Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабцу ад траўня ня могуць выдаць судовую даведку


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былы палітвязень Сяргей Скрабец зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Беларусі. Пра гэта ён сёньня сказаў Свабодзе:

«Маё цярпеньне скончылася. Чатыры месяцы я не магу атрымаць простую даведку пра тое, што доўг дзяржаве я вярнуў яшчэ два гады таму. За чатыры месяцы маю справу чамусьці перадаюць ужо тром судовым выканаўцам. І кожны адказвае: пачакайце, я яшчэ не ўвайшоў у вашу справу. А чаго ў яе уваходзіць?!

Так, у свой час на мяне „павесілі“ доўг у памеры 9 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў. Я разьлічыўся за яго яшчэ ў 2015 годзе. Але даведкі пра гэта ня маю. А безь яе ў мяне не бяруць у судзе заяву».

Скрабец хоча аспрэчыць рашэньне Эканамічнага суду Менску ад 4 лютага 2016 году (справа № 90-5/07). Паводле яго, Скрабец завочна пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем тэрмінам на 5 гадоў за нявыплату доўгу дзяржаве. І хоць грошы на дзяржаўны рахунак пераведзеныя, аднак адсутнасьць афіцыйнай даведкі судовага выканаўцы не дае магчымасьці пачынаць працэс.

У звароце ў Вярхоўны суд Сяргей Скрабец просіць даць прававую ацэнку дзейнасьці судовых выканаўцаў. Ён называе ненармальнай сытуацыю, калі для атрыманьня адказу трэба чакаць невядома колькі.

Сам Скрабец лічыць, што яго перасьледуюць з палітычных матываў:

Паўсюль рассадзілі былых сілавікоў, якія не даюць нават чорнай працы апанэнтам рэжыму

«Я згаджаўся працаваць і на трактарным, і на аўтамабільным заводзе звычайным рабочым. Зьвяртаўся ў ЖЭС, каб узялі сантэхнікам. Там спачатку пагаджаюцца. Аднак затым я не магу прайсьці ўзгадненьня з намесьнікамі па ідэалёгіі. Там паўсюль рассадзілі былых сілавікоў, якія не даюць нават чорнай працы апанэнтам рэжыму», — кажа Сяргей Скрабец.

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым узяў удзел у галадоўцы пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і ўнясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргею Скрабцу па амністыі скарацілі тэрмін на год. Вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Дэпутацкая група «Рэспубліка» была створаная ў Палаце прадстаўнікоў 2 скліканьня, ёй кіравалі спачатку Валер Фралоў, пасьля Сяргей Скрабец. У розны час у складзе групы было ад 8 да 13 дэпутатаў. Група, у якую ўваходзілі пераважна дэпутаты-бізнэсоўцы, выступала за прыманьне новых эканамічных законаў, якія б адпавядалі канонам рынкавай эканомікі. Некаторыя з дэпутатаў, у прыватнасьці Парфяновіч, Скрабец і Фралоў, далучалі да гэтых патрабаваньняў палітычныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG