Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьныя сайты Менску пераводзяць на беларускую мову


Аб’явы і навіны на сайтах менскіх школаў сталі пісаць толькі па-беларуску. Прынамсі ў некаторых школах Фрунзенскага раёну спасылаюцца на распараджэньне кіраўніцтва.

Як апавяла «Свабодзе» адна з настаўніц, на мінулым тыдні дырэктарка школы загадала пісаць усе навіны і паведамленьні на сайце толькі па-беларуску. Таксама цяпер трэба дубляваць на дзьвюх мовах усю інфармацыю на стэндах у школе.

«Я так разумею, што гэта было ў вуснай форме сказана на нейкай нарадзе, бо пісьмовага распараджэньня я ня бачыла. Таксама ня ведаю, ці гэта толькі ў нашым Фрунзенскім раёне, ці паўсюль».

Наведаўшы сайты сярэдніх школаў і гімназіяў раёну, «Свабода» знайшла прынамсі шэсьць школаў, дзе ўжо больш як тыдзень навіны школы публікуюцца пераважна на беларускай мове. Іншыя разьдзелы, як і навіны Мінадукацыі і Камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму, як і раней, публікуюцца па-расейску. У беларускамоўнай гімназіі № 4 на беларускай мове ўвесь сайт.

«Так, сапраўды, вось ужо больш як тыдзень навіны школы мы даем па-беларуску, — пацьвердзілі Свабодзе ў адной з школаў. — А чаму? Мы ж жывем у Беларусі, у нас дзьвюхмоўе. Памятаеце, як у 1990-я гады быў пад’ём беларусізацыі? Потым гэта адышло на другі плян. А цяпер мы ізноў вяртаемся да вытокаў».

Ва ўпраўленьні адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёну, аднак, не пацьвердзілі інфармацыі пра беларусізацыю сайтаў школаў.

«Такога загаду не было і ня можа быць, — расказала Свабодзе праз тэлефон начальнік упраўленьня Ірына Чарняўская. — Дырэктар мае права разьмяшчаць інфармацыю на беларускай і рускай мовах. На сайтах, на стэндах — паўсюль. Школа ажыцьцяўляе гэта ў рамках вядзеньня сваёй дакумэнтацыі. А ў нас дзьве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG