Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка можа быць агентам ФСБ, — украінскі палітоляг


Надзея Саўчанка, архіўнае фота
Надзея Саўчанка, архіўнае фота

У Менску 7 сьнежня прайшлі таемныя перамовы паміж украінскай дэпутаткай ад фракцыі «Бацькаўшчына» Надзеяй Саўчанкай і лідэрамі «ЛНР» і «ДНР» Ігарам Платніцкім і Аляксандрам Захарчанкам, паведамляюць украінскія СМІ.

Як піша ЛІГА.net, дэпутатка некалькі гадзін размаўляла з завадатарамі баевікоў, а саму сустрэчу ў Менску арганізавала Фэдэральная служба бясьпекі Расеі пры дапамозе амбасады Расеі ў Беларусі.

Раней Саўчанка рабіла візыты на акупаваныя тэрыторыі, дзе, паводле яе, сустракалася з тымі, хто трымаў яе ў палоне. Прычым спачатку факт паездкі і сустрэчаў адмаўляўся, але пазьней дэпутатка пацьвердзіла візыт на акупаваныя тэрыторыі.

«70% людзей і нават тыя, якія трымалі мяне ў палоне, шкадуюць пра тое, што яны паднялі зброю», — распавядала яна.

Акрамя таго, дэпутатка раней езьдзіла ў Расею, нягледзячы на тое, што ў свой час за вызваленьне Саўчанкі з Расеі ўладам Украіны давялося аддаць Маскве двух кадравых афіцэраў ГРУ.

«Вельмі абвастрылася сытуацыя са сваякамі ўкраінскіх закладнікаў. Хтосьці іх накручвае, што Ўкраіна нібыта нічога ня робіць», — кажуць суразмоўцы, якія займаюцца абменам палонных.

ЛІГА.net сьцьвярджае, што ва ўладных колах Украіны лічаць, што не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае Саўчанка, якая часта бачыцца са сваякамі палонных і пераконвае іх, што ўлады нічога ня робяць, што трэба неяк падштурхоўваць знутры адміністрацыю прэзыдэнта і прадстаўнікоў Украіны ў Менску да таго, каб сесьці за стол перамоваў не з прадстаўнікамі Масквы, а непасрэдна зь яе марыянэткамі ў асобах Захарчанкі і Платніцкага, — прызнаць іх уладу і грамадзянскую вайну (а не расейска-ўкраінскую) як форму бягучага канфлікту.

Паводле ЛІГА.net, сустрэча Саўчанкі з кіраўнікамі так званых «ДНР», «ЛНР» у прысутнасьці прадстаўнікоў ФСБ была прысьвечаная менавіта гэтаму. Сцэнар — уцягнуць сваякоў закладнікаў у працэс з мэтай ціску на Ўкраіну, каб прымусіць афіцыйныя ўлады весьці наўроставыя перамовы, якія ўзначаліць сама Саўчанка.

Што могуць значыць такія паводзіны Надзеі Саўчанкі, якая пасьля свайго вызваленьня з турмы была вельмі жорстка настроеная супраць Расеі, Свабодзе тлумачыць украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка:

Як ацэньваюць ва Ўкраіне палітычную гульню Саўчанкі, у якой яна наўпрост кантактуе з кіраўнікамі сэпаратыстаў?

— Для Ўкраіны гэта мінус, таму што ўсякія неафіцыйныя, але непасрэдныя кантакты зь лідэрамі сэпаратыстаў ствараюць праблемы для ўкраінскай дыпляматыі і палітычнай лініі ўкраінскага кіраўніцтва, якая палягае ў тым, што мы не прызнаём сэпаратысцкіх «рэспублік»; больш за тое, мы лічым іх тэрарыстычнымі. Спробы Саўчанкі выйсьці на непасрэдныя перамовы адпавядаюць расейскай лініі, бо Расея даўно заклікае, нават змушае Ўкраіну і заходніх пасярэднікаў прызнаць, што патрэбныя наўпроставыя перамовы паміж Украінай і дзьвюма сэпаратысцкімі «рэспублікамі». Саўчанка самым фактам сустрэчы з Платніцкім і Захарчанкам падгульвае расейскай лініі.

Ці гэтыя наўпроставыя размовы з Платніцкім і Захарчанкам могуць паўплываць на афіцыйны перамоўны працэс?

— Яны наўрад ці паўплываюць на перамоўны працэс. Хоць, вядома, нейкія праблемы і створацца. Але на перамоўную лінію Ўкраіны гэта не паўплывае. Разам з тым узьнікаюць вельмі вялікія праблемы для самой Саўчанкі. Раней ужо былі падазрэньні, што яна вядзе гульню з ФСБ, калі казала, што патрэбныя непасрэдныя кантакты з сэпаратыстамі, што яна сама гатовая сустрэцца з Захарчанкам і Платніцкім. Таксама Саўчанка езьдзіла ў Маскву – нібыта на суд, але ва Ўкраіне гэта выклікала падазрэньні, асабліва з улікам таго, як яе проста ўпусьцілі і выпусьцілі. Для чаго насамрэч яна туды езьдзіла? Загучалі папрокі, што Надзея Саўчанка можа быць агенткай ФСБ, пасьля сустрэчы ў Менску іх становіцца яшчэ больш.

Пасьля вызваленьня Надзея Саўчанка стала сымбалем змаганьня Ўкраіны. Якая цяпер у яе рэпутацыя?

— Уся гэтая гісторыя зь перамовамі вельмі моцна б’е па рэпутацыі Надзеі. Яшчэ летам, пасьля вызваленьня, яна лічылася адным з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, ейны рэйтынг складаў 10 %, а ўзровень даверу перавышаў 30 %. Цяпер усе гэтыя паказьнікі рэзка ўпалі. Паводле апошніх зьвестак, за яе гатовыя галасаваць толькі 2 % украінскіх выбарнікаў.

Чаму яна сустракаецца з сэпаратыстамі?

— Хоць доказаў няма, ёсьць вэрсія, што яе завэрбавалі падчас знаходжаньня ў палоне Расеі. Ня буду яе камэнтаваць, але гэта магчыма. Таксама я лічу, што трэба абавязкова ўлічваць псыхалёгію Саўчанкі. Паводле ацэнак людзей, якія яе ведаюць, хто служыў зь ёй у Іраку, у Луганскай вобласьці, яна вельмі неўраўнаважаны чалавек зь неадэкватна вялікімі амбіцыямі, яна лічыць сябе ўкраінскай Жаннай д’Арк, ратаўніцай Украіны. Таксама ў яе ёсьць някепскія аратарскія здольнасьці, эмоцыі, харызма. Але эмацыйная псыхалягічная неўраўнаважанасьць і нават неадэкватнасьць праяўляліся і падчас ейнай службы. Менавіта за гэта яе адлічылі з вайсковага падразьдзяленьня ў Іраку. А чаму яна трапіла ў палон? Зноў жа празь неадэкватныя паводзіны. Нават кажуць, што пасьля ўжываньня алькаголю яна вырашыла пайсьці на бок сэпаратыстаў і «пагутарыць з хлопцамі». Гэта скончылася палонам і гібельлю шэрагу яе аднапалчанаў, якія спрабавалі яе выратаваць. У «Айдары», дарэчы, дзе яна служыла, ставяцца да Саўчанкі вельмі нэгатыўна. Мне здаецца, што Надзея Саўчанка ўспрымае гэтую вайну і канфлікт як «пацанскую» бойку, маўляў, пабіліся і могуць памірыцца. Яна ня бачыць тут геапалітычнага канфлікту, дзе ёсьць вельмі моцныя інтарэсы Расеі. Саўчанцы бракуе ведаў і разуменьня сытуацыі, таму яна лічыць, што можна памірыцца наўпрост, як гэта адбываецца ў дварах, — такі падыход блізкі ёй псыхалягічна.

— Ёсьць сьведчаньні, што Саўчанка знаходзіцца пад моцным уплывам Віктара Медзьведчука. Ці так гэта?

— Так. Мяркуючы з цэлага шэрагу сьведчаньняў, самой Надзеяй і ўсёй яе сям’ёй вельмі моцна апякуецца Віктар Медзьвядчук. Сям’я Надзеі перакананая, што менавіта ён адыграў вырашальную ролю ў вызваленьні Саўчанкі. Магчыма, менавіта ён падкідвае ёй ідэі, якія яна пасьля рэтрансьлюе. І ідэі гэтыя вельмі блізкія да пазыцыяў Віктара Медзьведчука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG