Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьявіўся каталёг кампаніяў, якія шануюць беларускую мову


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праграмісты пры падтрымцы сяброў руху «Дзея» запусьцілі інтэрнэт-праект Say.by — каталёг «месцаў, дзе шануюць беларускую мову». Каталёгам можна карыстацца як праз сайт, так і праз Android-праграму.

Паводле стваральнікаў, мэта праекту — толькі прасоўваньне беларускай мовы, але не вырашэньне палітычных ці грашовых пытаньняў. На момант публікацыі ў каталёгу 63 кампаніі, у тым ліку 27 заправак «А-100». Кампаніям прапануюць самастойна дадавацца ў каталёг, атрымліваць бясплатныя налепкі «Падтрымліваем мову».

Каталёг дазваляе шукаць «месцы, дзе шануюць мову», побач з сабой на мапе. Карыстальнікі скардзяцца, што ў каталёгу няма такіх месцаў, напрыклад, у Бабруйску ці Мазыры, але ўкладальнікі адказваюць: нешта павінна быць, будзем працаваць, пішыце нам, калі ведаеце месцы, дзе адказваюць па-беларуску.

Тым, хто хоча падтрымаць мову ў сваёй кампаніі, але ня ведае, з чаго пачаць, рэкамэндуюць для пачатку вывучыць стандартныя фразы для касавага абслугоўваньня: «добры дзень» і «добры вечар», «дзякуй», «калі ласка», «з вас 4 рублі 20 капеек», «картка або гатоўка?», «ваша рэшта — 2 капейкі», «да пабачэньня, заходзьце яшчэ». А тым, хто турбуецца, што ня ведае, як падтрымаць больш складаную размову, раяць «адказваць, як атрымліваецца», хай і ўперамешку з расейскай мовай, бо «намаганьні будуць адзначаныя любым сапраўдным беларусам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG