэнт. Хай бы яму чып які ўставілі, каб усё забываў. Альбо хай бы ў сябе начальнікам паставілі. Хай бы ім законы парабіў.

Тое, што іншаплянэцяне для знаёмства зь Зямлёй выбралі менавіта Старую Валатаву, мяне зусім не зьдзіўляе. Годнае месца для прэзэнтацыі нашай плянэты. Але чаму яны праляталі менавіта летам 2011-га? Можа, хацелі штосьці важнае нам паведаміць? Трэба часьцей глядзець у валатоўское неба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG