Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынцу прысудзілі 15 сутак за акцыю 8 верасьня, але пакуль не ўзялі пад варту


Павал Севярынец у судзе

Пастанову вынес судзьдзя Іван Касьцян з Цэнтральнага раённага суду Менска. Павал Севярынец ня быў тут жа арыштаваны. Ён мяркуе, так «гуляюць на нэрвах».

Севярынец дамогся вядзеньня працэсу па-беларуску і заклікаў судзьдзю вынесьці па ягонай справе апраўдальную пастанову, бо, Паводле Севярынца, «гэта зьдзек з Канстытуцыі — судзіць за заклікі бараніць незалежнасьць». Таксама Севярынец паведаміў суду, што ўдзельнікі мітынгу 8 верасьня патрабавалі вызваленьня палітвязьняў, што «ёсьць справай гонару сумленных грамадзян».

У выніку судзьдзя Касьцян адправіў Паўла Севярынца ў СІЗА на Акрэсьціна на максымальны тэрмін з тых, што пакуль «выдавалі» за 8 верасьня — 15 сутак.

«Бачыце, вось як заканчваецца лібэралізацыя. Не выключаў, што абмяжуюцца штрафам, але, відаць, нейкія ўстаноўкі ў іх зьмяніліся і вырашана зноў за вулічныя пратэсты караць арганізатараў па-максымуму», — сказаў пасьля суду Севярныец.

Актывістаў Андрэя Шарэнду і Натальлю Папкову зь Берасьця завочна прысудзілі да адміністрацыйных арыштаў — да 15 і 7 сутак адпаведна. Маргарыту Федароўскую зь Менска аштрафавалі на 20 базавых велічынь, а Ўладзімера Няпомняшчых з Гомлю — на 50 базавых.

Таксама 2 кастрычніка ў Цэнтральным раённым судзе на 50 базавых велічынь аштрафавалі актывіста Алеся Абрамовіча з Барысава.

3 кастрычніка працэсы над удзельнікамі мітынгу на Кастрычніцкай плошчы працягнецца ў Маскоўскім судзе Менска, 4 кастрычніка — у судзе Савецкага раёну.

Суды над удзельнікамі акцыі 8 верасьня пачаліся ўжо праз некалькі дзён пасьля акцыі. Першым быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту Ўладзімер Някляеў, потым на 5 сутакМікалай Статкевіч. На мінулым тыдні актывісты Вячаслаў Сіўчык і Антось Жылка атрымалі грашовыя штрафы. Усяго, паводле дакумэнтаў з Цэнтральнага РАУС, за мітынг 8 верасьня могуць пакараць больш за 20 актывістаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG